Аб удзеле ў выставе «Беларускія губерні ў складзе Расійскай імперыі»

27 чэрвеня 2022 г. у Выставачнай зале федэральных архіваў у Санкт-Пецярбургу (г. Санкт-Пецярбург, Занеўскі пр., д. 36) адбылося адкрыццё гісторыка-дакументальнай выставы «Беларускія губерні ў складзе Расійскай імперыі». Арганізатарамі выставы выступілі Федэральнае архіўнае агенцтва (Расійская Федэрацыя), Дэпартамент па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь, Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў і Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі.

У экспазіцыі былі прадстаўлены матэрыялы, якія адлюстроўваюць развіццё адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу беларускіх губерняў, функцыянаванне інстытутаў губернатарства і генерал-губернатарства, дзейнасць дзяржаўных чыноўнікаў, дакументы пра Вайну 1812 г. і Першую сусветную вайну, народную адукацыю, перыядычны друк, літаратуру, тэатр, каталіцкую, уніяцкую і праваслаўную цэрквы, знаходжанне расійскіх манархаў на тэрыторыі Беларусі.

НГА Беларусі на выставе было прадстаўлена 25 дакументаў, 11 з якіх уводзяцца ў навуковы ўжытак упершыню. Гэта матэрыялы пра ўвядзенне на тэрыторыі Беларусі пасля падзелаў Рэчы Паспалітай юліянскага календара, прызначэнне губернатараў, планы маёнткаў, былых замкаў у гарадах Сураж і Невель, чарцяжы элементаў умацаванняў Бабруйскай крэпасці, праекты ўзвядзення прамысловых прадпрыемстваў.

У сваім слове на адкрыцці выставы в. а. намесніка дырэктара НГА Беларусі М.Д.Макараў сцісла ахарактарызаваў фонды архіва, якія адносяцца да перыяду знаходжання беларускіх зямель у складзе Расійскай імперыі, пералічыў асноўныя накірункі навуковых даследванняў па гэтым перыядзе, што вядуцца ў архіве, і запэўніў расійскіх калег у гатоўнасці НГА Беларусі да супрацоўніцтва па пытаннях усебаковага сумеснага вывучэння гісторыі беларускіх губерняў канца XVIII – пачатку XX ст.