Віншаванне дырэктара Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі А.Л.Воінава з 84-мі ўгодкамі ўтварэння архіва
Паважаныя калегі! Дарагія ветэраны! Сардэчна віншую вас са святам – 84-мі ўгодкамі ўтварэння Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі!
Сёння, 5 ліпеня 2022 г. нашаму архіву спаўняецца 84 гады. Для архіўнай установы гэта дастаткова шмат. Нагадаю, што ў 2022 г. Дзяржаўная архіўная служба Беларусі адзначае сваё 100-годдзе, і амаль увесь гэты тэрмін Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі выконвае сваю місію па зберажэнні і вывучэнні самай старажытнай і каштоўнай часткі дакументальнай спадчыны нашай краіны.
Наш архіў узнік не на пустым месцы. Разам з захаванымі дакументамі мінулых эпох ён увабраў у сябе лепшыя традыцыі дзяржаўных і прыватных архіваў Беларусі XVI–XVIII стст. (у тым ліку знакамітага Нясвіжскага архіва князёў Радзівілаў), Віленскага і Віцебскага архіваў старажытных актавых кніг, што дзейнічалі ў другой палове XIX – пачатку XX ст., архіваў Савецкай Беларусі даваеннага перыяду. Мы стаім на плячах папярэднікаў – архіварыўсаў згаданых устаноў, без тытанічнай працы якіх не былі б магчымымі нашы сённяшнія дасягненні.
Цяжкія выпрабаванні выпалі на долю архіва ў гады Вялікай Айчыннай вайны. У яе ліхалецці была беззваротна страчана значная частка даваенных фондаў. Наш гонар – работнікі архіва, якія змагаліся супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў на фронце, сваімі крывёй і потам набліжалі адзіную для ўсіх Перамогу.
У наш час Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі з’яўляецца буйнейшым сховішчам дакументаў канца XIV – першай трэці XX ст. па гісторыі нашай краіны, вядучым цэнтрам іх навуковай і археаграфічнай апрацоўкі. Выключную каштоўнасць збораў архіва падкрэслівае наступны факт. На сёняшні дзень у Беларусі афіцыйна прызнаны ўнікальнымі 12 дакументаў, і ўсе яны зберагаюцца ў нашых фондах. Выданні Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі добра вядомыя як у нашай краіне, так і за яе межамі. І толькі за першую палову 2022 г. архіў выдаў тры навуковыя кнігі, у тым ліку аб’ёмны шляхаводнік па фондах.
У нашым калектыве працуюць высокакваліфікаваныя спецыялісты, якія сваёй штодзённай карпатлівай працай умацоўваюць высокі аўтарытэт і добрую славу ўстановы. На самаадданым служэнні архівістаў аднойчы абранай справе грунтуюцца ўсе дасягненні нашага архіва.
Шаноўныя сябры! Я ганаруся тым, што ўзначальваю ваш калектыў. Прашу прыняць словы ўдзячнасці за ваш высокі прафесіяналізм і шчырую адданасць цяжкай архіўнай працы. Жадаю вам, сённяшнім архівістам і ветэранам архіўнай галіны, моцнага здароўя, дабрабыту, новых паспяховых праектаў і дасягненняў!
З павагай,
Дырэктар Нацыянальнага
гістарычнага архіва Беларусі А.Л.Воінаў