Моладзь Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі наведала паказ фільма «Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь»
13 сакавіка 2026 года па ініцыятыве кіраўніцтва Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі прадстаўнікі маладзёжнага актыву архіва прынялі ўдзел у праглядзе мастацка-дакументальнай стужкі «Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь», паказ якой прайшоў у сталічным кінатэатры «Масква» (праспект Пераможцаў, 13). Мерапрыемства прымеркавана да дзяржаўнага свята - Дня Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (15 сакавіка) і стала часткай маштабнай рэспубліканскай праграмы грамадзянска-патрыятычнага выхавання моладзі.
Маладыя архівісты паглядзелі дакументальны фільм, прысвечаны гісторыі стварэння і ключавым этапам развіцця Асноўнага Закона краіны. Арганізацыя такіх мерапрыемстваў стала часткай сістэмнай работы кіраўніцтва архіва па грамадзянска-патрыятычным выхаванні моладзі.
Дырэктар НГА Беларусі Міхаіл Глушакоў падкрэсліў значнасць ініцыятывы: «Удзел у праглядзе гэтага фільма – наш уклад у фарміраванне ў маладых спецыялістаў свядомага стаўлення да дзяржаўных свят. Для архівіста Канстытуцыя – гэта не проста прававы акт, а вынік векавога гістарычнага шляху. Мы лічым важным, каб нашыя супрацоўнікі не толькі працавалі з дакументамі мінулага, але і глыбока разумелі прававы падмурак сучаснасці. Гэта дапамагае моладзі адчуць асабістую адказнасць за захаванне дзяржаўнай спадчыны і традыцый Беларусі».
Для маладых архівістаў прагляд стаў магчымасцю не толькі замацаваць веды аб прававым падмурку дзяржавы, але і абмеркаваць актуальныя тэмы адказнасці асобы і абароны ад сучасных інфармацыйных пагроз.
Работнікі НГА Беларусі перад паказам фільма








