Жыццё і дзейнасць Е.Р. Раманава (1855-1922)

Еўдакім Раманавіч Раманаў нарадзіўся ў 1855 г. у сям’і мяшчан з м. Нова-Беліца Гомельскага павета. У 1867 г. паступіў у прагімназію ў Гомелі, аднак застаўся сіратой і вымушана быў займацца рэпетытарствам, каб закончыць навучанне. У 1870 г. нягледзячы на паспяховую здачу ўступных іспытаў у Магілёўскую мужчынскую гімназію, залічаны не быў. Скончыў курсы настаўнікаў рускай мовы і гісторыі (1872 г.), здаў экзамен на званне народнага настаўніка і 14 гадоў аддаў навучанню дзяцей.

Изображение

Працаваў інспектарам народных вучылішч Віцебскай, Гродзенскай і Магілёўскай (1886–1906) губерняў. Аднак павышэння па службовай лесвіцы атрымаць не змог з-за адсутнасці вышэйшай адукацыі. У 1897–1903 гг. з’яўляўся рэдактарам неафіцыйнай часткі газеты «Магілёўскія губернскія ведамасці».

Яшчэ працуючы настаўнікам Еўдакім Раманавіч удзяляў шмат увагі краязнаўству – займаўся зборам разнапланавага фальклорнага і этнаграфічнага матэрыялаў, прыступіў да складання беларускага слоўніка і беларускай граматыкі. У 1877 г. адправіў свае напрацоўкі ў Акадэмію навук у Пецярбургу.

У 1886 г. у Кіеве выйшаў у свет першы том галоўнага твора яго жыцця – «Беларускага зборніка», у які былі ўключаны песні, загадкі, прымаўкі, казкі, загаворы і г. д. Дапамогу ў збіранні матэрыялу Е. Р. Раманаву аказвалі яго браты, калегі. Аўтар планаваў выдаць 15 тамоў зборніка, аднак да 1912 г. за ўласны кошт надрукаваў толькі 9. У 1928 г. Інстытут беларускай культуры выдаў 10-ты том працы. Падчас Вялікай Айчыннай вайны загінулі рукапісы з 11 па 14 тамы. Лёс 15-га тома невядомы да сённяшняга дня. За паўвекавы перыяд Е. Раманаў сабраў і апублікаваў звыш 8 000 і падрыхтаваў да друку 2 126 фальклорных твораў, з іх казак і паданняў – 831, песень – 3 742, прыпевак – 778, прыказак і прымавак – 2 256, загадак – 1 305. У 1900–1903 гг. Е. Р. Раманаў выдаў тры зборнікі  «Магілёўскай даўніны» – першага перыядычнага навуковага выдання Магілёўшчыны. 

Изображение

Изображение

Изображение
 

Пад літаратурным псеўданімам Е. Радзіміч даследчык на аснове народных легенд выдаў творы «Кара в сто лет. Белорусская легенда» і «Милостивый Осип, или Милости хочу, а не жертвы. Быль». Адным з першых напісаў рэцэнзіі на вершаваны зборнік Ф. Багушэвіча «Дудка беларуская» (1891). Выступіў у ролі выдаўца і прапагандыста паэмы «Тарас на Парнасе». Супрацоўнічаў з Я. Карскім і М. Доўнар-Запольскім.

Изображение

Изображение

Еўдакім Раманавіч з’яўляўся членам некалькіх навуковых таварыстваў: з 1886 г. Рускага геаграфічнага таварыства, з 1888 – Маскоўскага таварыства аматараў прыродазнаўства, антрапалогіі і этнаграфіі, Часовай камісіі па стварэнні Віленскай бібліятэкі і музея (з 1906 г.), у 1910 г. – абраны загадчыкам секцыі этнаграфіі і археалогіі Паўночна-Заходняга аддзялення Рускага геаграфічнага таварыства.

У канцы 1870-х гг. вучоны пачынае займацца археалогіяй і праводзіць археалагічныя разведкі і раскопкі, якія закранулі Магілёўскую, Віцебскую і часткова Гродзенскую губерні. У 1886 г. ён адкрывае новы «Барысаў камень» ХІІ ст. каля в. Высокі Гарадзец у наваколлі Талачына. Е. Р. Раманаў з’яўляецца заснавальнікам новага метаду раскопак курганоў – па слаях з фіксацыяй вынікаў у палявой дакументацыі. У Магілёўскай губерні ім былі сабраны абагульняючыя звесткі аб 127 помніках каменнага веку, 4628 курганоў, 224 гарадзішчы і 7 замчышчаў. Поспехі даследчыка ў галіне археалогіі былі заўважаны і ў 1890 г. ён быў абраны членам Маскоўскага археалагічнага таварыства, удзельнічаў рабоце ІХ археалагічнага з’езда ў Вільні (1891), дзе прадставіў больш 500 экспанатаў з уласнай калекцыі. Самым значным археалагічным дасягненнем вучонага стала даследаванне Люцынскага магільніка ў Віцебскай губерні (1890–1891). На аснове назапашанага матэрыялу склаў карты археалагічных помнікаў Магілёўскай, Віцебскай і Гродзенскай губерняў.

