Аб сустрэчы з групай валанцёраў
19 красавіка 2021 г. у Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі адбылася сустрэча кіраўніцтва архіва з групай валанцёраў па індэксацыі вопісаў фондаў.
Пасля размяшчэння НГА Беларусі ў ліпені 2020 г. у вольным доступе на афіцыйным сайце электронных версій вопісаў да сваіх фондаў, з’явілася прапанова ад карыстальнікаў архіўнай інфармацыі правесці індэксацыю (тэкставы набор) іх зместа. Ініцыятыва была падтрымана кіраўніцтвам архіва і індэксацыя распачалася пад куратарствам архівістаў. Сустрэча стала падвядзеннем вынікаў першага этапа індэксацыі.
У сваім выступленні дырэктар НГА Беларусі Д.У. Яцэвіч выказаў падзяку валанцёрам за праведзеную работу, адзначыў добры ўзровень падрыхтоўкі і высокія тэмпы апрацоўкі дадзеных.
Кіраўнік групы валанцёраў А.В. Кароўчанка агучыла шэраг пытанняў, якія ўзнікалі пры індэксацыі вопісаў, прапанавала накірункі далейшага магчымага супрацоўніцтва з архівам па ўдасканаленні навукова-даведачнага апарата.
Намеснік дырэктара НГА Беларусі Д.В. Лісейчыкаў правёў для валанцёраў экскурсію па архівасховішчах, дзе госці змаглі ўбачыць арыгіналы самых цікавых дакументаў. Найбольш актыўным удзельнікам групы былі ўручаны памятныя падарункі – выданні архіва апошніх гадоў.
У бліжэйшы час на сайце архіва будзе запушчана аўтаматычная пошукавая сістэма па індэксаваных вопісах архіва.
Справа налева: дырэктар НГА Беларусі Д.У.Яцэвіч, кіраўнік групы валанцёраў А.В.Кароўчанка, намеснік дырэктара НГА Беларусі Д.В.Лісейчыкаў
Уручэнні памятных падарункаў валанцёрцы І.В. Мышкавец