Запрашэнне НГА Беларусі на выставу «Россия-Беларусь. Пересечение судеб»
23 снежня 2024 г. НГА Беларусі стаў госцем на выставе «Россия-Беларусь. Пересечение судеб», якая адкрылася ў экспазіцыйных залах Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. Мерапрыемства наведаў намеснік дырэктара НГА Беларусі па навуковай рабоце Сяргей Рындзін.
У аснове канцэпцыі выставачнага праекта – ідэя аб гістарычнай культурнай супольнасці дзвюх сучасных суверэнных дзяржаў, Расіі і Беларусі, унікальнасці і адзінства, аўтэнтычнасці і ўзаемаўплываў у прасторы культуры.
У чатырох экспазіцыйных залах музея прадстаўлены творы майстроў, якія нарадзіліся на гістарычных беларускіх землях і атрымалі прафесійную адукацыю ў расійскіх навучальных установах.
Выстава знаёміць гледача з творчай спадчынай больш за 50 выдатных майстроў выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, у тым ліку Івана Хруцкага, Сяргея Заранка, Лявона Бакста, Аляксандры Экстэр, Вітольда Бялыніцкага-Бірулі, Станіслава Жукоўскага, Марка Шагала, Георгія Ніскага, Яўсея Майсеенкі, Мая Данцыга, Іллі Чашніка, Анатоля Каплана, Анатоля Тычыны, Іллі Гінцбурга, Льва Іваноўскага і многіх іншых майстроў.
Наведвальнікам прадастаўлена ўнікальная магчымасць сваімі вачыма ўбачыць творы мастацтва, якія маюць хрэстаматыйную вядомасць: «Дзмітрый Данскі на Куліковым полі» В.К. Сазонава, «Уладзімір і Рагнеда» А.П. Ласенкі, «Канюшына цвіце» А.Г. Гараўскага і шэраг іншых.