НачалоКарта сайтаОбратная связь  

Национальный
исторический
архив Беларуси


Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі - 75 гадоў сучаснай гісторыі архіва.
Аддзел навуковага выкарыстання дакументаў і інфармацыі



Адным з важнейшых напрамкаў дзейнасці Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі з’яўляецца навуковае выкарыстанне дакументаў.

Згодна са штатным раскладам архіва, зацверджаным у 1944 годзе, быў створаны аддзел навукова-даведачнай літаратуры, у якім адразу працавалі толькі два супрацоўнікі: начальнік аддзела і старшы архіварыус. Адначасова ўводзілася пасада начальніка чытальнай залы.

У 1979 годзе была зацверджана новая структура архіва, згодна з якой аддзел атрымаў афіцыйную назву — аддзел інфармацыі, публікацыі і навуковага выкарыстання дакументаў. У 2004 годзе ў сувязі са стварэннем у архіве самастойнага аддзела публікацыі дакументаў ён атрымаў новую назву — аддзел навуковага выкарыстання дакументаў і інфармацыі.

Адным з асноўных відаў работы аддзела з’яўляецца выкананне генеалагічных, тэматычных і біяграфічных запытаў грамадзян і арганізацый. Інтэнсіўнасць зваротаў можна праілюстраваць наступнымі лічбамі: у канцы 1940-х гадоў у архіў паступала ў сярэднім каля 60 біяграфічных запытаў, у 1960-х гадах — звыш 400, у канцы 1990-х гадоў — каля 1 000 штогод, у 2012 годзе — звыш за 3 700. Колькасць генеалагічных і тэматычных запытаў таксама павялічваецца. За апошнія гады ў архіў штогод паступае каля 400 генеалагічных і каля 250 тэматычных запытаў. Так, у 2012 годзе было выканана 24 тэматычныя запыты з 388, якія паступілі; 104 генеалагічныя з 343 і 2 267 біяграфічных з 3 580 запытаў.

Важнае месца ў папулярызацыі дакументальнай спадчыны займаюць выставы дакументаў. За апошняе дзесяцігоддзе тэматыка выставаў архіва пашырылася: сталі экспанавацца не толькі копіі, але і аўтэнтычныя дакументы, звычайнай справай зрабіліся іх віртуальныя выставы, якія рыхтуюцца супрацоўнікамі аддзела для вэб-сайта «Архівы Беларусі» і афіцыйнага вэб-сайта архіва.

У аддзеле вядзецца інтэнсіўная навуковая праца. Работнікамі аддзела распрацоўваюцца навуковыя тэмы «Генеалогія і геральдыка шляхецкіх родаў Беларусі», «Плыні неартадаксальнага праваслаўя на тэрыторыі Беларусі. Канец XVIII – пачатак XX стст.», «Дакументы па гісторыі ўніяцкіх святарскіх родаў беларуска-літоўска-латышскіх зямель 1596–1839 гг.».

За некалькі апошніх гадоў работнікамі аддзела падрыхтаваны шэраг навуковых зборнікаў і манаграфій: «Гербоўнік беларускай шляхты», «Иностранные подданные в Беларуси в конце XVIII – начале XX века», «Выгнаныя з роднага краю: паслялістападаўская эміграцыя з Беларусі і Літвы (1830-я–1870-я гады)», «Штодзённае жыццё ўніяцкага парафіяльнага святара беларуска-літоўскіх зямель 1720–1839 гг.», «Паўстанне 1863–1864 гг. у Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай губернях: дакументы і матэрыялы НГАБ». Таксама работнікі аддзела ўдзельнічалі ў падрыхтоўцы навукова-папулярных выданняў, такіх, як «Ваньковичи» з серыі «Белорусский родовод», сумеснага выдання «Беларускае замежжа» выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» і іншых.

Супрацоўнікі аддзела праводзяць экскурсіі па архіве, чытаюць лекцыі, актыўна ўдзельнічаюць у рабоце навуковых і навукова-практычных канферэнцый, у тым ліку па-за межамі Беларусі. У 2008 годзе работнікі аддзела прынялі ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні міжнароднай навуковай канферэнцыі «Нашыя Святыні». Асаблівая ўвага надаецца выставачнай дзейнасці, а таксама папулярызацыі дакументаў Нацыянальнага архіўнага фонду Рэспублікі Беларусь у сродках масавай інфармацыі. Для гэтага ў апошні час быў закуплены шэраг спецыяльнага абсталявання: мультымедыяпраектар, ноўтбук, плазменны тэлевізар, тумбы вітрынныя для экспазіцый дакументаў.

У структуры аддзела навуковага выкарыстання дакументаў і інфармацыі можна асобна вылучыць навукова-даведачную бібліятэку (разам з даведачна-інфармацыйным фондам) і чытальную залу.

У. Л. Казлоў, загадчык аддзела навуковага
выкарыстання дакументаў і інфармацыі;
У. М. Дзянісаў, галоўны архівіст


Аддзел забеспячэння захаванасці дакументаў і фондаў
Аддзел навуковага выкарыстання дакументаў і інфармацыі
Бібліятэка
Чытальная зала
Аддзел публікацыі дакументаў
Аддзел інфармацыйна-пошукавых сістэм
Аддзел старажытных актаў
Аддзел аўтаматызаваных архіўных тэхналогій
Бухгалтэрыя, інжынерна-тэхнічнае і дакументацыйнае забеспячэнне архіва


Фотахроніка архіва


Кніга водгукаў і прапаноў чытальнай залы
Цэнтральнага дзяржаўнага гістарычнага архіва БССР у Мінску.
1948–1974 гг.


Пры падрыхтоўцы выставы былі выкарыстаны матэрыялы Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў.





Национальный
исторический архив Беларуси

niab@niab.by
Кропоткина, 55, Минск, Беларусь