Турыстычная паездка работнікаў Дэпартамента па архівах і справаводству і кіраўнікоў рэспубліканскіх архіўных устаноў па месцах баявой славы Чырвонай Арміі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і наведванне Музея народнай архітэктуры і побыту
28 чэрвеня 2025 г. адбылася турыстычная паездка па месцах баявой славы Чырвонай Арміі ў гады Вялікай Айчыннай вайны з наведваннем Музей народнай архітэктуры і побыту ў аграгарадку Азярцо ў Мінскім раёне. У паездцы прынялі ўдзел работнікі Дэпартамента па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі і кіраўнікі рэспубліканскіх архіўных устаноў: Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі, Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, Беларускага дзяржаўнага архіва навукова-тэхнічнай дакументацыі, Беларускага навукова-дасдаследчага інстытута дакументазнаўства і архіўнай справы, Цэнтральнай лабараторыі забеспячэння захаванасці дакументаў Нацыянальнага архіўнага фонду і рэдакцыі часопіса «Архівы і справаводства».
Ініцыятарам і арганізатарам паездкі выступіў Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі. Мерапрыемства прымеркавана да важнейшага дзяржаўнага свята – Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, які наша краіна будзе адзначаць 3 ліпеня.
Першым пунктам на турыстычнай карце стаў мемарыяльны комплекс «Курган Славы» - грандыёзны помнік Вялікай Айчыннай вайны ў Смалявіцкім раёне Мінскай вобласці Беларусі. Менавіта ў гэтых месцах у ліпені 1944 года падчас найбуйнейшай наступальнай аперацыі «Баграціён» у акружэнне трапіла 150-тысячная групоўка гітлераўскіх войскаў. Дадзеная падзея атрымала назву «Мінскі кацёл». Разгром гэтай групоўкі завяршыўся 11 ліпеня і стаў яшчэ адным вырашальным крокам на шляху да вызвалення Беларусі. Велічны манумент у памяць аб тых лёсавызначальных падзеях быў адкрыты ў 1969 годзе і хутка заслужыў рэпутацыю адной з візітных картак нашай рэспублікі.
Удзельнікі экскурсіі на фоне мемарыяльнага комплексу «Курган Славы» і музея ваеннай тэхнікі.
Удзельнікі экскурсіі на фоне мемарыяльнага комплексу «Курган Славы»
Падчас экскурсіі
Удзельнікі паездкі ўсклалі кветкі ля Кургана Славы і здзейснілі ўзыходжанне на яго вяршыню.
Ускладанне кветак да мемарыяла.
Удзельнікі экскурсіі на вяршыні Кургана Славы.
На вяршыні Кургана Славы, як погляд у мінулае і даніна памяці загінуўшым, прагучаў верш «Балада пра Курган» у аўтарскім выкананні. Намеснік дырэктара Цэнтральнай лабараторыі забеспячэння захаванасці дакументаў і фондаў НАФ Сяргей Мязга напісаў яго да 80-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Мязга С.І.
Затым экскурсанты з цікавасцю агледзелі музей ваеннай тэхнікі Савецкай Арміі, размешчаны пад адкрытым небам ля падножжа Кургана Славы.
Дырэктар БДАМЛМ Макаранка А.А. падчас агляду музея ваеннай тэхнікі
Наступным прыпынкам на турыстычным маршруце стаў аграгарадок Азярцо ў Мінскім раёне. Гэты населены пункт раскінуўся пасярод маляўнічых месцаў, дзе ў глыбокай старажытнасці магло размяшчацца гарадзішча, пазней перанесенае на берагі ракі Няміга і якое атрымала з часам назву Мінск. У 1944 годзе ў гэтых месцах праходзілі баявыя дзеянні Мінскай наступальнай аперацыі, галоўным вынікам якой было вызваленне Мінска і яго ваколіц.
Экскурсійная група наведала брацкую магілу, у якой спачываюць астанкі 65 воінаў-абаронцаў Беларусі ў 1941 годзе, партызан, воінаў-вызваліцеляў у 1944 годзе. Вёску Азярцо вызвалілі вайскоўцы 26-й гвардзейскай танкавай брыгады, якая прымала ўдзел у многіх буйных бітвах Вялікай Айчыннай вайны, сярод якіх Курская бітва, аперацыя «Баграціён», Усходне-Пруская аперацыя. Мы ведаем імёны толькі дзевяці чалавек, пахаваных у брацкай магіле ў аграгарадку Азярцо. Экскурсанты ўшанавалі памяць абаронцаў і вызваліцеляў нашай зямлі, усклалі кветкі да помніка, усталяванага на брацкай магіле.
Ускладанне кветак да помніка на брацкай магіле.
Помнік палеглым воінам.
Вельмі пазнавальнай часткай падарожжа стала наведванне Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту. Шырокая тэрыторыя музея падзелена на сектары, якія прадстаўляюць помнікі беларускага народнага драўлянага дойлідства канца XVIII - пачатку XX стст., характэрныя для розных гісторыка-этнаграфічных рэгіёнаў: Цэнтральная Беларусь, Падняпроўе, Паазер'е. Удзельнікі паездкі агледзелі шэраг тыповых традыцыйных пабудоў: царква, грамадскі свіран, будынак народнага вучылішча, кузні, млыны і сялянскія хаты.
Падчас экскурсій у музеі народнай архітэктуры і побыту
Падчас экскурсій у драўлянай царкве.
Падчас агляду сялянскай хаты
Кіраўніцтва НГА Беларусі Глушакоў М.М. і Булойчык Н.Т. каля сялянскай хаты
Завяршальным этапам падарожжа стала дэгустацыя страў беларускай традыцыйнай кухні.
Наведванне памятных месцаў у маляўнічых кутках нашай краіны, судакрананне з традыцыйнай культурай продкаў пакінулі яркія ўражанні і зарадзілі бадзёрасцю і аптымізмам.