Удзел НГА Беларусі ў турыстычнай паездцы на Гродзеншчыну
17 студзеня 2026 г. напярэдадні Хрышчэння Гасподняга вядучы архівіст групы дакументацыйнага забеспячэння Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі Наталля Хар'янава ў складзе вялікай экскурсійнай групы здзейсніла займальную экскурсію па культавых цэнтрах Гродзеншчыны. Паездка арганізавана Мінскай гарадской арганізацыяй Беларускага прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў і праходзіла па маршруце Мінск-Жыровічы-Слонім-Сынкавічы-Мінск.
Экскурсія пачалася ў Жыровічах, дзе размяшчаецца знакаміты Свята-Успенскі мужчынскі манастыр – адзін з найважнейшых духоўных цэнтраў Беларусі. У манастыры захоўваецца цудатворны Жыровіцкі абраз Божай Маці. У комплекс манастыра ўваходзяць чатыры храма, званіца, будынак семінарыі, жылы манастырскі комплекс, трапезная, гаспадарчыя пабудовы, агарод. Пры Жыровіцкім манастыры знаходзяцца вядомыя гаючыя крыніцы з купелямі.
Яўленская царква – найстарэйшы будынак комплексу Жыровіцкага манастыра
Работнік НГА Беларусі Наталля Хар'янава на зямлі Жыровіцкага манастыра
Свята-Успенскі сабор Жыровіцкага манастыра
Комплекс Жыровіцкага манастыра
Святая крыніца ў Жыровічах
Падарожжа працягнулася ў Слоніме – адным з найбольш старажытных гарадоў Беларусі. Экскурсійная група агледзела Свята-Траецкі сабор, пабудаваны ў XVII стагоддзі, Спаса-Праабражэнскі сабор, узведзены ў пачатку ХХІ стагоддзя, прагулялася па гістарычным цэнтры горада, які захаваў элементы планіроўкі XVII–XVIII стст.
Спаса-Праабражэнскі сабор у г. Слоніме
Свята-Троіцкі сабор у г. Слоніме
Заключным пунктам на турыстычнай карце стала вёска Сынкавічы, якую праславіў унікальны храм-крэпасць XV стагоддзя. Масіўныя вежы з байніцамі робяць яго падобным на замак, а гатычныя скляпенні ўнутры ствараюць неверагодную акустыку. Гэта ўнікальнае збудаванне з'яўляецца яскравым прыкладам гатычнага дойлідства на беларускіх землях.
Царква Святога Архангела Міхаіла ў вёсцы Сынкавічы
Знаёмства з багатай культурнай спадчынай і цудоўнымі краявідамі Гродзеншчыны пакінула незабыўныя ўражанні і зарадзіла бадзёрасцю і аптымізмам.








