Аб перадачы рэдкіх выданняў у Нацыянальную бібліятэку Беларусі

У 2022 г. у працэсе ўпарадкавання фонду навукова-даведачнай бібліятэкі Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі работнікамі ўстановы былі разабраны і апісаны няўлічаныя па бібліятэчных каталогах матэрыялы (галоўным чынам, кнігі і газеты XIX – першай паловы XX ст.), якія захоўваліся ў звязках і каробках з часу пераезду архіва у будынак па адрасе вул. Крапоткіна, 55.

Па выніках апісання і разбору няўлічаных дакументаў экспертна-метадычнай камісіяй НГА Беларусі было прынята рашэнне ўключыць профільныя матэрыялы, якія адпавядаюць храналагічным і геаграфічным рамкам асноўнага комплексу дакументаў архіва, у склад бібліятэкі НГА Беларусі, а частку няпрофільных матэрыялаў – перадаць вядучым рэспубліканскім бібліятэкам.

У сярэдзіне студзеня 2023 г. Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі было прынята ў свае фонды 456 пазіцый друкаваных матэрыялаў, у тым ліку, газеты, кнігі, часопісы і брашуры XIX – пачатку XX ст. Пры афармленні іх прыёмкі супрацоўнікі бібліятэкі адзначылі высокі ўзровень папярэдняй апрацоўкі, праведзенай работнікамі архіва. У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі гэтыя матэрыялы пройдуць неабходную апрацоўку і рэстаўрацыю, пасля чаго стануць даступнымі шырокаму колу чытачоў.

У бліжэйшы час таксама плануецца перадаць партыю кніг і перыядычных выданняў з ліку раней няўлічаных, разабраных і апісаных работнікамі НГА Беларусі Віцебскай абласной бібліятэцы ім. У.І.Леніна.

Изображение