Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі наведалі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь

23 сакавіка 2023 г. у рамках мерапрыемстваў абвешчанага ў Рэспубліцы Беларусь Года міру і стварэння Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі наведалі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь – члены Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі. У склад групы беларускіх парламентарыяў увайшлі: старшыня камісіі Генадзь Браніслававіч Давыдзька, намеснікі старшыні камісіі Лілія Станіславаўна Ананіч і Валянціна Вітальеўна Ражанец, дэпутаты Людміла Яўгеньеўна Здорыкава і Наталля Эдуардаўна Тарасенка, а таксама супрацоўнік аддзела Пастаяннай камісіі Марына Мікалаеўна Міхасёнак. Галоўнай мэтай візіту народных дэпутатаў у НГА Беларусі было азнаямленне з дакументамі розных эпох гісторыі Беларусі, якія асвятляюць пытанне захавання міжканфесійнага міру на беларускіх землях і мірнага суіснавання на гэтай тэрыторыі розных этнічных груп.

У рамках мерапрыемства намеснік дырэктара НГА Беларусі М.Д. Макараў распавёў гасцям пра гісторыю і фонды ўстановы. Вядучы навуковы супрацоўнік аддзела выкарыстання дакументаў і інфармацыі У.М. Дзянісаў правёў для дэпутатаў экскурсію па архівасховішчах, дзе азнаёміў іх з шэрагам унікальных дакументаў, а таксама ўзорамі крыніц па генеалогіі, якія зберагаюцца ў НГА Беларусі.

Пасля гэтага дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу выдзялілі час на самастойную працу з дакументамі XVII – пачатку XX ст. па тэматыцы захавання міжканфесійнага міру, якія былі прадстаўлены работнікамі НГА Беларусі, у тым ліку: актамі гарадоў на магдэбургскім праве, магістраты якіх будаваліся на прынцыпе канфесійнага дуалізму; актамі міжканфесійных фундацый ці наданняў сродкаў і маёмасці чалавекам аднаго веравызнання культавым аб’ектам іншага; метрычнымі запісамі пра продкаў па бацьку праваслаўнага святога Лукі (Войны-Ясянецкага), якія былі каталікамі; матэрыяламі дваранскіх дэпутацкіх сходаў і мінскіх гімназій XIX – пачатку XX ст. Гасцей пры гэтым актыўна кансультаваў вядучы навуковы супрацоўнік аддзела навукова-даследчай і публікацыйнай дзейнасці Я.С. Глінскі.

Прадстаўленыя дакументы выклікалі вялікую цікавасць у дэпутатаў, якія зрабілі шматлікія выпісы і задалі архівістам шэраг пытанняў. На развітанне госці атрымалі ў падарунак навуковыя выданні архіва.

У рамках Году міру і стварэння сумесная праца Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і НГА Беларусі будзе працягнута.

ИзображениеИзображениеИзображениеИзображениеИзображениеИзображениеИзображениеИзображениеИзображениеИзображениеИзображениеИзображениеИзображение