Аб перадачы дакументаў на дзяржаўнае захаванне

Изображение15 ліпеня 2015 г. на дзяржаўнае захаванне ў Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ксяндзом-пробашчам касцёла ў в. Вішнева Валожынскага раёна Мінскай вобласці Юзафам Мельдзюком і навуковым кіраўніком рэстаўрацыі касцёла Алесем Пушкіным быў перададзены фрагмент архіва касцёла, адшуканы ў час правядзення рэстаўрацыйных работ. Сярод знойдзеных дакументаў маюцца метрычныя кнігі за 1826-1832 гг., кнігі перадшлюбных экзаменаў за 1862-1927 гг., інвентары за 1922–1932 гг., спавядальная ведамасць за 1909 г., чарцяжы ўнутранага і знешняга ўбранства касцёла другой паловы ХІХ – першай трэці ХХ стст. і інш.

З дакументаў будзе ўтвораны асобны фонд Вішнеўскага касцёла. Згаданыя матэрыялы адлюстроўваюць гісторыю Вішнеўскай парафіі больш як за стагоддзе, запаўняюць своеасаблівы «прабел» у вывучэнні народанасельніцтва гэтага рэгіёну (у НГА Беларусі маюцца выбарачна захаваныя метрычныя кнігі названага касцёла за 1900-1938 гг.).

Адміністрацыя НГА Беларусі выказвае шчырую падзяку ксяндзу-пробашчу Юзафу Мельдзюку і навуковаму кіраўніку рэстаўрацыі Алесю Пушкіну за клопат па захаванні дакументальнай спадчыны нашай краіны.