Мінск і род Радзівілаў: зямельныя ўладанні магнатаў у горадзе

Ужо з другога дзесяцігоддзя XVI ст. у складаную мазаіку гісторыі Мінска (Мінска) уплятаюцца падзеі і факты, што звязаны з прадстаўнікамі рода Радзівілаў, і без асвятлення якіх мінулае сённяшняй сталіцы не будзе дастаткова поўным.

Паступова Мінск пачынае набываць важкае месца сярод іншых гарадоў ВКЛ, а яго роля на агульнадзяджаўнай арэне з кожным годам узрастае. У XVІ ст. Мінск быў адным з самых буйных і лічыўся адным з наібольш шматлюдных гарадоў ВКЛ. Чым большы быў горад ці мястэчка, чым больш развітыя ў іх рамяство і гандаль, тым больш шляхта імкнулася заснаваць свае, няхай і невялікія, юрыдыкі. Апроч вышэйпералічанага, Мінск з другой паловы XVI ст. стаў месцам збору павятовых соймікаў, у горадзе рэгулярна (тры разы на год) праводзіліся паседжанні земскага суда, а з 1581 г. па 1775 г. раз у два гады паседжанні Галоўнага Трыбунала ВКЛ, таму нядзіўна, што прадстаўнікі рода Радзівілаў былі зацікаўленыя ў набыцці тут нерухомай маёмасці.

Патрэбна адзначыць, што ў горадах, як да часу надання прывілея на самакіраванне, так і пасля, існавалі духоўныя і свецкія ўладанні (юрыдыкі). Яны з’яўляліся адміністрацыйна адасобленымі часткамі і былі пад уладай шляхты, царквы або манастыра, а на іх жыхароў не пашыралася судовая і адміністрацыйная ўлада гарадскога самакіравання. Пачаткам для юрыдыкі было падараванне вялікім князем альбо набыццё шляхтай пляцаў зямлі і дамоў у гарадзе. Што датычыцца Мінска, то і ён не быў выключэннем. Напрыклад, у XVIІ ст., у дакуменце з кнігі «спраў вячыстых» мінскага магістрата ўзгадваюцца тыя юрыдыкі, якія на гэты момант існавалі ў горадзе. У запісе бурмістраў Мірона Філіповіча, Адама Сапатковіча і райцы «рочнага» (гадавога) на месцы лантвойта Аляксандра Жыткевіча аб выплаце падатка ратушнай юрыдыкай падатказбіральнікам Мінскага ваяводства ад 27 ліпеня 1667 г. пералічваюцца «юрыдыкі свецкія і духоўныя да розных кляштараў належачыя». Згадваліся юрыдыкі замкавая, жыдоўская, Метрапаліта, плябана (каталіцкая), дамініканаў, бенедыктынак, уніятак царквы Св. Духа, базыліянаў, манахаў капітулы Віленскай, Вазнясенскай, Зборавай (кальвіністкая), а таксама пана канюшага ВКЛ (князя Радзівіла), мсціслаўскага ваяводзіча Горскага (князя Друцкага-Горскага), пана Лукомскага, харунжага Мінскага ваяводства пана Вяжэвіча. Усе яны, згодна з пастановай ураднікаў, «самі ад сябе павіннасці паводле ўхвалы сеймавай да скарбу ВКЛ праз сваіх гаспадароў папаўняюць» [5, с. 391]. Аднак патрэбна заўважыць, што ўсё ж кантроль за выплатай падаткаў усімі адміністрацыйнымі цэнтрамі горада, якія не былі пад уладай самакіравання, належаў членам магістрата.

У названым спісе прысутнічае і юрыдыка князёў Радзівілаў, якая на той час была ўласнасцю канюшага ВКЛ Багуслава Радзівіла (1620-1669). Першыя ж згадкі ж аб іх зямельных уладаннях i заставе пляцаў - да 30-40-х гг. XVI ст.

