Віншаванне работнікаў НГА Беларусі з Днём сям’і
15 мая ў Рэспубліцы Беларусь адзначаецца Дзень сям’і. Моцная сям'я з'яўляецца асновай развіцця дзяржавы.
Дырэктар НГА Беларусі Міхаіл Глушакоў на ўрачыстым сходзе калектыву павіншаваў работнікаў архіва з Днём сям’і і пажадаў, каб іх заўсёды акружаў паўсядзённы клопат блізкіх, дзеці радавалі сваімі поспехамі, унукі дарылі цяпло і ўвагу. Намеснік дырэктара Наталія Булойчык распавяла калектыву гісторыю святкавання Дня сям’і ў нашай краіне.
Да мерапрыемства у межах рэспубліканскай акцыі «Мая сям'я – мая краіна» падрыхтавана выстава дакументаў XVIII–пачатку ХХ ст., у якіх адлюстравана гісторыя інстытута сям’і на беларускіх землях ў розныя гістарычныя перыяды. На выставе прадстаўлены кнігі шлюбных экзаменаў, пасямейныя спісы, генеалагічная табліца дваранскага роду графаў Тышкевічаў і шэраг іншых дакументаў. Найстарэйшым з іх быў тэстамент Францішка Бурдзіцкага-Бурло, у якім загадвалася даць адукацыю незамужняй дачцэ Ганне і ўнуку Базылю. Дакумент датуецца 17 мая 1779 г.