Міжнародны дзень турызму
Развіваючы сучасную экскурсійна-турыстычную сферу нельга абысціся без усебаковага аналізу гістарычнага вопыту. Справаздачы і апісанні экскурсій і турыстычных паездак, якія захаваліся, даюць магчымасць рэканструяваць грамадскія, эканамічныя, культурныя і канфесійныя працэсы, якія адбываліся на беларускіх землях у азначаны час, азнаёміцца з гісторыяй паўсядзённасці, атрымаць апісанні і выявы страчаных, або значна відазмененых гісторыка-культурных помнікаў. Аналіз дакументальнай базы дапамагае прасачыць сувязь экскурсійна-турыстычнай справы з адукацыяй, культурай і дзяржаўнай палітыкай у беларускім краі. Даследаванне гісторыі турызму дазволіць паказаць станаўленне яго традыцый у Беларусі, працэс фарміравання каштоўнасных установак беларускага грамадства (гасціннасць, паважлівасць у адносінах да іншых народаў, талерантнасць да прадстаўнікоў іншых народаў і канфесій і інш). Вывучэнне назапашанага вопыту мінулых пакаленняў спрыяе фарміраванню патрыятызму і гонару за свой народ, які нягледзячы на даволі складаныя эканамічныя і грамадска-палітычныя ўмовы сярэдзіны ХІХ – пачатку ХХ ст. на беларускіх землях змог далучыцца да такіх перадавых еўрапейскіх тэндэнцый, як экскурсійны і турыстычны рух. У канцы ХІХ – пачатку ХХ ст. экскурсіі і турыстычныя паездкі паступова становяцца элементам грамадскага і культурнага жыцця пэўнай часткі насельніцтва беларускіх губерняў. Мадэрнізацыя і адыход ад традыцыйнага грамадства, уплыў заходнееўрапейскіх культурных і адукацыйных тэндэнцый, пачатак фарміравання нацыянальнай самасвядомасці спрыялі росту пазнавальнай актыўнасці. Турызм становіцца адным са спосабаў задавальнення ўзрастаючага інтарэсу як да айчыннай гісторыі і культуры, так і да сусветнай.
Праявы турыстычнай дзейнасці, у першую чаргу лячэбна-аздараўленчы турызм, назіраліся на беларускіх землях яшчэ да сярэдзіны ХІХ ст. Аднак такія паездкі былі нерэгулярнымі, нешматлікімі, і датычыліся вышэйшага шляхецтва. Актывізацыя лячэбна-аздараўленчага і медыцынскага турызму на беларускіх землях назіраецца ў канцы ХІХ ст., калі паступова ў яго ўцягваюцца сярэдні клас, буржуазныя слаі грамадства. Забяспечаныя выхадцы з беларускіх губерняў аддавалі перавагу заходнееўрапейскім курортам, што звязана з даўняй традыцыяй аздараўлення і адпачынку за мяжой, наяўнасцю там высакаякасных медыцынскіх паслугам і новых метадаў лячэння і аздараўлення. Для эліты грамадства наведванне такіх месцаў было не толькі магчымасцю паправіць здароўе, але і спосабам пацвярджэння свайго высокага сацыяльнага статусу. У азначаны перыяд айчынныя месцы адпачынку, за рэдкім выключэннем, не мелі магчымасці аказання паслуг высокага ўзроўню.
У сувязі з тым, што ў мясцовай прэсе тэма лячэбна-аздараўленчага турызму асвятлялася яшчэ недастаткова, інфармацыю аб адпачынку на курортах і ў санаторыях можна было атрымаць ва ўрачэбных аддзяленнях губернскага праўлення, а таксама ў газеце «Курорты і лячэбныя месцы», якая выдавалася ў Маскве і дасылалася ва ўсе губерні.
Развіццё замежнага медыцынскага турызму стрымлівала забюракратызаваная і строга рэгламентаваная працэдура атрымання замежнага пашпарту. Нават прадстаўнікам вышэйшага дваранства неабходна было сабраць значную колькасць даведак: медыцынскую ад павятовага ўрача, які рэкамендаваў лячэнне за мяжой, земскага іспраўніка аб адсутнасці нядоімак і не ўдзеле ў паўстанні 1831–1832 гг. (або 1863–1864 гг.), ад паліцмайстра аб адсутнасці крымінальнага і грамадзянскага праследавання, характарыстыку і паручыцельства ад губернскага прадвадзіцеля дваранства.
