На сайце Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі размешчана віртуальная выстава, прысвечаная 525-годдзю горадам Мiнскам атрымання Магдэбургскага права

Нацыянальным гістарычным архівам Беларусі падрыхтавана і размешчана на сайце архіва віртуальная выстава «Мiнск: да 525-годдзя атрымання Магдэбургскага права».

Яна змяшчае дакументы за 1499–1860 гг., якія ўсебакова асвятляюць стварэнне і дзейнасць выбарнага адмiнiстратыўнага і судовага органа ў Мінску – магістрата. У склад адабраных матэрыялаў увайшлі акты XVI ст., якія адлюстроўваюць пачатковы этап існавання гарадскога самакіравання ў Мінску, вытрымкі з судовых кніг XVII–XVIII стст. аб функцыянаванні магістрата і ратушы, матэрыялы з фонду Мінскай гарадской думы, што раскрываюць гісторыю будынка Мінскай ратушы ў першай палове XIX ст. Выстава суправаджаецца картамі, планамі, фотаздымкамі і малюнкамі ХVIII–XIX стст.

Выяўленне і адбор матэрыялаў праведзены вядучым навуковым супрацоўнікам НГА Беларусі Уладзімірам Дзянісавым і загадчыкам аддзела старажытных актаў НГА Беларусі Аксанай Раманкевіч.

Азнаёміцца са зместам выставы можна тут.