КАНСТАНЦІН ВЕРАНІЦЫН (ДА 120-ГОДДЗЯ З ДНЯ СМЕРЦІ)

Канстанцін Васільевіч Вераніцын (першапачатковае прозвішча Васільеў) – адзін з актыўных удзельнікаў літаратурнага жыцця ў Беларусі ў сярэдзіне XIX стагоддзя, найбольш верагодны аўтар паэмы «Тарас на Парнасе». Нарадзіўся 1(13) чэрвеня 1834 года ў маёнтку Астраўляны (сяльцо Астраўляны) Віцебскага павета Віцебскай губерні (цяпер Гарадоцкі раён Віцебскай вобласці). Паходзіў з дваравых людзей памешчыка Васіля Бондырава. Звестак пра яго сям’ю не захавалася. У 1845 годзе ён атрымаў вольную, а ў 1851 годзе прыпісаўся да мяшчан горада Гарадок Віцебскай губерні і выбраў прозвішча «Вераніцын» замест першапачатковага «Васільеў». Вучыўся ў Гарадоцкім прыходскім вучылішчы, якое скончыў у 1844 годзе, а ў наступным годзе паступіў у Віцебскую губернскую мужчынскую гімназію, дзе скончыў 6 класаў. У 1852 годзе ён паступіў у Санкт-Пецярбургскую медыка-хірургічную акадэмію, з якой быў адлічаны ў 1854 годзе. У 1857 годзе як пансіянер Вольнага эканамічнага таварыства паступіў у Горы-Горацкі земляробчы інстытут адразу на 3 курс, у 1859 годзе ў ліку лепшых студэнтаў паспяхова скончыў інстытут і атрымаў званне агранома. Абараніў дысертацію на тэму «Аб беларускай гаспадарцы». Першапачаткова Вераніцын кіраваў прыватным маёнткам (дзе не ўстаноўлена), а ў 1861 годзе паводле рэкамендацыі аднаго з ініцыятараў сялянскай рэформы і намесніка міністра ўнутраных спраў Мікалая Мілюціна спрабаваў уладкавацца ў адну з дзяржаўных устаноў Магілёўскай губерні, але гэты намер не здейсніўся. У 1863–1874 гады жыў у Санкт-Пецярбургу, дзе працаваў у губернскай па сялянскіх справах прысутнасці і Галоўным таварыстве расійскіх чыгунак. У 1874–1879 гады працаваў выкладчыкам прыродазнаўства, геаграфіі і гісторыі ў Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі Вілейскага павета Віленскай губерні, адкуль быў вымушаны звольніцца з прычыны пагаршэння стану здароўя. У 2-й палове 1870-х гадоў падчас працы ў семінарыі ён ажаніўся з удавой губернскага сакратара Лізаветай Аляксееўнай Поль і пражыў з ёй рэшту жыцця. Дзяцей у іх не было. З 1880 года зноў распачаў службу ў Санкт-Петярбургу ў апараце Міністэрства шляхоў зносін. Жыў у знакамітым доме на Паварскім завулку № 12, вядомым сваімі літаратурнымі традыцыямі: тут у розныя часы жылі Някрасаў, Тургенеў, Чарнышэўскі. Захоўваў сувязі з Віцебшчынай, куды, мяркуючы па матэрыялах асабістай справы, неаднаразова ездзіў падчас адпачынку. У 1900 годзе ён выйшаў у адстаўку ў чыне стацкага радцы. Памёр 13(26) жніўня 1903 года, пахаваны на Мітрафаніеўскіх могілках у Санкт-Пецярбургу. Магіла Канстанціна Вераніцына не захавалася. Меў роднага брата, даволі вядомага архітэктара XIX стагоддзя Івана Васільевіча Вераніцына, і сястру.

Як пераканаўча даказалі у сваіх працах гісторыкі Генадзь Кісялёў і Віталь Скалабан, Канстанцін Вераніцын з’яўляецца найбольш верагодным аўтарам паэмы «Тарас на Парнасе». У рукапісных сшытках Аляксандра Рыпінскага з фальклорнымі і літаратурнымі творамі, якія бытавалі ў XIX стагоддзі на Віцебшчыне, Вераніцыну прыпісваюцца паэмы «Тарас на Парнасе» (тэкст з пазнакай: 1855, 15 красавіка, Гарадок) і «Два д’яўлы», (з пазнакай: 7.4.1860, Масква). Моўныя асаблівасці і рэаліі несумненна сведчаць пра сувязь апошняга твора з Віцебскам, а таксама пра тое, што аўтарства абедзвюх паэм належаць адной і тай жа асобе. На карысць аўтарства Вераніцына сведчыць таксама яго біяграфія. У 2001 годзе на радзіме Вераніцына ў Астраўлянах і Гарадку пастаўлены мемарыяльныя знакі ў гонар паэмы «Тарас на Парнасе» і яе аўтара.

У фондах Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі захаваўся шэраг цікавых дакументаў і матэрыялаў, звязаных з жыццём і дзейнасцю Канстанціна Вераніцына. У першую чаргу, гэта дакументы пра яго вучобу ў Віцебскай губернскай мужчынскай гімназіі за 1845–1852 гады і ў Горы-Горацкім земляробчым інстытуце за 1854–1859 гады, а таксама пра спробу ўладкавацца на службу ў адну з дзяржаўных устаноў Магілёўскай губерні ў 1861 годзе. Захаваліся звесткі, звязаныя з гісторыяй маёнткаў Астраўляны і Стайкі Віцебскага павета, якія належалі ў першай палове XIX стагоддзя памешчыкам Бондыравым, а таксама радаводныя дакументы дваран Бондыравых. Васіль Бондыраў і яго сваякі дапамаглі Канстанцну Вераніцыну і яго брату Івану атрымаць сярэднюю і вышэйшую адукацыю.

 

Крыніцы: Кісялёў Г.В. Вераніцын Канстанцін Васільевіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 6. Кн. 2. Мінск, 2003. С. 354–355; Кісялёў Г.В. Вераніцын Канстанцін. Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. Т. 2. Мінск, 1993. С. 8; Кісялёў Г.В. Пошукі імя. Мінск, 1978; Кісялёў Г.В. Жылі-былі класікі: Хто напісаў паэмы «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе». Мінск, 2005; Кісялёў Г.В. Віцебск Канстанціна Вераніцына // Віцебскі сшытак. 1997. № 3; Скалабан В.У. Новыя матэрыялы з гісторыі беларускай літаратуры XIX стагоддзя // Шляхам гадоў. Мінск, 1990. [Вып. 1]; Скалабан В.У. Яшчэ адзін твор аўтара «Тараса на Парнасе» // Літаратура і мастацтва. 1986. 6 чэрвеня; Брыль А.А. Некралог Канстанціна Вераніцына ў газеце «Новое время» // Роднае слова. 2019. № 12. С. 23; Брыль А.А. Сямейныя сувязі Канстанціна Вераніцына: першыя абрысы // Роднае слова. 2022. № 4. С. 21–23.

Аўтары-складальнікі: 
У.М. Дзянісаў
Год выставы: 
2023