Мінскі Настаўніцкі Інстытут: да 110-годдзя з дня заснавання
Мінскі настаўніцкі інстытут быў створаны 1 (14) ліпеня 1914 года, паводле загада Міністэрства народнай адукацыі, як педагагічная навучальная установа, якая рыхтавала настаўнікаў для вышэйшых пачатковых вучылішч. Інстытут непасрэдна падпарадкоўваўся папячыцелю Віленскай навучальнай акругі. Першым дырэктарам інстытута быў прызначаны Д. Сцяпура, які да гэтага быў дырэктарам Рагачоўскай настаўніцкай семінарыі. Ён узначальваў Мінскі настаўніцкі інстытут з 1 ліпеня 1914 да 10 сакавіка 1918 года. 21 лістапада 1914 года адбылося ўрачыстае адкрыццё Мінскага настаўніцкага інстытута. У мерапрыемстве прынялі ўдзел дырэктар інстытута Д. Сцяпура, мінскі губернатар А. Гірс, віцэ-губернатар М. Чаныкаеў, начальнік Мінскай ваеннай акругі барон Раўш фон Траўбенберг, епіскап мінскі і тураўскі Мітрафан, епіскап слуцкі Феафілакт і іншыя.
Тэрмін навучання ў інстытуце складаў 3 гады. У яго прымаліся асобы мужчынскага полу праваслаўнага веравызнання, якія мелі не менш за 2 гады стажу настаўніцкай працы. Інстытут утрымліваўся за кошт дзяржавы. У склад педагагічнай рады інстытута ў розны час уваходзілі У. Ігнатоўскі, К. Кудзін, М. Гамолка, З. Полазаў, Я. Каранеўскі, В. Андэрсан, М. Байкоў, В. Іваноўскі, Я. Карскі, А. Неканда-Трэпка, Ч. Родзевіч, Б. Тарашкевіч і іншыя. Навучальныя праграмы інстытута арыентаваліся на ўзровень сярэдняй школы. Педагагічныя дысцыпліны, багаслоўскі курс, гісторыя і літаратура выкладаліся па праграмах, набліжаных да ўзроўню вышэйшай школы.
Першапачаткова Мінскі настаўніцкі інстытут быў размешчаны ў прыватным двухпавярховым мураваным будынку Ш. Бярковіча, які знаходзіўся на рагу Захар’еўскай і Садовай вуліц, дзе перад гэтым знаходзілася 3-е Мінскае чатырохкласнае гарадское вучылішча. Мінская гарадская ўправа вылучыла для размяшчэння інстытута зямельны пляц у цэнтральнай частцы горада. Адначасова быў распрацаваны і зацвержаны праект пабудовы адмысловага будынка, у якім планавалася размясціць гэты інстытут, але гэтым планам перашкодзілі падзеі Першай сусветнай вайны.
У верасні 1915 года Мінскі настаўніцкі інстытут быў эвакуіраваны ў горад Яраслаўль. У Яраслаўлі інстытут першапачаткова быў размяшчаны ў будынку М. Лібкен на Духаўскай вуліцы, а з 5 ліпеня 1916 г. ён знаходзіўся ў доме В. Нявінскай на рагу Раманаўскай і Любімскай вуліц.
У эвакуацыі навучальнаму працэсу перашкаджалі масавая мабілізацыя студэнтаў, кватэрная неўладкаванасць і адсутнасць неабходных сродкаў. Паступова навучальны працэс быў наладжаны. У 1916 годзе ў інстытуце пачалі факультатыўна выкладацца замежныя мовы і былі створаны аднагадовыя педагагічныя курсы для падрыхтоўкі настаўнікаў вышэйшых пачатковых вучылішчаў. На гэтыя курсы прымаліся дзяўчаты, пераважна бежанкі з Беларусі.
У 1917–1918 навучальным годзе пры Інстытуце было створана узорнае вышэйшае пачатковае вучылішча.
Мінскі педагагічны інстытут з’яўляўся вышэйшай навучальнай установай, якая рыхтавала настаўнікаў сярэдніх школ. Тэрмін навучання ў інстытуце складаў 4 гады. У інстытуце існавалі літаратурна-мастацкі, сацыяльна-гістарычны, прыродазнаўчы, геаграфічны, фізіка-хімічны і фізіка-матэматычны факультэты. У ім навучалася каля 150 студэнтаў. Інстытут меў фізічны і педагагічны кабінеты, хімічную лабараторыю і бібліятэку, якая налічвала каля 5 тысяч тамоў. У карыстанне інстытуту быў перададзены былы Мінскі гарадскі музей. За інстытутам ва ўрочышчы Антонаўка быў замацаваны фальварак, дзе існавалі агранамічныя, батанічныя, заалагічныя лабараторыі, біялагічны кабінет, доследнае сельскагаспадарчае поле, ферма, метэаралагічная станцыя і інш. У навучальным працэсе асноўная ўвага надавалася педагагічным дысцыплінам.
На працягу 1919–1920 навучальнага года выкладанне ў інстытуце паступова пераводзілася на беларускую мову. Адбылася рэарганізацыя факультэтаў. У 1920 годзе інстытут быў пераведзены ў будынак былой Мінскай праваслаўнай духоўнай семінарыі (сучасны будынак Мінскага ваеннага сувораўскага вучылішча на вуліцы Багдановіча ў Мінску). Пры інстытуце была створана аспірантура, а таксама спецыяльная камісія па выпрацоўцы беларускай навуковай тэрміналогіі. Інстытуту была падпарадкавана Мінская балотная доследная станцыя. Інстытут заклаў падмурак для арганізацыі пачатковай і сярэдняй школьнай адукацыі ў Беларусі, настаўніцкіх курсаў, распачаў працу па выданні школьных падручнікаў на беларускай мове. У жніўні 1920 года Мінскі педагагічны інстытут быў рэфармаваны ў Мінскі інстытут народнай адукацыі.
У Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі захоўваецца значная колькасць дакументаў, звязаных з гісторыяй стварэння і дзейнасці Мінскага настаўніцкага інстытута за 1914–1919 гады, а таксама матэрыялы аб яго рэарганізацыі ў вышэйшую навучальную ўстанову. У архіве на захаванні маецца асобны фонд “Мінскі настаўніцкі інстытут” (Ф. 478), які налічвае 349 спраў: пратаколы пасяджэнняў педагагічнай рады інстытута, асабовыя справы студэнтаў і выкладчыкаў інстытута, справаздачы аб стане інстытута, матэрыялы аб дзейнасці педагагічных курсаў, а таксама іншыя матэрыялы навуковага і гаспадарчага характару.
Крыніцы:
Ляхоўскі У. Мінскі настаўніцкі інстытут; Мінскі беларускі педагагічны інстытут // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі.: У 6 т. Т. 5. Мінск, 1999. С. 183, 189–191.
Ляхоўскі У. В. Прадвеснік Адраджэння // Адукацыя і выхаванне. 1994. № 11.
Новик Е. К. Формирование кадров народного образования Белоруссии (1917–1941 гг.). Минск, 1981.
Шыбека З. В., Шыбека С. Ф. Мінск: Старонкі жыцця дарэвалюцыйнага горада. Мн., 1994.