Аб перадачы рэдкіх выданняў у Віцебскую абласную бібліятэку імя У.І. Леніна

У 2022 г. у працэсе ўпарадкавання фонду навукова-даведачнай бібліятэкі Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі работнікамі ўстановы былі разабраны і апісаны няўлічаныя па бібліятэчных каталогах матэрыялы (галоўным чынам, кнігі і газеты XIX – першай паловы XX ст.), якія захоўваліся ў звязках і каробках з часу пераезду архіва у будынак па адрасе вул. Крапоткіна, 55.

Па выніках апісання і разбору няўлічаных дакументаў экспертна-метадычнай камісіяй НГА Беларусі было прынята рашэнне ўключыць профільныя матэрыялы, якія адпавядаюць храналагічным і геаграфічным рамкам асноўнага комплексу дакументаў архіва, у склад бібліятэкі НГА Беларусі, а частку няпрофільных матэрыялаў – перадаць вядучым рэспубліканскім бібліятэкам.

У пачатку лютага 2023 г. Віцебскай абласной бібліятэкай імя У.І. Леніна было прынята ў свае фонды 35 адзінак друкаваных матэрыялаў, у тым ліку, газеты, кнігі, часопісы і брашуры XIX – першай паловы XX ст. Пры афармленні іх прыёмкі супрацоўнікі бібліятэкі адзначылі высокі ўзровень папярэдняй апрацоўкі, праведзенай работнікамі архіва. У Віцебскай абласной бібліятэцы імя У.І. Леніна гэтыя матэрыялы пройдуць неабходную апрацоўку, пасля чаго стануць даступнымі шырокаму колу чытачоў.

У бліжэйшы час у рамках супрацоўніцтва паміж Нацыянальнальным гістарычным архівам Беларусі і Віцебскай абласной бібліятэкай імя У.І. Леніна таксама плануецца правесці аблічбоўку часткі віцебскіх газет канца XIX – пачатку XX ст., што захоўваюцца ў навукова-даведачнай бібліятэцы архіва, на скануючым абсталяванні абласной бібліятэкі.

Изображение

Изображение

Изображение