Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі прыйшоў у школы г. Мінска

Важнай задачай любога архіва з’яўляецца не толькі захаванне і выкарыстанне сваіх збораў, але і вядзенне папулярызацыйнай работы – азнаямленне як мага больш шырокага кола людзей з тымі скарбамі, якія захоўваюцца ў яго фондах.

Менавіта таму 1 верасня 2022 г. стаў асаблівым днём і для супрацоўнікаў Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі. У Дзень ведаў супрацоўнікі архіва прыйшлі на першыя ўрокі ў школы г. Мінска. Намеснік дырэктара архіва Ірына Каўганава, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела навукова-даследчай дзейнасці Маргарыта Кароль, вядучы архівіст аддзела інфармацыйна-пошукавых сістэм Алёна Любая і загадчык аддзела выкарыстання дакументаў і інфармацыі Вольга Чарвінская правялі першыя ўрокі на тэму «Гістарычная памяць – дарога ў будучыню» ў сярэдніх школах №№ 4 і 27 г. Мінска. Архівісты распавялі вучням пра тое, што такое архівы, для чаго яны існуюць у нашай дзяржаве, як яны фарміраваліся на беларускіх землях у розныя гістарычныя перыяды, а таксама пра тое, якія дакументы захоўваюцца менавіта ў НГА Беларусі. Некаторыя рэдкія і цікавыя дакументы былі прадэманстраваны вучням і іх настаўнікам у электронным ці арыгінальным выглядзе.

Асаблівую ўвагу архівісты прысвяцілі тэме таго, што гістарычная памяць – гэта таксама памяць кожнага чалавека пра сваіх блізкіх і далёкіх продкаў, і калі чалавечая памяць праз пакаленні можа губляцца, то дакументы здольныя захоўваць звесткі пра людзей доўгія стагоддзі. Сведчаннем гэтага з’яўляецца вялікая колькасць даследчыкаў уласнай генеалогіі, якія рэгулярна наведваюць чытальную залу архіва.

Падобная папулярызацыйная работа ўпершыню была праведзена ў такім фармаце, калі не навучэнцы прыходзяць у архіў, а архівісты ідуць у навучальныя ўстановы, паказваюць дакументы і распавядаюць пра іх каштоўнасць.

Изображение

Изображение

Изображение

Изображение