Аб правядзенні ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі прэзентацыі выдання «Захоўваць вечна : Старонкі мінуўшчыны і сучаснасці Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі»
27 лістапада 2023 г. у 15.00 у Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі (вул. Крапоткіна, 55, канферэнц-зала) адбудзецца прэзентацыя навукова-папулярнага выдання «Захоўваць вечна : Старонкі мінуўшчыны і сучаснасці Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі».
Выданне прымеркавана да 85-гадовага юбілею Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі – самага вялікага ў краіне сховішча рукапісных (тэкставых і візуальных) дакументаў па гісторыі беларускага народа да 1917 г. Матэрыялы архіва ахопліваюць цэлы шэраг перыядаў гісторыі Беларусі – Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай, Расійскай імперыі і Часовага Урада. У кнізе ў навукова-папулярнай форме паказваецца развіццё архіўнай справы ў Беларусі з часоў старажытнасці да савецкага часу, функцыянаванне папярэднікаў архіва ў 1920–1930-я гг., а таксама яго гісторыя ад часу стварэння ў 1938 г. да арганізацыі ў сучасным выглядзе ў 1995 г. У ёй раскрываюцца таксама асноўныя напрамкі дзейнасці архіва і яго структурных частак, прычым падаюцца як гістарычная рэтраспектыва кожнага з іх, так і стан на сучасным этапе.
Выданне прызначаецца для шырокага кола чытачоў, якія цікавяцца развіццём архіўнай галіны і фарміраваннем дакументальных збораў, а таксама гісторыяй Беларусі ў цэлым.
Да мерапрыемства падрыхтавана прэзентацыя, прысвечаная гісторыі Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі.
Кантактныя асобы:
Каўганава Ірына Іванаўна, намеснік дырэктара Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі – (017) 352 75 22.
Рындзін Сяргей Мікалаевіч, загадчык аддзела навукова-даследчай і публікацыйнай дзейнасці Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі – (017) 392 64 58.