Вызначальнай рысай экскурсійна-турыстычнай дзейнасці на беларускіх землях у канцы ХІХ – пач. ХХ ст. з’яўляецца дастаткова актыўнае яе развіццё ў навучальных установах, дзе была атрымана падтрымка з боку Міністэрства народнай асветы. Так 2 жніўня 1900 года міністр народнай асветы выдае цыркуляр папячыцелям навучальных акруг (№ 20.185), у якім абавязковыя летнія работы вучняў, уведзеныя цыркулярам № 168 ад 1 студзеня 1873 г., адмяняюцца. Замест іх уводзяцца прагулкі і падарожжы. Да таго ж, ад кіраўнікоў навучальных акруг патрабавалася накіроўваць справаздачы аб праведзеных прагулках, падарожжах, экскурсіях і ўмовах іх правядзення ў Міністэрства народнай асветы.
Наступным крокам прызнання важнасці правядзення экскурсій у навучальных установах стала распараджэнне Міністра народнай асветы «Аб узнагароджанні выкладчыкаў прыродазнаўства за экскурсіі з навучэнцамі». Нормы ўзнагароджання за кожную экскурсію складалі: 5 руб. за гарадскую і 10 руб. за загарадную.
Станоўча ацанілі арганізацыю экскурсій для навучэнцаў бацькоўскія і папячыцельскія камітэты, прадстаўнікі грамадства, Праваслаўная царква. Падрыхтоўка і ажыццяўленне экскурсій у навучальных установах, пры адсутнасці спецыяльных арганізацый, адбывалася сіламі настаўнікаў-энтузіястаў.
Для арганізацыі экскурсій і турыстычных паездак, асабліва дальніх, неабходна было выкарыстоўваць транспарт, у першую чаргу рачны і чыгуначны. У 1898 г. Рускае таварыства параходства і гандлю прадставіла навучэнцам усіх без выключэння дзяржаўных навучальных устаноў, пры праездзе на параходах таварыства льготы, а іменна: 50 % з цаны пераезда ў ІІІ класе і 25 % з цаны пераезда без харчавання ў ІІ класе. Льгота распаўсюджвалася як на ўнутрыдзяржаўныя лініі, так і замежны. Значную фінансавую палёгку арганізацыі экскурсій унёс прыняты 9 сакавіка 1902 г. Міністэрствам шляхоў зносін тарыф на праезд па чыгунцы навучэнцаў, якія адпраўляюцца ў адукацыйныя экскурсіі (Спецыяльны тарыф № 6900 з усімі наступнымі дапаўненнямі і змяненнямі). Кошт білетаў для іх прыраўнялі да кошту дзіцячых білетаў ІІІ класа на працягу ўсяго маршрута – ад пачатковай да канцавой станцыі. Для навучэнцаў ніжэйшых навучальных ўстаноў пры адлегласці паездкі да 50 вёрст прадугледжваўся бясплатны праезд. У 1912 г. быў ўведзены новы тарыф № 200-1912, у які былі ўнесены некаторыя змяненні. Так пасведчанні на льготны тарыф навучальныя ўстановы маглі атрымаць толькі пры прад’яўленні дазволу на арганізацыю экскурсіі і зацверджанага спісу экскурсантаў.
Згодна з патрабаваннем Міністэрства народнай асветы і Міністэрства ўнутраных спраў, навучальныя ўстановы павінны былі накіраваць запыт губернскім уладам, куды накіроўваліся экскурсанты, аб адсутнасці перашкод да іх прыезду, прыкладаць спіс удзельнікаў і пералік месц, якія планавалі наведаць. Згодна з сакрэтным цыркулярным распараджэннем Міністэрства народнай асветы ад 8 мая 1912 г. для прадухілення ўдзелу ў экскурсіях нядобранадзейных асоб у спіс экскурсантаў неабходна было ўносіць прозвішча, імя і імя па бацьку, нацыянальнасць, званне.
