"Гісторыя ваеннай службы на беларускіх землях у канцы XVIII-пачатку XX ст.».

Развіццё ваеннай справы ва ўсходніх славян звязана з гісторыяй фарміравання племянных «княжанняў», якое праходзіла адначасова з фарміраваннем Старажытнарускай дзяржавы. Плямёны стаялі перад неабходнасцю змагацца з ваяўнічымі суседзямі і пераадоленнем унутраных канфліктаў. У сувязі з гэтым яны пачынаюць аб'ядноўвацца вакол князёў, як ваенных лідэраў. Іх апорнай сілай выступала дружына. Па прафесіяналізму яна дзялілася на старэйшую і малодшую. У старэйшай служылі найбольш знатныя воіны, блізкія дарадцы князя. Старэйшыя дружыннікі нярэдка атрымлівалі ад яго права збору даніны ў некаторых абласцях на сваю карысць і мелі свае ўласныя атрады. Князь разам з дружыннікамі жылі ў дзядзінцы – умацаванай частцы горада. Малодшая дружына – аснова арміі. Акрамя паходаў, яны маглі выконваць праваахоўныя або адміністрацыйныя функцыі, такія як збор падаткаў, судаводства і г.д.

Изображение

Полацкі князь з дружынай ва ўяўленні мастака А.П. Рабушкіна (1895 год)

Войска Вялікага Княства Літоўскага на ранніх этапах па прынцыпах фарміравання было падобна на арміі княжацкіх часоў, паколькі складалася з дружын і апалчэння – фарміравання народа для абароны ад ворагаў.

Аднак паступова адбываліся пераўтварэнні. Асноўная роля стала адводзіцца конніцы, а не пяхоце. Сфармавалася таксама дваранскае войска (паспалітае рушэнне ці ўсеагульны рух), якое складалася з шляхты і аднаго альбо некалькіх коннікаў і пяхотнікаў з кожнага феадала. Асабліва вылучаюцца і запамінаюцца сваім знешнім выглядам так званыя крылатыя гусары – элітныя падраздзяленні цяжкай кавалерыі арміі Рэчы Паспалітай пачатку XVI – сярэдзіны XVIII ст. Спачатку яны былі створаны як лёгкая конніца, пазней ператварыліся ў цяжкую кавалерыю, якая спецыялізавалася на прарыве і выкрыцці варожай абароны.

Пасля рэформы 1786 года армія Рэчы Паспалітай мела выразную структуру – складалася з гвардыі, інжынернага корпуса, артылерыйскага корпуса, франтавой гвардыі і пяхотна-кавалерыйскага корпуса.

Изображение

Ваяры Рэчы Паспалітай у 1697–1795 гадах, мастак Ян Матэйка

Напярэдадні вайны 1812 года на тэрыторыі сучаснай Беларусі размяшчаліся 1-я і 2-я рускія заходнія арміі.

Изображение

Руская армія на заходняй мяжы ў чэрвені 1812 г, мастак А.Ю. Авяр'янаў

З 1862 года ўся тэрыторыя Беларусі ўваходзіла ў склад Віленскай ваеннай акругі. У пачатку Першай сусветнай вайны Віленская акруга была ператворана ў дзве акругі: Дзвінскую і Мінскую. Дзяленне тэрыторыі краіны на ваенныя акругі дазваляла забяспечыць больш зручнае кіраванне войскамі. Начальнікі акруг мелі вялікія паўнамоцтвы ў кіраванні арміяй у межах іх адказнасці.

Да 1874 года ў Расійскай імперыі дзейнічала рэкруцкая павіннасць (ад фр. «récruter» набіраць войска). Для падатных саслоўяў павіннасць была абшчыннай. Пры такім парадку ўрад прад'яўляў свае патрабаванні не да асобы, а да суполцы, даводзячы толькі колькасць рэкрутаў ва ўзросце ад 20 да 35 гадоў і падаючы магчымасць самім суполкам вызначаць, хто і на якіх падставах павінен быць здадзены у рэкруты. Тэрмін службы першапачаткова быў пажыццёвы, потым паступова скарачаўся.

Изображение

Апісанне прыкмет рэкрутаў з Навагрудскага павета Мінскай губерні. 1866 год

Аднак ваенная сістэма, заснаваная на рэкруцкім наборы і працяглым тэрміне службы, не дазваляла рашуча павялічыць колькасць гвардыі, арміі і флоту ў ваенны час без сур'ёзнай страты ў якасці камплектавання, ўзбраення, абмундзіравання і рыштунку. Ураду даводзілася ўтрымліваць у мірны час значныя ўзброеныя сілы (каля 1 млн чалавек), але ў ваенны час на пэўным тэатры вайны войскаў аказвалася недастаткова.

У 1874 годзе ў ходзе ваеннай рэформы рэкруцкая павіннасць была заменена вайсковай павіннасцю. Замест тэрміна «рэкрут» стаў выкарыстоўвацца тэрмін «навабранец».

Изображение

Ведамасць прызыўных участкаў Магілёўскай губерні. 1894 год

Рэзервам узброеных сіл Расійскай імперыі з’ялялася дзяржаўнае апалчэнне, якое склікалася толькі на час вайны, мела дапаможнае значэнне і складалася з фізічна здольных да ваеннай справы асоб, якія адбылі тэрмін службы ў пастаянных войсках або па якіх-небудзь прычынах былі ад яе вызвалены. Дзяржаўнае апалчэнне ў Расійскай імперыі адпавядала ландштурму ў Германіі і Аўстрыі, у Англіі – міліцыі.

Изображение

Форма абмундзіравання і ўзбраення дзяржаўнага апалчэння ўзору 1855 года

У фондах Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі захаваліся дакументы, якія асвятляюць развіццё ваеннай справы на беларускіх землях у часы Рэчы Паспалітай і Расійскай імперыі. Самы ранні дакумент, прадстаўлены на выставе, адносіцца да канца XVIII ст. Гэта заява Станіслава Калупайла аб аказанні яму дапамогі на ваенны рыштунак. На выставе прадэманстраваны паслужныя спісы і фатаграфіі вайскоўцаў, выявы воінскіх знакаў адрознення, абмундзіравання і шэраг іншых дакументаў.

 

 

Крыніцы:

 

Бохан Ю.М. Вайсковая справа ў Вялiкiм княстве Лiтоўскiм у другой палове XIV – канцы XVI ст. – Мiнск: Беларуская навука, 2008.

Волков В.А. Войны и дружины Древней Руси. – М.: Прометей, 2016.

Зайончковский П.А. Военные реформы 1860–1870 гг. в России. – М.: Изд-во Московского ун-та, 1952.

Керсновский А.А. История русской армии. – М.: Эксмо, 2006.

НИАБ. – Ф. 1231. – Оп. 1. – Д. 45. Описание примет рекрутов. 1866.

НИАБ. – Ф. 2053. – Оп. 1. – Д. 8. Циркуляры Министерства внутренних дел о призывных участках по Могилевской губернии. 1894.

НИАБ. – Ф. 2767. – Оп. 1. – Д. 26. Дело о форме одежды для генералов, штаб- и обер-офицеров. 1855.

Аўтары-складальнікі: 
намеснік дырэктара па навуковай працы С.М. Рындзін
Год выставы: 
2026