Да 125-годдзя мастака Уладзіслава Страмінскага. Частка 2.

ИзображениеМастак авангардыст, тэарэтык мастацтва, стваральнік тэорыі унізму ў абстрактным мастацтве Уладзіслаў Страмінскі (1893—1952) нарадзіўся ў Мінску 21 лістапада 1893 года ў сям’і двараніна Гродзенскай губерні, прафесійнага вайскоўца, Максіміл’яна Бенедыкта Страмінскага (1847—1919). Маці Уладзіслава Ева Разалія паходзіла з беларускага дваранскага роду Аляхновічаў, якія жылі ў Мінску і Мінскім павеце, і мелі некалькі дамоў на рагу Губернатарскай і Ніжне-Ляхаўскай вуліц. Уладзіслаў быў ахрышчаны 25 снежня 1893 года ў Мінскім кафедральным Марыінскім касцёле. Дзяцінства будучага мастака прайшло ў Мінску. У 1904 годзе бацька аддаў Уладзіслава ў 3-ці кадэцкі корпус імя Аляксандра II у Маскве. У 1911—1914 гадах ён вучыўся ў Мікалаеўскім ваенным інжынерным вучылішчы ў Санкт-Пецярбурзе, пасля заканчэння якога быў накіраваны ў крэпасць Асавец паблізу Беластока.

ИзображениеУ 1914—1916 гадах удзельнічаў у 1-й сусветнай вайне, быў узнагароджаны ордэнамі Св. Уладзіміра, Св. Георгія і Св. Ганны. Пасля цяжкага ранення ў 1916 годзе Страмінскаму ампутавалі правую нагу і частку левай рукі. Акрамя таго, у яго было пашкоджана адно вока. У 1916—1917 гадах ён праходзіў курс лячэння і рэабілітацыі ў Маскве, дзе пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай скульптаркай Кацярынай Кобра (1898—1951). У 1917 годзе Страмінскі накіроўваецца ў Мінск да бацькоў, дзе таксама праходзіць курс рэабілітацыі. Пасля шпіталя Страмінскі захапіўся сучасным выяўленчым мастацтвам і ў 1918—1919 гадах пачаў вучыцца ў Дзяржаўных вольных мастацкіх майстэрнях, якія былі створаны ў былым Строганаўскім мастацка-прамысловым вучылішчы ў Маскве. Пасябраваў з Казімірам Малевічам і Уладзімірам Татліным. У 1919 годзе Страмінскі вярнуўся ў Мінск, дзе працаваў у Народным камісарыяце асветы ССРБ, падрыхтаваў афармленне горада да свята 1 мая 1919 года, удзельнічаў у Першай дзяржаўнай выставе рамеснікаў і мастакоў у Бабруйску. З 1920 года працаваў у мастацка-агітацыйнай майстэрні РОСТА палітупраўлення Заходняй арміі і Захфронта, губернскім аддзеле асветы ў Смаленску, быў асістэнтам Казіміра Малевіча ў Віцебскай мастацкай школе, супрацоўнічаў з Эль Лісіцкім, Аляксандрам Родчанкам і Васілём Кандзінскім. Уваходзіў у авангарднае мастацкае аб’яднанне “УНОВІС”.

ИзображениеУ 1921 годзе выехаў у Польскую Рэспубліку, спачатку жыў і працаваў у Вільні, а ў 1923—1924 гадах у Вілейцы, дзе выкладаў малюнак у гімназіі імя Генрыка Сянкевіча. У 1931 годзе сям’я Страмінскіх пераехала ў Лодзь. У пачатку 2-й сусветнай вайны Страмінскія выехалі ў Вілейку да сваякоў, а ў 1941 годзе зноў вярнуліся ў Лодзь. Пасля вайны Уладзіслаў Страмінскі працаваў у Акадэміі выяўленчага мастацтва ў Лодзі. У канцы жыцця пераследаваўся ўладамі, страціў працу, быў выключаны з Саюза мастакоў. Памёр 26 снежня 1952 года.

У Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі былі выяўлены цікавыя дакументы, звязаныя з жыццём і дзейнасцю сям’і Страмінскіх у Мінску, па радаводзе яго продкаў па лініі маці. Знойдзены аўтэнтычны запіс у метрычнай кнізе Мінскага кафедральнага Марыінскага касцёла аб нараджэнні і хрышчэнні Уладзіслава Страмінскага, дакументы па гісторыі дома, дзе нарадзіўся і правёў свае дзіцячыя гады будучы мастак.

Аўтары-складальнікі: 
У.М. Дзянісаў
Год выставы: 
2018