Кантроль за экскурсійнай дзейнасцю навучальных устаноў прадвызначаў іх тэматыку. Напрыклад цыркулярам ад 30 студзеня 1912 г. папячыцель Віленскай навучальнай акругі рэкамендаваў «у бягучым годзе ажыццяўляць экскурсіі ў гарады і мясцовасці, якія звязаны з успамінамі аб Айчыннай вайне 1812 г.».
У другой палове ХІХ ст. на беларускіх землях актуалізаваўся рэлігійны турызм. Прыярытэтнае значэнне і падтрымка надаваліся праваслаўным рэлігійным турыстычным аб’ектам, што было выклікана імкненнем улады Расійскай імперыі ўмацаваць пазіцыі праваслаўнай царквы ў рэгіёне і паказаць яго «спрадвечна рускі і праваслаўны характар». Асаблівую папулярнасць сярод паломнікаў і турыстаў набывае Полацк у сувязі з перанясеннем у Полацкі Спаса-Еўфрасініеўскі жаночы манастыр мошчаў святой Еўфрасінні Полацкай у 1910 г.
У канцы ХІХ – пачатку ХХ ст. нашы суайчыннікі асвоілі яшчэ адзін турыстычны кірунак – наведванне выстаў, якія выклікалі цікавасць сваімі незвычайнымі экспанатамі і дэманстрацыяй тэхнічнага прагрэсу.
У пачатку ХХ ст. у Расійскай імперыі, у тым ліку і беларускіх землях, экскурсійная і турыстычная дзейнасць пад уплывам змен у сацыяльна-эканамічным развіцці пачынае даволі актыўна пранікаць не толькі ў сферы культуры, адпачынку і рэкрэацыі, але і вытворчыя сферы дзейнасці, напрыклад сельскую гаспадарку. Мінскае таварыства сельскай гаспадаркі ў пачатку ХХ ст. не спынялася на экскурсіях толькі ў межах беларускіх губерняў. Яно пачынае арганізоўваць адукацыйныя і пазнавальныя экскурсіі для сельскіх гаспадароў у еўрапейскія краіны. Беларускія сяляне уключаюцца ў экскурсійныя праграмы таварыства «Рускае зерне».
Нягледзячы на складаную сітуацыю ў гады Першай сусветнай вайны, экскурсійная і турыстычная дзейнасць на не акупіраванай тэрыторыі Расійскай імперыі прадаўжалася. У ваенны час Міністэрства народнай асветы па-ранейшаму падтрымлівала і кантралявала экскурсійную дзейнасць, якую ажыццяўлялі ўстановы адукацыі, лічачы экскурсіі неад’емнай часткай вучэбнага і выхаваўчага працэсу. Аб гэтым сведчаць дакументы, якія накіроўваліся на месцы. Так у паведамленні Дэпартамента народнай асветы ад 27 лістапада 1915 г. патрабавалася «Прыдаць адукацыйным экскурсіям характар абавязковага фактару адукацыі ў сярэдняй школе». Не спынілася экскурсійная дзейнасць і сярод навучальных устаноў, якія знаходзіліся ў эвакуацыі. Так у справаздачы Полацкай мужчынскай гімназіі за 1916 г. адзначаецца, што навучэнцы прынялі ўдзел ў экскурсіях па горадзе Яраслаўлі (тут знаходзілася ўстанова падчас вайны) і яго ваколіцах. Аднак ваенны час наклаў сур’ёзныя абмежаванні на экскурсійную дзейнасць у навучальных установах. Па рашэнні Міністэрства фінансаў і Міністэрства шляхоў зносін, на перыяд ваенных дзеянняў спынялася дзейнасць льготнага тарыфу № 200-1912 г., устаноўленага на праезд навучэнцаў, якія адпраўляюцца на адукацыйныя экскурсіі. У сувязі з абставінамі ваеннага часу і неабходнасцю тэрміновай перавозкі салдат і грузаў, папячыцель Віленскай навучальнай акругі рэкамендаваў праводзіць экскурсіі без выкарыстання чыгункі.
