Інфармацыя аб выданні даведніка «Гербоўнік беларускай шляхты» (Т. 8, ч. 2)

Нацыянальным гістарычным архівам Беларусі выпушчана навуковае выданне «Гербоўнік беларускай шляхты» (Т. 8, ч. 2).

Другая частка восьмага тома «Гербоўніка беларускай шляхты» ўключае радаводы шляхты, якая пераважна пражывала на тэрыторыі Мінскай губерні і мела прозвішчы, што пачыналіся на літару «К» (ад прозвішча «Касабуцкія» да прозвішча «Корзуны» ўключна). Гэтая кніга працягвае шматтомнае выданне, якое было пачата супрацоўнікамі Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі ў 2002 г. і з таго часу выклікае трывалую цікавасць як у асяроддзі навуковай грамадскасці, так і ў даследчыкаў уласнай сямейнай мінуўшчыны.

Змешчаныя ў «Гербоўніку» звесткі дазваляюць прасачыць на прыкладзе асобных родаў змяненні ў сацыяльным статусе, грамадска-палітычнай ролі, маёмасным становішчы шляхты беларускіх зямель на працягу XVI – пачатку XX ст. Гэта дастаткова працяглы прамежак часу, у які беларускія землі ўваходзілі ў склад розных дзяржаў (Вялікае Княства Літоўскае, Рэч Паспалітая, Расійская імперыя). Апрача таго, у гэты час адбываліся фундаментальныя сацыяльныя ператварэнні, якія не маглі не закрануць шляхецкае саслоўе. У такім рэчышчы публікацыя «Гербоўніка» атрымлівае практычнае выкарыстанне не толькі для генеалагічных і звязаных з імі прац, але таксама для шырокага кола навуковых даследаванняў.

Прызначаецца для шырокага кола чытачоў – прафесійных навукоўцаў, а таксама аматараў генеалогіі і геральдыкі, краязнаўцаў і ўсіх, хто цікавіцца гісторыяй. Выданне можна набыць у кнігарні «Акадэмкніга» (г. Мінск, пр-т Незалежнасці, 72, 8(017) 379 46 52).

 

Спампаваць прадмову і змест можна па спасылцы.