Першым дырэктарам мемарыяльнага комплексу «Хатынь» быў архівіст, дырэктар Цэнтральнага дзяржаўнага гістарычнага архіва БССР у г. Мінску (у 1964–1968 гг.) Іван Васільевіч Рошчын

22 сакавіка – Дзень памяці ахвяр Хатынскай трагедыі, якая з’яўляецца адным з ключавых элементаў гістарычнай памяці беларускага народа.

У гэты дзень варта таксама ўспомніць пра першага дырэктара мемарыяльнага комплексу «Хатынь», які зрабіў велізарны асабісты ўнёсак у справу ўвекавечання памяці ахвяр трагедыі. Ім быў архівіст, дырэктар Цэнтральнага дзяржаўнага гістарычнага архіва БССР у г. Мінску (у 1964–1968 гг.) Іван Васільевіч Рошчын.

І.В. Рошчын нарадзіўся 11 лістапада 1908 г. у вёсцы Віхляеўка (Барысаглебскі раён Варонежскай вобл.) у сялянскай сям’і. У верасні 1936 г. паступіў на рабфак Наркамата лёгкай прамысловасці ў Маскве, які скончыў у ліпені 1939 г., а затым – на педфак Ваенна-палітычнай акадэміі імя У.І. Леніна (г. Масква), у 1940 г. рэарганізаваны ў Вышэйшы ваенна-педагагічны інстытут Чырвонай арміі імя М. Калініна.

3 ліпеня 1941 г. І.В. Рошчын датэрмінова скончыў інстытут і быў накіраваны ў дзеючую армію. Прайшоў усю вайну, ваяваў на Паўночна-Заходнім і 2-м Беларускім франтах, быў чатыры разы паранены, узнагароджаны ордэнамі і медалямі. Вайну скончыў у маі 1945 г. у г. Таргау, удзельнічаў у сустрэчы савецкіх і смерыканскіх войскаў на р. Эльба.

У 1957 г. І.В. Рошчын быў прызначаны начальнікам Дзяржаўнага архіва Мінскай вобласці. У 1964 г. ён стаў першым дырэктарам Цэнтральнага дзяржаўнага гістарычнага архіва БССР у г. Мінску, дзе працаваў да 1968 г. Кіраваў будаўніцтвам першага спецыяльнага будынка для архіўных устаноў у сталіцы БССР (па адрасе вул. Казлова, 26). Узначальваючы архіў, актыўна займаўся навуковай і публіцыстычнай дзейнасцю, падрыхтаваў шэраг матэрыялаў для беларускіх навуковых і папулярных выданняў.

У 1968–1971 гг. І.В. Рошчын з’яўляўся першым дырэктарам мемарыяльнага комплексу «Хатынь» – філіяла Беларускага дзяржаўнага музея Вялікай Айчыннай вайны. Ён працаваў там у самы цяжкі для комплексу час – час станаўлення мемарыялу. Будаўнічая працы працягваліся і пасля 9 ліпеня 1969 г., калі мемарыял быў афіцыйна адкрыты. Не хапала людзей, матэрыялаў, меліся вялікія арганізацыйныя цяжкасці. Вёўся няспынны кантроль з боку ЦК КПБ, Міністэрства культуры БССР. А людзі ехалі на мемарыял з усіх канцоў Беларусі, прыязджалі шматлікія дэлегацыі з-за мяжы…

Падчас працы ў Хатыні І.В. Рошчын вёў дзённік. Захаваліся два тоўстыя блакноты з амаль штодзённымі кароткімі запісамі за перыяд з 1 верасня 1969 г. па 25 ліпеня 1970 г. У іх адлюстравана паўсядзённае жыццё мемарыялу з яго праблемамі, цяжкасцямі, рашэннем складаных гаспадарчых, будаўнічых і арганізацыйных пытанняў.

І.В. Рошчын памёр 20 ліпеня 1972 г. і пахаваны ў в. Верхні Кардаіл Нова-Мікалаеўскага раёна Валгаградскай вобл.

ИзображениеИзображение

ИзображениеИзображение

ИзображениеИзображение