Такі знаёмы з дзяцінства смак… Наведванне калектывам НГА Беларусі фабрыкі «Камунарка»
25 верасня, напярэдадні прафесійнага свята – Дня архівіста, прафсаюзны камітэт НГА Беларусі падрыхтаваў работнікам архіва займальнае і чароўнае падарожжа на кандытарскую фабрыку «Камунарка», дзе кожны эскурсант змог азнаёміцца з працэсам вырабу такіх знаёмых і любімых з дзяцінствам кандытарскіх вырабаў.
Кандытарская фабрыка «Камунарка» - адна з найбуйнейшых у Беларусі. Яе гісторыя пачалася 15 лютага 1905 года. Да рэвалюцыі яна называлася «Жорж» і належала фабрыканту Г.В. Рачкоўскаму. Сваю цяперашнюю назву, якая стала знакамітай далёка за межамі Беларусі, прадпрыемства атрымала ў 1935 годзе. У цяперашні час штогод на фабрыцы выпускаецца да 20 тыс. тон прадукцыі 187 найменняў: цукеркі, шакалад, карамель, дражэ.
Экскурсія пачалася ў дэгустацыйнай зале, дзе архівісты мелі магчымасць пачаставацца найсмачнымі навінкамі. Дырэктар архіва Міхаіл Глушакоў уручыў кіраўніцтву фабрыкі памятны сувенір - рэпрынт цікавага і малавядомага архіўнага дакумента – «Правілы ўнутранага распарадку фабрыкі кандытарскіх вырабаў «ЖОРЖ» Г.В. Рачкоўскага ў губернскім горадзе Мінск» ад 24 ліпеня 1914 г.
Падчас дэгустацыі гасцям падрабязна распавялі аб гісторыі фабрыкі, а таксама правялі ў вытворчыя цэхі, дзе кожны атрымаў унікальную магчымасць сваімі вачымаі назіраць увесь працэс з'яўлення на свет нашых любімых пачастункаў. Мы ўбачылі, як шакаладнай масе з дапамогай складанага абсталявання надаюць форму, абгортваюць прадукцыю ў фальгу і паперу, рыхтуюць яе да адпраўкі на склады і ў крамы.
Пасля заканчэння экскурсіі кожнаму госцю быў уручаны падарунак у прыгожай фірмовай упакоўцы. Ну а што ўнутры ўпакоўкі, хай застаецца загадкай…