Аб выданні даведніка «Национальный исторический архив Беларуси: путеводитель по фондам»

ИзображениеНацыянальным гістарычным архівам Беларусі выпушчана даведачнае выданне «Национальный исторический архив Беларуси: путеводитель по фондам».

З часу выхаду папярэдняга даведніка ў 2006 г. мінула больш за 15 гадоў. Ён змяшчаў кароткія звесткі і дазваляў скласці толькі павярхоўнае ўяўленне пра зборы архіва. У той жа час, у складзе фондаў адбываліся змяненні, выпраўляліся дапушаныя памылкі і ўдакладняліся ўліковыя звесткі, што патрабавала падрыхтоўкі новага даведніка. Работа над яго складаннем вялася больш за дзесяць гадоў. У выніку кніга змяшчае найбольш поўныя і актуальныя звесткі, а таму зможа зацікавіць самае шырокае кола карыстальнікаў. Асаблівасцю гэтага даведніка з’яўляецца тое, што, апрача традыцыйных звестак пра склад фондаў, у яго ўключана таксама інфармацыя пра арганізацыі-фондаўтваральнікі і нават пра некаторыя галіны развіцця грамадства ў пэўныя гістарычныя перыяды, што дазваляе карыстальніку лепей арыентавацца ў пададзеным матэрыяле і ацэньваць асноўную тэматычную скіраванасць матэрыялаў таго ці іншага фонду.

Выхад кнігі з’яўляецца вынікам працы цэлага шэрагу супрацоўнікаў НГА Беларусі, якія выступілі яе складальнікамі, – Галіны Акуловіч, Альбіны Аляксандравай, Глеба Бераставога, Ірыны Бобер, Германа Брэгера, Людмілы Івановай, Віталя Макарэвіча, Марыны Скіданавай і Вольгі Шылай.

Набыць кнігу магчыма ў навукова-даведачнай бібліятэцы архіва (тэл. (8 017) 379 76 90, Казлоў Уладзімір Леанідавіч) альбо ў кнігарні «Акадэмкніга» па адрасе: г. Мінск, пр-т Незалежнасці, 72.