На сайце Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі размешчана віртуальная выстава, прысвечаная 110-годдзю з дня заснавання Мінскага настаўніцкага інстытута

Нацыянальным гістарычным архівам Беларусі падрыхтавана і размешчана на сайце архіва віртуальная выстава «Мінскі настаўніцкі інстытут: да 110-годдзя з дня заснавання».

У 2024 годзе спаўняецца 110 гадоў з дня адкрыцця Мінскага настаўніцкага інстытута – установы, якая рыхтавала настаўнікаў для вышэйшых пачатковых вучылішчаў. У 1918 годзе настаўніцкі інстытут быў ператвораны ў Мінскі педагагічны інстытут, які цяпер вядомы як Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка.

На выставе дэманструюцца дакументы за 1910-1921 гг., якія раскрываюць абставіны стварэння дадзенай навучальнай установы і выбар месца яе размяшчэння, адлюстроўваюць асабовы склад выкладчыкаў і студэнтаў у розныя гады, асвятляюць працэс эвакуацыі інстытута ў 1915 годзе у Яраслаўль і яго вяртання ў Мінск у другой палове 1918 года.

 У склад выставы ўвайшлі таксама матэрыялы, звязаныя з асобай Усевалада Ігнатоўскага – знакамітага беларускага нацыянальнага дзеяча, аднаго з першых кіраўнікоў інстытута.

Выяўленне і адбор матэрыялаў праведзены вядучым навуковым супрацоўнікам НГА Беларусі Уладзімірам Дзянісавым.

Азнаёміцца са зместам выставы можна тут.