Аб правядзенні супрацоўнікамі Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі адукацыйных мерапрыемстваў для навучэнцаў Мінскага дзяржаўнага каледжа лічбавых тэхналогій
У рамках падпісанага пагаднення аб супрацоўніцтве паміж НГА Беларусі і ўстановай адукацыі «Мінскі дзяржаўны каледж лічбавых тэхналогій» прадстаўнікі архіва 22 верасня 2023 года правялі шэраг адукацыйных мерапрыемстваў для навучэнцаў каледжа.
Вядучы навуковы супрацоўнік аддзела навукова-даследчай і публікацыйнай дзейнасці Аксана Зянько ў фармаце агляднай экскурсіі распавяла дзецям пра гістарычную забудову цэнтральнай часткі Мінска – раёна Верхняга горада і Нямігі. Яна прадэманстравала вучням каледжа копіі архіўных дакументаў (планаў, чарцяжоў, малюнкаў), якія адлюстроўваюць знешні выгляд будынкаў гістарычнага Мінска ў канцы XVIII – пачатку XX стагоддзя. Варта падкрэсліць, што ў экскурсіі прымалі ўдзел дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, якія атрымліваюць інклюзіўную адукацыю ў Мінскім дзяржаўным каледжы лічбавых тэхналогій.
Намеснік загадчыка аддзела навукова-даследчай і публікацыйнай дзейнасці Яўген Глінскі правёў для навучэнцаў каледжа ўрок на тэму «Мінск у канцы XVIII – пачатку XX стагоддзя». Пры дапамозе прэзентацыі і раздатачнага матэрыялу на занятку вучням былі паказаны карты і планы Мінска канца XVIII – першай паловы XIX стагоддзя (у тым ліку знакаміты план 1800 г. аўтарства Фёдара Крамера), чарцяжы і іншыя выявы знакавых мінскіх новабудоўляў другой паловы ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя: гасцініцы «Еўропа», будынка Вольнага пажарнага таварыства, дамоў Абрампальскага і Ліўшыца. Падчас урока Я. Глінскі таксама распавёў пра ўстановы кіравання, культурнае жыццё ў горадзе, звярнуў увагу на шматканфесійны склад насельніцтва Мінска ў дадзены перыяд.
У падрыхтоўцы матэрыялаў да экскурсіі і ўрока актыўны ўдзел прымаў выдатны даследчык гісторыі Мінска, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела выкарыстання дакументаў і інфармацыі Уладзімір Дзянісаў.
НГА Беларусі выказвае падзяку навучэнцам і педагагічнаму калектыву Мінскага дзяржаўнага каледжа лічбавых тэхналогій (і асабіста дырэктару Георгію Уладзіміравічу Козелу) за гасцінны прыём і праяўленую вялікую цікавасць да дакументаў Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі. Падобныя мерапрыемствы, прысвечаныя мінуўшчыне нашай Радзімы, спрыяюць умацаванню патрыятызму сярод юных жыхароў Рэспублікі Беларусь і ўсведамленню імі важнасці захавання гістарычнай памяці.