Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі праводзіць круглы стол «Epitaphium II: пахавальная культура народаў Вялікага Княства Літоўскага»

18 красавіка 2023 г. у Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі плануецца правядзенне круглага стала «Epitaphium II: пахавальная культура народаў Вялікага Княства Літоўскага». Яго праблемнае поле адлюстравана ў самой назве – пахавальныя практыкі і захаванне памяці пра чалавека пасля яго смерці. Геаграфічна адпаведныя даследаванні павінны ахопліваць тэрыторыі пражывання народаў, якія калісьці доўгі час жылі ў складзе Вялікага Княства Літоўскага. Пры гэтым храналагічна яны не павінны трымацца менавіта перыяду яго існавання – тут магчымы выхад як за яе верхнюю мяжу, так і за ніжнюю.

Першы круглы стол з адпаведнай назвай быў праведзены ў НГА Беларусі яшчэ два гады таму – у красавіку 2021 г. Яго відэазапіс, размешчаны на YouTube-канале НГА Беларусі «Гістарычны архіў», да цяперашняга часу карыстаецца ўвагай наведвальнікаў. Яго матэрыялы былі выдадзены напрыканцы 2022 г. з дадаткам некалькіх іншых артыкулаў, якія тэматычна адпавядаюць яго праблематыцы. Матэрыялы другога круглага стала таксама плануюцца да публікацыі.

 

Изображение