Працуючы інспектарам народных вучылішч, Е. Р. Раманаў ведаў аб жаданні настаўнікаў, найперш гісторыі і прыродазнаўства, выкарыстоўваць экскурсіі як новы, прагрэсіўны метад выкладання. У сваю чаргу, як вядомы вучоны-археолаг, ён разумеў, што правядзенне археалагічных экскурсій з навучэнцамі без папярэдняй падрыхтоўкі і падрабязных метадычных указанняў можа прынесці больш шкоды, чым карысці. У 1909 г. ён распрацаваў «Кароткія ўказанні да здзяйснення археалагічных экскурсій сярэднімі навучальнымі ўстановамі Віленскай навучальнай акругі». Нягледзячы на назву «Кароткія ўказанні…», у дакуменце даволі падрабязна апісаны ўсе этапы археалагічнай экскурсіі – ад падрыхтоўкі да падвядзення вынікаў. Е. Р. Раманаў надаваў увагу як тэхнічнаму баку арганізацыі экскурсіі, так і тэарэтыка-метадычнаму.


Изображение

Изображение

Дзякуючы намаганням Е. Р. Раманава былі адкрыты царкоўна-археалагічныя музеі ў Віцебску (1893), Магілёве (1897), Вільні (1910), якім была перададзена значная частка археалагічных прадметаў з яго уласнай калекцыі. Прымаў удзел у стварэнні Этнаграфічнага аддзела пры Рускім музеі імператара Аляксандра ў Санкт-Пецярбурзе. Па ініцыятыве вучонага ў 1902 г. было створана Таварыства па вывучэнні Беларускага краю.

Плённая навуковая дзейнасць нашага суайчынніка была адзначана Малой залатой медалю Рускага геаграфічнага таварыства (1890), Вялікай сярэбранай медалю Маскоўскага таварыства аматараў прыродазнаўства, антрапалогіі і этнаграфіі (1891), прэміяй П. М. Бацюшкава Імператарскай акадэміі навук, Вялікай залатой медалю аддзялення этнаграфіі Рускага геаграфічнага таварыства і інш.

Изображение

На жаль, Е. Р. Раманаў не змог рэалізаваць усе намечаныя навуковыя планы. Пачатак Першай сусветнай вайны, эвакуацыя, звальненне са службы, цяжкае матэрыяльнае становішча і голад канчаткова падарвалі сілы і без таго хворага і сталага навукоўца. Ён памер у 1922 г. у Стаўрапалі.

Чалавек з вельмі шырокім колам навуковых інтарэсаў: педагогіка, публіцыстыка, мовазнаўства, этнаграфія, археалогія, адзін з найбольш выбітных беларускіх даследчыкаў пакінуў велізарную навуковую спадчыну, якая не страціла актуальнасці і сёння.

 

Літаратура:

  1. Асветнікі зямлі Беларускай, X – пачатак XX ст. : энцыклапедычны даведнік. – 2-е выд. – Мінск, 2006. – С. 348–349.
  2. Алексеев, Л. В. Археология и краеведение Беларуси XVI – 30-е годы ХХ в. / Л. В. Алексеев. – Минск : Беларуская навука, 1996. – 206 с.
  3. Зянько, А.Л. Метадычныя рэкамендацыі Е.Р. Раманава для правядзення вучнёўскіх археалагічных экскурсій у пачатку ХХ ст. / Зянько А.Л. // Романовские чтения – 17 : сб. материалов Междунар. науч. конф., Могилев, 28 нояб. 2024 г. / МГУ имени А.А. Кулешова ; под общ. ред. : А.С. Мельникова, Е. И. Головач – Могилев, 2025. – С. 96–97.
  4. Марзалюк, І.А. Еўдакім Раманавіч Раманаў – наш няўрымслівы Радзіміч, наш волат беларускага духу – URL:https://belarus-news.by/project/marzalyuk-eudakim-ramanavich-ramanau-nas... (дата звароту: 17.03.2026)
  5. Седзін, А.А. Еўдакім Раманавіч Раманаў – даследчык старажытнай Магілёўшчыны (да 160-годдзя нараджэння) – URL: https://mogilewmuseum.by/daklady?ysclid=mmc2ipwdqu410291426 (дата звароту: 16.03.2026).
Аўтары-складальнікі: 
Загадчык сектара навукова-даследчай, публіцыстычнай і выставачнай дзейнасці А.Л. Зянько
Год выставы: 
2026