Аб правядзенні навукова-практычнай канферэнцыі «Беларускія архівы на мяжы тысячагоддзяў здабыткі і страты»

28 чэрвеня 2018 г. адбылося адкрыццё навукова-практычнай канферэнцыі «Беларускія архівы на мяжы тысячагоддзяў: здабыткі і страты», прысвечанай 80-годдзю заснавання Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі. Яна праводзілася сумесна з даўнім навуковым партнёрам архіва Інстытутам гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. На пленарным пасяджэнні ўсіх удзельнікаў і гасцей канферэнцыі прывіталі акадэмік-сакратар Прэзідыума НАН Беларусі, член-карэспандэнт А.А.Каваленя, дырэктар Інстытута гісторыі В.В.Даніловіч, дырэктар Дэпартамента на архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусі В.І.Кураш, дырэктар НГА Беларусі Д.У.Яцэвіч. З пленарнымі дакладамі выступілі загадчык цэнтра спецыяльных гістарычных навук і антрапалогіі Інстытута гісторыі прафесар В.Ф.Голубеў і дэпутат Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь В.М.Папко.

У ходзе канферэнцыі намеснік дырэктара НГА Беларусі Д.В.Лісейчыкаў прэзентаваў юбілейнае архіўнае выданне – зборнік дакументаў «“Для лепшое твердости…”: пергаментныя дакументы перыяду Вялікага Княства Літоўскага з фондаў Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі (1391–1566 гг.)», складзены сумесна супрацоўнікамі архіва і інстытута і выдадзены стратэгічным партнёрам архіва ў галіне публікацыйнай дзейнасці выдавецтвам «Беларусь».

Праца канферэнцыі была падзелена на шэсць секцый у адпаведнасці з тэматычным прынцыпам. Яе ўдзельнікі здолелі абмеркаваць шырокае кола праблем, звязаных не толькі з архівазнаўствам і крыніцазнаўствам, тэматыка якіх, безумоўна, пераважала ў дакладах, але і ў цэлым гісторыка-навуковай дзейнасці. Гэта дазволіла нават непасрэдна на яе працягу вырашыць некаторыя пытанні арганізацыйнага альбо даследчага характару. Удзельнікамі канферэнцыі сталі больш 70 навукоўцаў і архівістаў адразу з некалькіх краін – Беларусі, Польшчы, Украіны і Венгрыі, – што дэ-факта надало ёй статус прадстаўнічай міжнароднай навуковай падзеі. Геаграфія гасцей з Беларусі таксама выглядала шырока – прыбылі навукоўцы з Гродна, Магілёва, Пінска, Дзяржынска і Нясвіжа.

Изображение
Удзельнікі канферэнцыі на пленарным пасяджэнні

Изображение
Акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, член-карэспандэнт НАН Беларусі, доктар гістарычных навук, прафесар А.А.Каваленя выступае з прывітальным словам

Изображение
Удзельнікаў канферэнцыі вітае дырэктар Дэпартамента па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь В.І.Кураш

Изображение
Дырэктар Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, кандыдат гістарычных навук, дацэнт В.В.Даніловіч зачытвае прывітальны адрас да ўдзельнікаў канферэнцыі

Изображение
З прывітальным словам да прысутных звяртаецца дырэктар Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі Д.У.Яцэвіч

Изображение
Члены Прэзідыума канферэнцыі і запрошаныя госці пасля заканчэння пленарнага пасяджэння