НачалоКарта сайтаОбратная связь  

Национальный
исторический
архив Беларуси


Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі - 75 гадоў сучаснай гісторыі архіва.
Аддзел старажытных актаў



Аддзел старажытных актаў — унікальная структурная адзінка ва ўсёй архіўнай галіне Беларусі. Асноўным накірункам працы аддзела з’яўляецца стварэнне навукова-даведачнага апарату да судовых актавых кніг XVI–XVII стагоддзяў, які ўключае ў сябе прачытанне актавай кнігі, афармленне загалоўка да кожнага дакумента (унутраны вопіс), складанне асабовага і геаграфічнага паказальнікаў, тэрміналагічнага слоўніка. Супрацоўнікі аддзела валодаюць навыкамі расчыткі старадаўняга пісьма дакументаў XIV–XVIII стагоддзяў з рознымі палеаграфічнымі асаблівасцямі на старабеларускай і старапольскай мовах. Пергаменты, актавыя кнігі судоў Вялікага Княства Літоўскага, дакументы з фонду князёў Радзівілаў, Метрыка Вялікага Княства Літоўскага — гістарычныя пісьмовыя крыніцы, з якімі штодня працуюць у аддзеле.

Гісторыя заснавання аддзела бярэ пачатак з 1963 года, калі ў новую структуру Цэнтральнага дзяржаўнага гістарычнага архіва БССР у г. Мінску ўвайшоў і аддзел старажытных актаў. Неабходнасць спецыяльнага аддзела па вывучэнні старажытных дакументаў, стварэнні і ўдасканаленні вопісаў да іх была відавочнай. У грамадскасці ўзрастала цікавасць да старажытнай гісторыі роднага краю, павялічвалася колькасць запытаў ад грамадскіх і дзяржаўных устаноў аб часе заснавання і гісторыі розных населеных пунктаў. Новая гісторыя аддзела распачалася з 1990 года. На сённяшні дзень у ім працуюць 8 супрацоўнікаў.

За перыяд існавання аддзела былі складзены ўнутраныя вопісы да 75 актавых кніг судовых устаноў другой паловы XVI і пачатку XVII стагоддзяў. Некаторыя з гэтых фаліянтаў маюць больш за тысячу старонак. Гэта кнігі гродскіх, земскіх, падкаморскіх судоў Берасцейскага, Віцебскага, Менскага ваяводстваў, Ашмянскага, Гарадзенскага, Слонімскага паветаў, а таксама магістратаў гарадоў Менска і Магілёва. Распрацоўваюцца таксама актавыя кнігі Віленскага гродскага суда 1593–1594 гадоў, копіі якіх перададзены з Расійскага дзяржаўнага архіва старажытных актаў (КМФ-32), Слуцкага замкавага суда за 1686–1689 гады.

У аддзеле існуюць і іншыя накірункі працы: удакладнены загалоўкі да мікрафільма «Літоўская метрыка» (КМФ-18) і ўключаны ў вопіс 77 спраў Метрыкі, якія не ўвайшлі ў «Описание…» С. Л. Пташыцкага; складзены вопіс на мікрафішы дакументаў, якія паступілі з Дзяржаўнага гістарычнага архіва Літвы «Калекцыя мікрафільмаў інвентароў архіва Скарбавай камісіі ВКЛ і архіва Гродзенскай казённай палаты» (КМФ-19), а таксама ўнутраны вопіс да актавай кнігі Віленскага ваяводскага суда за 1553–1557 гады. (Кніга запісаў № 34 Літоўскай метрыкі); падрыхтавана да выдання Кніга запісаў № 44 Метрыкі за 1559–1566 гады; складзены навукова-даведачны апарат да вопісаў № 8 і № 12 фонду «Радзівілы, князі», якія ўключаюць у сябе комплекс дакументаў фамільных родаў Гагенцолернаў і каралеўскай сям’і Сабескіх, напісаных на шматлікіх еўрапейскіх мовах. Праводзіцца паслядоўнае апісанне пергаментных дакументаў. Выконваюцца генеалагічныя і тэматычныя запыты. Супрацоўнікі аддзела ўдзельнічаюць у міжнародных навукова-практычных і краязнаўчых канферэнцыях, публікуюць навуковыя і навукова-папулярныя артыкулы ў розных выданнях, у тым ліку ў архіўным штогодніку «Архіварыус».

У 2012 годзе ў выніку супрацоўніцтва з выдавецтвам «Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» пабачыў свет зборнік дакументаў «Тастаменты шляхты і мяшчан Беларусі другой паловы XVI ст. (з актавых кніг Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі)». Гэтае ўнікальнае выданне пісьмовых гістарычных крыніц атрымала шырокае прызнанне сярод беларускіх і замежных навукоўцаў і дыплом ІІ ступені ў 52-м Нацыянальным конкурсе «Мастацтва кнігі – 2013». У цяперашні час рыхтуецца другая частка зборніка па дакументах актавых кніг Гарадзенскага павета другой паловы XVI стагоддзя.

У перспектыве аддзелам будзе працягвацца праца па распрацоўцы судовых актавых кніг XVII стагоддзя, выяўленні пергаментных рукапісаў, публікацыі найбольш значных дакументаў па гісторыі Беларусі.

В. У. Бабкова,
загадчык аддзела старажытных актаў


Аддзел забеспячэння захаванасці дакументаў і фондаў
Аддзел навуковага выкарыстання дакументаў і інфармацыі
Бібліятэка
Чытальная зала
Аддзел публікацыі дакументаў
Аддзел інфармацыйна-пошукавых сістэм
Аддзел старажытных актаў
Аддзел аўтаматызаваных архіўных тэхналогій
Бухгалтэрыя, інжынерна-тэхнічнае і дакументацыйнае забеспячэнне архіва


Фотахроніка архіва


Кніга водгукаў і прапаноў чытальнай залы
Цэнтральнага дзяржаўнага гістарычнага архіва БССР у Мінску.
1948–1974 гг.


Пры падрыхтоўцы выставы былі выкарыстаны матэрыялы Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў.





Национальный
исторический архив Беларуси

niab@niab.by
Кропоткина, 55, Минск, Беларусь