Урачысты сход ў НГА Беларусі, прымеркаваны да Міжнароднага дня архіваў
9 чэрвеня 2026 г. у Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі адбыўся ўрачысты сход, прысвечаны Міжнароднаму дню архіваў. Дырэктар НГА Беларусі Міхаіл Глушакоў павіншаваў калег з прафесійным святам.
Намеснік дырэктара НГА Беларусі Сяргей Рындзін выступіў перад калектывам архіва з лекцыяй, прысвечанай гісторыі жыцця і дзейнасці выдатнага беларускага гісторыка, архівіста, краязнаўцы, грамадска-палітычнага дзеяча, педагога А.П. Сапунова.
У 2026 годзе адзначаецца 175-годдзе з дня яго нараджэння. Сваё жыццё ён прысвяціў вывучэнню гістарычнага мінулага Полацка-Віцебскага краю. Падрыхтаваў і выдаў дзясяткі кніг і брашур, навуковых артыкулаў, рэцэнзій і публікацый. З’яўляўся актыўным удзельнікам стварэння Віцебскага царкоўна-археалагічнага музея і Віцебскай вучонай архіўнай камісіі, ініцыятарам стварэння помніка 100-годдзя Айчыннай вайны 1812 года ў Віцебску. Працамі А.П. Сапунова да гэтага часу карыстаюцца краязнаўцы, архіўныя работнікі, выкладчыкі, спецыялісты ў галіне вывучэння гісторыі Беларусі.
Да мерапрыемства падрыхтавана выстава дакументаў. У Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі захоўваецца значная колькасць дакументальных матэрыялаў, звязаных з жыццём і дзейнасцю А.П. Сапунова. Найперш, гэта дакументы Віцебскай мужчынскай гімназіі, дзе спачатку Сапуноў вучыўся, а потым доўгія гады працаваў выкладчыкам. У архіўных фондах «Віцебскі Цэнтральны архіў старажытных актавых кніг» і «Віцебская вучоная архіўная камісія» захаваліся дакументы, звязаныя з дзейнасцю А.П. Сапунова па захаванні старажытных архіўных дакументаў. У архіўным фондзе «Віцебскае губернскае праўленне» ёсць асабістая справа А.П. Сапунова за 1901-1916 гады, дзе знаходзяцца фармулярныя спісы аб яго службе, а таксама яго арыгінальны пашпарт.
Дырэктар НГА Беларусі Міхаіл Глушакоў віншуе калег
Намеснік дырэктара архіва Сяргей Рындзін расказвае аб дакументах выставы
Калектыў НГА Беларусі
Агляд выставы
Выстава дакументаў па гісторыі жыцця і творчасці А.П. Сапунова