У ф. 694 НГАБ «Радзівілы, князі» прысутнічае справа «Юридики Минские (материаллы, связанные с деятельностью Радзивиллов в городе Минске: грамоты, акты и др. документы о назначении Радзивилла войтом Минска, о владениях Радзивиллов в городе Минске и т. д.)» [2]. У справе дакументы размешчаныя ў чатырох фасцыкулах. У кожным з іх асобна на кожнае вызначанае зямельнае ўладанне маюцца не толькі справы на яго набыццё самімі Радзівіламі, але і дакументы ад былых уладальнікаў, якія разам маёмасцю перайшлі ў архіў князёў. На тры першыя фасцыкулы зроблены рэестр, але на цяперашні момант гэтыя справы пераблытаныя і часам не адпавядаюць чарзе іх запісу. Большасць дакументаў з’яўляюцца арыгіналамі на старабеларускай і польскай мове з пячаткамі і ўласнаручнымі подпісамі як сведкаў заключэння здзелак, так і саміх Радзівілаў, а таксама выпісы з кніг земскага суда і Галоўнага Трыбунала.

У першым фасцыкуле падшытыя справы «на дамы і палацы ў Мінску як прадажныя так і застаўныя». Два лісты на продаж ад Яцка Іванавіча Ратомскага пану Ежы Мікалаевічу Радзівілу на двор у Мінску і яму ж ад мінскага мешчаніна Богуша Еўлашэвіча ў 1536 г. на «адзінаццаць дворышч зямлі і сенажацей» [2, с. 1]. Сярод іншых дакументаў гэтага фасцыкула прысутнічаюць застаўныя лісты на дом з камораю, агарод і тры сенажаці, якія перадаваліся ў заставу некалькім асобам (у тыя часы двайная застава была звычайнай з’явай) [2, с. 12]. Пры ўдакладненні месцазнаходжання дома ў іншых дакументах, дадаецца, што ён знаходзіўся «у месте минским подле [церкви] Рождества Пречистое» [2, с. 14]. Ёсць і іншыя паведамленні аб наяўнасці каля гэтай царквы пляца Радзівілаў. У гэтым жа фондзе маецца справа, дзе змешчаны запіс ад 17 лютага 1621 г. князя Крыштапа Радзівіла (1585-1640). Яму быў прадстаўлены ліст чарніцамі «закону рэлігіі старажытнай грэцкай» пры царкве Нараджэння панны Марыі аб тым, што яго брат (Януш Радзівіл (1579-1620)) дазволіў ім будавацца пры гэтай царкве на яго грунце. Чарніцы прасілі, каб князь падцвердзіў дазвол і даў згоду на далейшае пражыванне [4, с. 1 адв.]. Узгаданы дазвол ад 24 студзеня 1614 г. на пражыванне на грунце князя Януша Радзівіла апублікаваны ў «Собрании древних грамот и актов городов Минской губернии, православных монастырей, церквей и по разным предметам» [7, с. 93]. Патрэбна адзначыць, што гэта царква Нараджэння Прачыстай Багародзіцы на вуліцы Нямігскай яшчэ ў 1619 г. была абаронена пратэстам Януша Радзівіла на судзе Галоўнага Трыбунала на мінскага ваяводу і старосту пана Пятра Тышкевіча ад перадачы яе уніятам [7, с. 129]. У дакуменце ад 22 мая 1626 г. гэтага ж зборніка згадваецца, што царква згарэла, у сувязі з чым князь Крыштап Радзівіл загадаў свайму служцы пану Яну Свалынскаму «у Мінску на пляцу нябожчыка брата майго пана віленскага царкву збудаваць на тым жа месцы, дзе першая была пабудавана, а пасля згарэла», і загадвае на гэту пабудову даць дрэва са сваёй пушчы [7, с. 155].

Сярод гэтых спраў на зямельныя ўладанні ў Мінску, даволі цікавым з’яўляецца дакумент з запісам аб прапанове лідскаму старосце, «віленскаму пану» (віленскаму ваяводзе) і гетману ВКЛ Ежы Мікалаевічу Радзівілу (1480-1541) пасады мінскага войта. Гэта ліст дарагіцкага войскага Яна Свяціцкага і яго пасерба (пасынка) Канстантына Аўрамавіча, якія даводзяць аб тым, што «войтаўства минскае не мает иншаму жадному жычычи, леч пану Юры Микалаевичу» [2, с. 16]. Але ніякіх звестак аб адказе Юры Радзівіла на такую прапанову не захавалася. Верагодна, па нейкіх прычынах (ці то смерці ў 1541 г. ці з-за чаго іншага) гетман вымушаны быў адмовіцца ад гэтай прапановы.

