Прафсаюзны тур выхаднога дня: работнікі НГА Беларусі наведалі санаторый «Нарачанскі бераг»
Работнікі Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі правялі мінулыя выхадныя, з 27 па 29 сакавіка, у адным з маляўнічых куткоў краіны – санаторыі «Нарачанскі бераг»
Аздараўленчая паездка была арганізавана Мінскай гарадской арганізацыяй Беларускага прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў у рамках праграмы «Тур выхаднога дня».
Санаторый «Нарачанскі бераг» размясціўся на ўзбярэжжы найбуйнейшага і маляўнічага вадаёма Беларусі – возера Нарач, у самым цэнтры Нарачанскага парку. Унікальны хвойны лес, вельмі чыстае лячэбнае паветра, празрыстая вада з’яўляюцца спрыяльнымі фактарамі для стварэння асаблівага мікраклімату гэтых месцаў.
Праграма адпачынку была накіравана на аднаўленне сіл і ўмацаванне здароўя работнікаў. Удзельнікі тура наведалі ключавыя аздараўленчыя працэдуры санаторыя. Сеансы спелеатэрапіі ў спецыяльна абсталяваным саляным пакоі спрыялі ўмацаванню імунітэту і ачышчэнню дыхальнай сістэмы. А сеансы рэлаксацыі з выкарыстаннем натуральных эфірных масел (ароматэрапіі) дапамаглі зняць эмацыянальнае напружанне і палепшыць агульнае самаадчуванне.
Апроч медыцынскіх працэдур для ўдзельнікаў была арганізавана насычаная экскурсійная праграма. Галоўнай падзеяй стала наведванне этнакультурнага комплексу «Наносы-Наваселле».
Падчас экскурсіі работнікі архіва азнаёміліся з аўтэнтычным побытам беларускай шляхты і сялянства XIX стагоддзя. Наведалі вадзяны і ветраны млыны. Таксама пашчасціла пазнаёміцца з дзіўнай калекцыяй самавараў, якая па-сапраўднаму ўражвае сваёй разнастайнасцю і гісторыяй. Асаблівую цікавасць выклікала мясцовая стайня – сапраўдны коннаспартыўны клуб, дзе ўтрымліваюцца рэдкія пароды коней, такія як галандскія фрызы, латвійскі і гановерскі коні. Удзельнікі змаглі не толькі ўбачыць грацыёзных жывёл, але і даведацца аб традыцыях конных шоу, якія з'яўляюцца візітнай карткай комплексу.
Падобныя ініцыятывы прафсаюза сталі добрай традыцыяй, якая дазваляе работнікам архіўнай галіны не толькі змяніць абстаноўку і аздаравіцца, але і атрымаць магутны зарад бадзёрасці, масу станоўчых эмоцый і новых уражанняў у асяроддзі калег.
Выказваем падзяку Мінскай гарадской арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў за прадстаўленую магчымасць узяць удзел у туры выхаднога дня!
Калектыў НГА Беларусі
У санаторыі «Нарачанскі бераг»
Падчас спелеатэрапіі
У этнакультурным комплексе «Наносы-Наваселле»








