Удзел НГА Беларусі ў VII міжнароднай навуковай канферэнцыі «Архівы i генеалогія»

19–20 верасня 2024 г. загадчык аддзела навукова-даследчай і публікацыйнай дзейнасці Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі Сяргей Рындзін прыняў удзел у VII Міжнароднай навуковай канферэнцыі «Архiвы i генеалогiя», арганізаванай Нацыянальным архівам Рэспублікі Карэлiя. Мерапрыемства прайшло ў г. Петразаводску, у канферэнц-зале Нацыянальнай бібліятэкі Рэспублікі Карэлiя.

У праблемнае поле канферэнцыі ўвайшлі такія пытанні, як склад i інфармацыйны патэнцыял генеалагiчных крыніц архіваў i музеяў шэрагу краін СНД, выкарыстанне сучасных тэхналогій ў ходзе генеалагiчных даследаванняў, вывучэнне гісторыі асобных сем’яў і дынастый.

С. Рындзін выступіў з дакладам «Фатаграфічныя матэрыялы як крыніца па генеалогіі насельніцтва Беларусі канца XIX – пачатку ХХ ст.», у якім ахарактарызаваў фатаграфічныя крыніцы ў фондах НГА Беларусі. Даклад выклікаў вялікую цікавасць у аўдыторыі.

У фінальнай частцы свайго выступлення С. Рындзін уручыў дырэктару Нацыянальнага архіва Рэспублікі Карэлія Аляксандру Марозаву два выданні НГА Беларусі, прысвечаныя фотадакументам па гісторыі Мінскай мужчынскай і Мінскай жаночай гімназій, а таксама сумеснае выданне Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь і БелТА «Архівы. Нічога акрамя праўды» пра зверствы нацысцкіх акупантаў на беларускай зямлі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Выказваем шчырую ўдзячнасць Нацыянальнаму архіву Рэспублікі Карэлія за запрашэнне і цёплы прыём.

Изображение
Загадчык аддзела НГА Беларусі Сяргей Рындзін на VII Міжнароднай навуковай канферэнцыі «Архівы і генеалогія»
Изображение
Выступленне загадчыка аддзела Сяргея Рындзіна з дакладам «Фатаграфічныя матэрыялы як крыніца па генеалогіі насельніцтва Беларусі канца XIX – пачатку ХХ ст.»
Изображение
Прэзентацыя да даклада
Изображение
Уручэнне кніг, падрыхтаваных дзяржаўнымі архівамі Рэспублікі Беларусь, дырэктару Нацыянальнага архіва Рэспублікі Карэлія А.М. Марозаву