У другім фасцыкуле змешчаны дакументы на двор у Мінску, прададзены гетману ВКЛ Янушу Радзівілу ад земскай пісаравай пані Вяжэвічавай. У ім маюцца таксама дакументы куплі-продажу на яго ад іншых уладальнікаў, якія пасля былі перададзены пані Вяжэвічавай разам з сазнаннем ліста на продаж князю Радзівілу. Справа ў тым, што існаваў звычай, калі з пакупкай нерухомай маёмасці ўсе дакументы на яе ад ранейшых уладальнікаў пераходзілі да новага гаспадара. Такім чынам, да Януша Радзівіла трапілі дакументы аб продажы двора князем Станіславам Калускім пану Гладкаму, права на яго ад пана Гладкага земскаму пісару пану Вяжэвічу і падараванне пана Мікалая Вяжэвіча жонцы пані Марыанне Яцынічаўне гэтага двору. Сама пані Вяжэвічава прадала 30 мая 1651 г. двор з двума пляцамі за 3 тыс. 300 злотых польскіх, што для таго часу была даволі значная сума. У яе сазнанні аб продажы зафіксавана, што дом і пляц знаходзіліся «з аднаго боку ад двара ашмянскага старасты пана Адама Мацея Саковіча, тылам да двора мінскага мешчаніна Плявакі, а з другога боку ад вуліцы мінскага Збора (Зборавай) насупраць рынка» [2, с. 25 адв.].

У трэццім фасцыкуле знаходзяцца дакументы на дом у Мінску князя Самуэля з Друцка Горскага, які ў яго набыў польны гетман князь Крыштап Радзівіл, брат памерлага ў 1620 г. Януша Радзівіла і сын Крыштапа Радзівіла Перуна. Як і ў папярэднім фасцыкуле, там падшытыя правы на пляц і лісты на продаж ад папярэдніх яго ўладальнікаў – паноў Маслянкаў. Гэта было даволі заможны і ўплывовы род у Мінску, прадстаўнікі якога на працягу некалькіх стагоддзяў займалі значныя пасады ў гарадскім самакіраванні. У 1620 г. дом быў прададзены імі князю Горскаму, а ў 1623 г. яго ў апошняга набыў за 600 коп літоўскіх грошаў князь Крыштап Радзівіл. Толькі ў 1625 г. у кнігах земскіх «спраў вячыстых» Мінскага ваяводства, куды звычайна і ўносіліся справы такога кшталту, было актыкавана сазнанне князя Самуэля з Друцка Горскага аб продажы польнаму гетману ВКЛ князю Крыштапу Радзівілу «дома з пляцам, збудаванем і домікамі з пляцамі пры тым жа доме да Збору (кальвіністскага) і вуліцы прыбудаваным у Мінску на Новым месце ў рынку на рогу насупраць Збора, бокам да дамоў князя Рыгора Горскага і пана Анджэя Вілка» за 1500 злотых польскіх (600 коп грошай літоўскіх) з інтрамісіяй (уводам ва ўладанне) апошняга [2, с. 66]. Мажліва, такое месцазнаходжанне пляца Радзівілаў каля мінскага Кальвіністскага Збору не выпадковае. Вядома, што на мінскі Збор выдавалі сродкі Я.Радзівіл, Я.Жыжэмскі, А.Храпавіцкі. Акрамя гэтага, калі ў 1627 г. на партыкулярным сінодзе Беларускага дыстрыкта абмяркоўвалася пытанне пра ўзвядзенне новага будынка для яго, князь К.Радзівіл даў дрэва, цэглу і вапну, мінскі земскі пісар М.Вяжэвіч падараваў звон ды абяцаў даць каменю і пабудаваць кафэдру, а пан Я.Цадроўскі даў скрыню шкла [1, с. 291]. Такім чынам, знаходжанне зямлі князёў Радзівілаў каля Збору можа быць і невыпадковым, улічваючы некаторыя інтарэсы магнатаў. У 1666 г. князь Багуслаў Радзівіл аддаваў гэты пляц «па браце князю і пану ваяводзе віленскаму пазасталы ў месце Мінскім і зараз пусталяжачы на рогу ў рынку» у заставу выплатай 600 злотых польскіх наваградскаму падчашаму пану Яну Цадроўскаму «за зычлівыя паслугі, каб ужываў, будаваў на ім да жывата свайго» [2, с. 69].

