Аб зацвярджэнні дэвізу Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі
Дэвіз (ад фр. devise) – гэта слова ці кароткі выраз, што вызначае кіруючую ідэю паводзінаў ці дзейнасці чалавека або ўстановы. У маі 2022 г. дырэктар архіва А.Л.Воінаў агучыў ідэю абраць і зацвердзіць дэвіз для НГА Беларусі. У выніку, за некалькі наступных месяцаў ад работнікаў установы паступіла каля 30 прапаноў з праектамі слогана, якія прайшлі стадыю папярэдняга абмеркавання.
29 жніўня 2022 г. на агульным сходзе працоўнага калектыву НГА Беларусі ў выніку галасавання (з 45 прысутных 44 – за і 1 устрымаўся) дэвізам архіва быў зацверджаны выраз «Памет чоловеческая есть коротка, если бы писмом подпирана не была», прапанаваны былым намеснікам дырэктара НГА Беларусі Д.В.Лісейчыкавым.
Гэты выраз падкрэслівае значэнне пісьмовага дакумента ў справе захавання гістарычнай памяці і мае самае непасрэднае дачыненне да НГА Беларусі. Ён паходзіць з дакумента, які зберагаецца ў архіве – тастамента зямяніна Слонімскага павета Паўла Ірыковіча, складзенага 9 мая 1566 г., упісанага ў актавыя кнігі Слонімскага земскага суда 27 мая 1566 г. (ф. 1785, воп. 1, спр. 1, арк. 165 адв.–169) і раней ужо апублікаванага ў археаграфічным выданні, падрыхтаваным архівам (Тастаменты шляхты і мяшчан Беларусі другой паловы XVI ст. Мінск, 2012. С. 344–347).
Зацверджаны дэвіз з’яўляецца ўзорам старабеларускай мовы XVI ст. і адлюстроўвае спецыфіку крыніц – актавых кніг эпохі Вялікага Княства Літоўскага, якія ў цяперашні час у нашай краіне захоўваюцца амаль выключна ў НГА Беларусі.