13 верасня 2017 г. у 15.00 у Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі (вул. Крапоткіна, 55, канферэнц-зала, аўдыторыя 29) адбудзецца прэзентацыя выдання «Слуцк на старых планах».

ИзображениеБагата ілюстраваная кніга змяшчае каля 150 планаў, карт, малюнкаў, фотаздымкаў і іншых выяў, сабраных у выніку даследавання, праведзенага супрацоўнікам НГА Беларусі Мікалаем Волкавым. Многія з апублікаваных планаў і малюнкаў былі адшуканы ў сховішчах Беларусі, Польшчы, Расіі, Літвы, Германіі і да гэтага часу заставаліся невядомымі як вузкім спецыялістам, так і шырокаму колу далседчыкаў. У ёй прадстаўлена гісторыя тэрытарыяльнага развіцця горада Слуцка ад летапісных часоў да ХХ стагоддзя. Выданне раскрывае, як, калі і якія фактары ўплывалі на пашырэнне ці звужэнне забудовы ў горадзе, якія войны і падзеі наклалі найбольш негатыўны адбітак на яго структуру, а якія падзеі і асобы спрыялі яго ўзвышэнню. Кніга прызначаецца для самага шырокага кола чытачоў – як жыхароў горада Слуцка, так і ўсіх, хто цікавіцца беларускай архітэктурай і горадабудаўніцтвам, а таксама багатай мінуўшчынай нашай краіны.

Выхад кнігі стаў магчымы дзякуючы супрацоўніцтву Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі і выдавецтва «Беларусь».

Да мерапрыемства падрыхтавана выстава цікавых архіўных дакументаў, што тычацца гісторыі горада Слуцка.

 

Кантактныя асобы:

Лісейчыкаў Дзяніс Васільевіч, кандыдат гістарычных навук, намеснік дырэктара НГАБ – (017) 286 75 26.

Матвейчык Дзмітрый Часлававіч, кандыдат гістарычных навук, загадчык аддзела публікацыі дакументаў НГАБ – (017) 392 64 58.