Такім чынам, у сярэдзіне ХІХ – пачатку ХХ ст. на беларускіх землях адбываецца станаўленне розных відаў экскурсійнай і турыстычнай дзейнасці, у якую паступова ўцягваюцца розныя слаі насельніцтва. Айчынны турызм базіраваўся на грамадскіх пачатках і характарызаваўся адсутнасцю камерцыйных структур. Арганізатарамі выступалі ў асноўным грамадскія таварыствы і ўстановы адукацыі, для якіх такая дзейнасць не з’яўлялася асноўным заняткам, і расійскія турыстычныя арганізацыі. Выязны турызм быў характэрны больш для заможных катэгорый насельніцтва. Беларусь пачынаюць наведваць замежныя падарожнікі, аднак гэты працэс меў значна больш марудныя тэмпы, чым унутраны турызм. Прыток турыстаў на беларускія землі, у параўнанні з іншымі рэгіёнамі Расійскай імперыі, быў нязначны. Беларускія губерні не ўключаліся ў турыстычныя маршруты, так як у другой палове ХІХ ст. на іх тэрыторыі яшчэ не завяршылася дзяржаўнае, так званае, «сімвалічнае засваенне прасторы».
У сувязі з тым, што значная колькасць турыстычных арганізацый у Расіі існавала пры вышэйшых навучальных установах, іх закрыццё ў Беларусі пазбавіла мясцовых жыхароў магчымасці не толькі атрымаць вышэйшую адукацыю на радзіме, але і далучыцца да турыстычнага руху. Яшчэ адной асаблівасцю з’яўляецца адсутнасць да пачатку ХХ ст. у беларускіх губернях земстваў, якія ва ўнутраных расійскіх губернях даволі актыўна падтрымалі экскурсійную і турыстычную дзейнасць, асабліва ў сферы адукацыі. Больш значная экскурсійная і турыстычная актыўнасць назіралася толькі ў пач. ХХ ст., аднак масавы турызм да Першай сусветнай вайны не стаў для беларускіх зямель рэальнасцю.
Літаратура
Дулов, А. Н. История путешествий и туризма / А. Н. Дулов, К. А. Дюхова, Д. В. Юрчак.– Витебск : Витеб. гос. ун-т, 2011. – 139 с.
Зянько, А. Л. Арганізацыя экскурсій у навучальных установах Віленскай навучальнай акругі / А. Л. Зянько // «Долгий ХIХ век» в истории Беларуси и Восточной Европы: исследования по Новой и Новейшей истории : сб. науч. трудов / редкол.: И. А. Марзалюк (пред.) и [др.]. – Минск : РИВШ, 2023. – Вып. 7. – Ч. 2. – С. 226–234.
Зянько, А. Л. Дакументы Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі як крыніца па гісторыі экскурсійна-турыстынай дзейнасці на беларускіх землях у сярэдзіне ХІХ – пачатку ХХ ст. / А. Л. Зянько // Архіварыус: зб. навук. паведамл. і арт. / рэдкал. : В. Ф. Голубеў (гал. рэд.) [і інш.]. – Минск : НГАБ, 2023. – Вып. 21. – С. 123–135.
Зянько, А. Л. Выязны медыцынскі турызм у беларускіх губернях у сярэдзіне ХІХ – пачатку ХХ ст. / А. Л. Зянько // Мадэрнізацыя і працэсы сацыяльных трансфармацый у Беларусі ў канцы XVIII –пачатку XXI стагоддзя : матэрыялы міжнар. навук. канф., Мінск, 17 лістап. 2023 г. / Беларус. дзярж. ун-т ; рэдкал.: А. Г. Каханоўскі (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск : БДУ, 2023. – С. 77–84.
Зянько, А. Л. «Статут аб пашпартах і беглых» 1832 г. як фактар стрымлівання свабоды перамяшчэння ў беларускім грамадстве ў ХІХ ст. / А. Л. Зянько // Архівы і архівісты Беларусі. Рух па шляху развіцця : матэрыялы навук.-практ. канф., прысвечанай 85-годдзю Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі, Мінск, 4 ліпеня 2023 г. / НГАБ ; рэдкал.: А. Л. Воінаў (ст.) і [інш.] – Мінск : НГАБ, 2024. – С. 138–147.
Зянько, А. Л. Уплыў Першай сусветнай вайны на развіццё турызму і экскурсійнай дзейнасці ў Расійскай імперыі / А. Л. Зянько // Архівы і справаводства. – 2024. – № 4. – С. 81–86.