Выстава дакументаў у НГА Беларусі, прысвечаная 110-годдзю пачатку ваенных дзеянняў Першай сусветнай вайны на тэрыторыі Беларусі
29 верасня 2025 г. у Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі адкрылася выстава, прысвечаная 110-годдзю пачатку ваенных дзеянняў Першай сусветнай вайны на тэрыторыі Беларусі.
У жніўні-верасні 1915 г. германскія і аўстра-венгерскія войскі акупавалі Віленскую, Гродзенскую і часткова Віцебскую і Мінскую губерні. Пад замежнай акупацыяй апынулася прыблізна 25 працэнтаў сучаснай тэрыторыі Беларусі. На працягу некалькіх гадоў войскі Расійскай імперыі, у шэрагах якіх было шмат беларусаў, упарта стрымлівалі арміі замежных акупантаў, мелі поспехі ў шэрагу баявых аперацый.
У перыяд Першай сусветнай вайны на тэрыторыі Беларусі знаходзіліся Стаўка Вярхоўнага галоўнакамандуючага, штабы карпусоў і дывізій, дзейнічалі шматлікія воінскія злучэнні і часткі розных родаў войскаў. У гады вайны на ваенную службу было прызвана прыкладна 900 тыс. чалавек з беларускіх губерняў.
На выставе дэманструюцца дакументы за 1914-1918 гг., сярод якіх лісты з фронту навучэнцаў Рагачоўскай настаўніцкай семінарыі, спісы воінскіх часцей на тэрыторыі Беларусі, справаздачы аб бежанцах, замежных ваеннапалонных, кітайскіх і сярэднеазіяцкіх рабочых, карты баявых дзеянняў і шэраг іншых.
Намеснік дырэктара Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі Сяргей Рындзін на агульным сходзе калектыву распавёў аб архіўных дакументах, прадстаўленых на выставе. Асабліва было адзначана, што выдавецтвам «Беларусь» выдадзена навукова-папулярная кніга «Першая сусветная вайна на беларускіх землях» з серыі «Гісторыя для школьнікаў», падрыхтаваная Нацыянальным гістарычным архівам Беларусі пры падтрымцы Дэпартамента па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь. Кніга прысвечана жыццю насельніцтва Беларусі ў перыяд Першай сусветнай вайны.
Прэзентацыя выставы суправаджалася паказам кінахронікі часоў Першай сусветнай вайны. У заключнай частцы мерапрыемства ўвазе аўдыторыі быў прадстаўлены ролік «AI-History: I Сусветная вайна», падрыхтаваны Беларускім дзяржаўным архівам кінафотафонадакументаў. У роліку дэманструюцца фатаграфіі ваенных гадоў, «ажыўленыя» з дапамогай штучнага інтэлекту.
Выступленне намесніка дырэктара НГА Беларусі Наталіі Булойчык
Намеснік дырэктара НГА Беларусі Сяргей Рындзін распавядае пра дакументы выставы
Работнікі НГА Беларусі
Агляд выставы
Выстава дакументаў
Паказ кінахронікі часоў Першай сусветнай вайны
Паказ роліка «AI-History: I Сусветная вайна»