Патрэбна адзначыць, што ў справе з чацвертага вопіса гэтага ж фонда маюцца пазначэнні аб наяўнасці ў радзівілаўскім архіве дакументаў аб гэтых продажах з другога і трэццяга фасцыкулаў. Разам з іншымі вопісамі да дакументаў архіваў, там змешчаны рэестр «дакументаў на мінскія юрыдыкі і палацы падкаморыя ВКЛ князя Дамініка Радзівіла», які дасылаў адзін са служак Радзівілаў 15 мая 1798 г. з Варшавы [3, с. 70].

Акрамя гэтых дадзеных, за перыяд другой паловы XVII ст. у кнізе «спраў вячыстых» мінскага магістрата, дзе актыкаваныя шматлікія запісы куплі-продажу мінскімі мяшчанамі нерухомай маёмасці, у некаторых апісаннях месцазнаходжання пляцаў і дамоў ёсць пазначэнні і аб зямельных уладаннях на гэты час князёў Радзівілаў у горадзе. У дакументах узгадваецца юрыдыка канюшанкі ВКЛ княжны Радзівіл па шляху ў Татарскі канец і яе пляц у Татарскім канцы каля татарына Хасеня [5, с. 914]. У іншым дакуменце пазначана, што гэты пляц знаходзіўся «каля пляца татарына Хасеня, насупраць вуліцы Татарскай і тылам да р. Свіслачы» [6, с. 1070], па дарозе з Васкрасенкай царквы у Татарскі канец каля пляца пана Паўла Алісеевіча і татарына Хазкевіча [5, с. 914, 935]. Там жа маюцца згадкі пра Аляксандра Селімановіча, які быў «войтам на ўрадзе Багуслава Радзівіла» [5, с. 644]. Так як у астатніх дакументах гэты чалавек сустракаецца як мінскі татарын, то хутчэй за ўсё ён быў войтам юрыдыкі ў Татарскім канцы. Двор Радзівілаў каля пляца Завішаў размяшчаліся тылам да пляца Пашкоўскага [5, с. 343]. Вядома, што маршалак ВКЛ і мінскі староста Крыштап Завіша меў «пляц замкавы» на вуліцы Юраўскай, а пан Пашкоўскі, на жаль, больш не ўзгадваецца. Пры супастаўленні і далейшай працы з дакументамі мажліва больш дакладнае лакалізацыя гэтых пляцаў і іншых уладанняў князёў Радзівілаў. Акрамя гэтага, неабходна звярнуцца да пазнейшых звестак ад месцазнаходжанні іх зямельнай уласнасці ў Мінску, межы якой відавочна пашыраліся з кожным стагоддзем.


Cпасылкi:

* Н.М. Статкевіч “Мінск і Радзівілы: зямельныя ўладанні магнатаў у горадзе”// Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Нясвіжскі палац Радзівілаў: гісторыя, новыя даследаванні. Вопыт стварэння палацавых музейных экспазіцый” (Нясвіж, 20 кастрычніка 2009 г.) Нясвіж, 2010

1. Вялікае Княства Літоўскае: у 2 т. – Мінск, 2006. - Т. 2.

2. НГАБ, ф. 694, воп. 1, справа 161.

3. НГАБ, ф. 694, воп. 4, справа 5923 .

4. НГАБ, ф. 694, воп. 7, справа 1036.

5. НГАБ, ф. 1816, воп. 1, справа 1.

6. НГАБ, ф. 1816, воп. 1, справа 54.

7. Собрание древних грамот и актов городов Минской губернии, православных монастырей, церквей и по разным предметам. Минск, 1848.

Автор статьи: 
Палтаржыцкая (Статкевіч) Надзея Мікалаеўна
Должность: 
вядучы навуковы супрацоўнік аддзела старажытных актаў Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі