Беларускія жанчыны - яркія лёсы. Выстава, прысвечаная Году беларускай жанчыны
Гісторыя нашай краіны ведае вельмі шмат прыкладаў, калі жанчыны прымалі актыўны ўдзел у грамадскім жыцці.
Ураджэнка полацкай зямлі Еўфрасіння стала вялікай асветніцай свайго часу. Яна пабудавала цэрквы і заснавала манастыры, пры якіх працавалі вучыльні, бібліятэкі, скрыпторыі, багадзельня, верагодна, іканапісныя і ювелірныя майстэрні.
Еўфрасіння Полацкая
У фондах Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі захаваліся дакументы, звязаныя з гісторыяй Спаса-Еўфрасіннеўскага жаночага манастыра ў горадзе Полацку. Сярод іх планы зямельных уладанняў манастыра, матэрыялы аб стане манастыра, звесткі аб ігуменнях, манахінях і паслушніцах манастыра, апісанне крыжа Еўфрасінні Полацкай за 40-я гады XIX стагоддзя (гл. віртуальную выставу «Светач зямлі Полацкай: да 900-годдзя заснавання Полацкага Спаса-Еўфрасіннеўскага жаночага манастыра).
У архіве захоўваецца значная колькасць дакументаў, звязаных з тэмай урачыстага перанясення мошчаў прападобнай Еўфрасінні Полацкай з Ківа-Пячорскай Успенскай лаўры ў горад Полацк у 1910 годзе. Царкоўныя ўрачыстасці сталі адным з самых яскравых падзей у перадрэвалюцыйным жыцці. Гістарычны хрэсны ход сабраў тысячы святароў, манахаў, паломнікаў, вернікаў, прадстаўнікоў адміністрацыі. У населеных пунктах на шляху руху святыні ўводзілася абмежаванне цэн на тавары і паслугі, на падарожжа ўладкоўваліся часовыя чайныя, былі выдзелены сродкі на добраўпарадкаванне горада Полацка для сустрэчы святыні, пяць майскіх дзён у 1910 годзе аб'яўляліся непрацоўнымі, прымаліся маштабныя меры па забеспячэнні бяспекі з прыцягненнем вайсковых часцей (гл. віртуальную выставу «Моцная духам і верай: да 115-годзя перанясення ў Полацк мошчаў святой Еўфрасінні Полацкай).
Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 года абвясціў прыярытэт абароны інтарэсаў кожнага вольнага чалавека. З гэтага часу годнасць жанчын падлягала судовай абароне. Першыя законы ВКЛ прадугледжвалі роўнасць мужчын і жанчын у аспекце правоў на маёмасць і спадчыну, усталёўвалі пакаранне за гвалт над жанчынай.
Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі багаты шматлікімі дакументальнымі зборамі.
Сярод іх вельмі цікавы архіўны дакумент – альбом фамільных партрэтаў князёў Радзівілаў.
Тытульны ліст выдання княжацкай друкарні ў Нясвіжы. Партрэты членаў роду Радзівілаў за 1346-1758 гг.
Гэта выданне XVIII стагоддзя, прысвечанае знакамітаму і вельмі ўплывоваму арыстакратычнаму роду. Яго імя і дзейнасць шматлікія стагоддзі вызначалі гісторыка-культурнае развіццё вядучых краін Еўропы. Сярод іх нямала і прадстаўніц гэтага роду. Хрэстаматыйную вядомасць атрымаў партрэт Барбары Радзівіл, каралевы польскай і вялікай княгіні літоўскай, жонкі вялікага князя літоўскага і караля польскага Жыгімонта II Аўгуста. Яна адрознівалася адукаванасцю і шырынёй інтарэсаў, але больш за ўсё вядома як прывід Нясвіжскага замка, празваны Чорнай дамай.
У выданні мы знаходзім таксама партрэт Сафіі Юр'еўны Алелькавіч Радзівіл. Яна аказвала заступніцтва праваслаўнай царкве і была аб'яўлена Рускай праваслаўнай царквой святой. Сучасніцай святой Сафіі была Эльжбета Яфімія Вішнявецкая, якая пакінула свой след у гісторыі каталіцкай царквы на беларускіх землях. Яна заснавала першы жаночы каталіцкі манастыр у Нясвіжы, займалася шырокай дабрачыннасцю.
Больш чым праз паўстагоддзя нарадзілася Ганна Кацярына Сангушка, гаспадарчы і дзяржаўны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага. Яна адкрыла шэраг мунуфактур, якія выраблялі па новай на той час еўрапейскай тэхналогіі вырабы са шкла, фаянса і фарфору. Вырабленыя рэчы паспяхова прадаваліся.
Наш архіў захоўвае вельмі шмат фотапартрэтаў выкладчыц і вучаніц шэрагу гарадскіх навучальных устаноў. Большасць з іх былі сталымі жыхаркамі гарадоў, паходзілі з розных саслоўяў – мяшчанкі, дваранкі, сялянкі, дачкі чыноўнікаў і святароў. Фотакарткі прыкладваліся да дакументаў у якасці пасведчання асобы. Многія з іх былі выкананы на вельмі высокім мастацкім узроўні.
У архіве маецца шэраг дакументаў аб атрыманні жанчынамі пачатковай і сярэдняй адукацыі ў вучылішчах і гімназіях. Напрыклад, табель аб паспяховасці Стэфаніды Станюта, якая ў будучыні стане народнай артысткай СССР. У Расійскай імперыі існавала таксама і вышэйшая жаночая адукацыя, але яе можна было атрымаць толькі за межамі Беларусі, на вышэйшых жаночых курсах, адкрытых у Санкт-Пецярбургу, Маскве, Кіеве, Казані і Томску. Нярэдка жаночыя навучальныя ўстановы ўзначальваліся самімі жанчынамі. На выставе прадстаўлены фармулярныя спісы загадчыкаў мінскімі жаночымі пачатковымі вучылішчамі Анастасіі Бойкавай і Соф'і Беляковай.
У 1914 годзе пачалася Першая сусветная вайна, якая стала для беларускага насельніцтва сапраўднай трагедыяй. Жанчыны-патрыёткі сталі аказваць дапамогу суайчыннікам. Многія з іх запісваліся ў сёстры міласэрнасці, сярод іх былі прадстаўніцы вышэйшых слаёў грамадства. У якасці прыкладу можна прывесці прашэнне баранэсы Алены Антонаўны Фітынгоф-Шээль аб прызначэнні яе ў адзін з лазарэтаў горада Мінска. Да гэтага баранэса два гады прапрацавала ў розных шпіталях. Цяжкая праца сясцёр адзначалася дзяржаўнымі ўзнагародамі. Сярод матэрыялаў выставы маецца прадстаўленне да ўзнагароджання сярэбраным медалём за стараннасць сясцёр міласэрнасці мінскай абшчыны таварыства Чырвонага Крыжа Марыі Рымашэўскай і Марыі Галіны Прушак (верасень 1916 г.).
Але многія стагоддзі жанчыны не маглі разлічваць на тую ж самую рэалізацыю, як мужчыны, на такі ж кар'ерны рост.
Першая на тэрыторыі сучаснай Беларусі жаночая арганізацыя - Таварыства абароны жанчын - узнікла ў Мінску ў 1901 годзе па ініцыятыве графа Караля Чапскага. Яна аб'ядноўвала ў асноўным жонак чыноўнікаў і прадпрымальнікаў.
Граф Караль Ян Аляксандр Гутэн-Чапскі, гарадскі галава Мінска з 1890 па 1901 гады, заснавальнік Таварыства абароны жанчын
У 1913 годзе многія жанчыны ў многіх краінах свету ўпершыню выйшлі на мітынгі ў абарону сваіх правоў. Гэта адбывалася ў першай палове сакавіка, а ў наступным годзе арганізатары гэтых мітынгаў дамовіліся лічыць 8 сакавіка Міжнародным жаночым днём.
У цяперашні час Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь замацоўвае за жанчынамі роўныя з мужчынамі магчымасці ў атрыманні адукацыі і прафесійнай падрыхтоўкі. У працы і прасоўванні па службе, грамадска-палітычнай, культурнай і іншых сферах дзейнасці, а таксама стварэнні ўмоў для аховы працы і здароўя.
І адным з яскравых прыкладаў з'яўляецца дзейнасць нашых архіваў. Нашы паважаныя жанчыны ўзначальваюць аддзелы і сектары, выконваюць велізарны аб'ём работы па выкананні тых задач, якія ставяцца перад установамі. Кожны год іх заслугі адзначаюцца граматамі, дыпломамі і іншымі заахвочваннямі.
Крыніцы:
Арлоў У.А. Еўфрасіння Полацкая. (бел.). – Мінск: Мастацкая літаратура, 1992.
Арлоў У.А. Таямніцы полацкай гісторыі. – Минск: Папуры, 2008.
Митроцкий, М. Торжественное перенесение святых мощей преподобной Евфросинии, княжны Полоцкой, из Киева в Полоцк (19 апреля – 22 мая 1910 года). – Киев : тип. Киево-Печерской Успенской лавры, 1913.
Конституция Республики Беларусь 1994 года (с изменениями и дополнениями, принятыми на республиканских референдумах 24 ноября 1996 г., 17 октября 2004 г. и 27 февраля 2022 г.) – Минск: Академия МВД, 2025.
НИАБ. – Ф. 295. – Оп. 1. – Д. 8571. Дело о награждении чиновников разных ведомств Минской губернии. 1914–1917.
НИАБ. – Ф. 458. – Оп. 1. – Д. 832. Личные документы учителей Минской губернии.
НИАБ. – Ф. 468. – Оп. 1. – Д. 888. Личные документы учениц Минской женской гимназии.
НИАБ. – Ф. 694. – Оп. 1. – Д. 26. Портреты членов княжеского рода Радзивиллов за 1346–1758 гг. и историко-генеалогические справки к ним, составленные на основе оригинальных документов. Издание княжеской типографии в Несвиже. 1758.
НИАБ. – Ф. 700. – Оп. 1. – Д. 400. Заявления и переписка граждан о предоставлении им должностей в учреждениях Всероссийского земского союза. 1917–1918.
Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 / Пер. на суч. бел. мову А.С. Шагун. – Мінск: Беларусь, 2010.









