Аб ушанаванні памяці першага дырэктара ЦДГА БССР у Мінску Івана Васілевіча Рошчына
23 лютага 2023 г. у рамках святкавання Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь у Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі прайшлі мерапрыемствы, прысвечаныя ўшанаванню памяці першага дырэктара Цэнтральнага дзяржаўнага гістарычнага архіва БССР у Мінску (1964–1968 гг.), удзельніка Вялікай Айчыннай вайны Івана Васілевіча Рошчына.
У рамках гэтых мерапрыемстваў адбылася сустрэча працоўных калектываў НГА Беларусі і Беларускага навукова-даследчага інстытута дакументазнаўства і архіўнай справы з дачкой І.В. Рошчына заслужаным дзеячом культуры Рэспублікі Беларусь Таццянай Іванаўнай Рошчынай, якая распавяла прысутным пра жыццёвы шлях і чалавечыя якасці свайго бацькі, яго ўдзел у Вялікай Айчыннай вайне, працу на пасадах дырэктароў ЦДГА БССР і Мемарыяльнага комплекса «Хатынь». Выступ Т.І. Рошчынай выклікаў вялікую цікавасць архівістаў, якія задалі ёй шмат пытанняў пра яе бацьку.
Згодна з рашэннем агульнага сходу працоўнага калектыва НГА Беларусі ў Кнігу пашаны ўстановы быў занесены запіс пра І.В. Рошчына, пад якім яго дачка Т.І. Рошчына ўласнаручна паставіла дату.
У ходзе сустрэчы ў канферэнц-зале НГА Беларусі была адкрыта выстава «Іван Васілевіч Рошчын (1908–1972) – першы дырэктар Цэнтральнага дзяржаўнага гістарычнага архіва БССР у Мінску (1964–1968): жыццёвы шлях», на якой былі прадстаўлены фатаздымкі, што адлюстроўваюць удзел І.В. Рошчына ў баях на Паўночна-Заходнім фронце і сустрэчы ў красавіку 1945 г. савецкіх і амерыканскіх войскаў на Эльбе, яго пасляваенную службу ў Савецкай Арміі, працу ў ЦДГА БССР і Мемарыяльным комплексе «Хатынь».