Ракаўская царква

Першыя дакументы, у якіх згадваецца маёнтак і двор Ракаў, датуюцца паміж 1440 і 1444 гг. У гэты час яны знаходзіліся ва ўласнасці караля польскага і вялікага князя літоўскага Казіміра Ягелончыка. 16 красавіка 1465 г. Казімір Ягелончык падараваў маёнтак Ракаў у Заслаўскім павеце віленскаму ваяводзе і канцлеру Вялікага Княства Літоўскага Міхаілу Кезгайлавічу. Пасля яго смерці ў 1476 г. Ракаў перайшоў да яго брата Яна Кезгайлавіча, а потым (пасля 1484 г.) да сына апошняга – Мікалая. У 1528 г. пасля смерці Мікалая Кезгайлы Ракаў адышоў яго стрыечнаму брату Станіславу. Кезгайлы валодалі Ракавам да 1555 г., затым маёнтак перайшоў ва ўласнасць роду Завішаў. У гэты ж час Ракаў у пісьмовых крыніцах упершыню згадваецца як мястэчка. Але яшчэ ў 1547 г. у дакументах сустракаецца прозвішча ракаўскага мешчаніна Лапаты, што з’яўляецца сведчаннем існавання Ракава як мястэчка альбо горада ўжо ў гэты час. У 1556 г. Ракаў згадваецца як «замочок», а ў 1559 г. як горад («место») і «Раковский замок», які належаў Яну Завішу. З 1562 г. маёнткам Ракаў фактычна валодаў князь Андрэй Вішнявецкі. У 1582 г. маёнтак і горад Ракаў зноў перайшлі да Завішаў. У другой палове XVI ст. у Ракаве з’явілася яўрэйская грамада. У 1645 г. Ракаў перайшоў ва ўласнасць віцебскага ваяводы Сімяона Сангушкі ў выніку яго шлюбу з Ганнай Завіша. Сімяон Сангушка абвясціў ракаўскія землі графствам і пачаў называць сябе графам Ракаўскім. У 1676 г. паводле фундацыі Гераніма Сангушкі і его жонкі Канстанцыі з Сапегаў у Ракаве быў заснаваны кляштар дамініканцаў і пабудаваны першы драўляны касцёл св. Яцека. У 1701 г. у Ракаве паводле фундацыі надворнага маршалка Вялікага Княства Літоўскага князя Казіміра-Антонія Сангушкі быў заснаваны манастыр базыліян. У гэтым жа годзе кароль Рэчы Паспалітай Аўгуст ІІ надаў Ракаву прывілей на правядзенне двух кірмашоў у год. У 1779 г., калі Ракаў меў статус горада, у ім налічвалася 297 двароў, 24 крамы, працавала больш за 90 рамеснікаў. Сангушкі валодалі ракаўскімі маёнткамі да другой паловы XVIII ст.

Ракаўская Спаса-Праабражэнская царква. Фота Яна Балзукевіча. Пач. ХХ ст. ЦНБ НАН Беларусі
Ракаўская Спаса-Праабражэнская царква. Фота Яна Балзукевіча. Пач. ХХ ст. ЦНБ НАН Беларусі
 

Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 г. Ракаў увайшоў у склад Расійскай імперыі як мястэчка на тэрыторыі Мінскага павета Мінскай губерні. У 1794 г. ён быў канфіскаваны і паводле ўказа Кацярыны ІІ перададзены графу генерал-аншэфу Мікалаю Салтыкову. У пачатку XIX ст. у мястэчку Ракаў налічвалася 276 двароў, 932 жыхары, манастыр базыльян і кляштар дамініканцаў, а таксама сінагога і некалькі яўрэйскіх школ. У тагачасных дакументах (1800) згадваецца вялікая мураваная сядзіба са службамі «изрядной архитектуры». На рынкавай плошчы знаходзіўся будынак ратушы і каля 20 мураваных крам, пабудаваных квадратам, працавалі два вадзяныя млыны. У 1804 г. граф Мікалай Салтыкоў прадаў Ракаў Ваўжынцу Здзяхоўскаму, нашчадкі якога валодалі мястэчкам да канца 1930-х гг.

Изображение
Рыначная плошча ў мястэчку Ракаў. Фота 1920–1930-х гадоў. З прыватнай калекцыі
 

У першай палове XIX ст. тут працавалі бровары, ганчарны і цагельны заводы. У 1843 г. пачала дзейнічаць мануфактура па вырабу розных сельскагаспадарчых машын і прылад. У сярэдзіне ХІХ ст. у Ракаве налічвалася каля 200 дамоў і тры тысячы жыхароў. У другой палове XIX – пачатку XX ст. населены пункт з’яўляўся цэнтрам воласці ў Мінскім павеце Мінскай губерні. У 1863 г. у мястэчку было заснавана народнае вучылішча, а ў пачатку ХХ ст. дзейнічалі мужчынская двухкласная і жаночая аднакласная царкоўна-прыходскія школы. У 1906 г. на месцы старога драўлянага касцёла былога кляштара дамініканцаў быў пабудаваны новы мураваны касцёл. У другой палове XIX ст. у Ракаве пражывала больш за 1000 жыхароў, а ў 1908 г. – 4950.

Изображение
Ракаўская Спаса-Праабражэнская царква. Малюнак 1940-х гадоў. БДАНТД
 

Праваслаўная царква ў мястэчку Ракаў Мінскага ваяводства мела месца яшчэ ў XVI ст., аднак дакладных звестак аб раннім перыядзе яе існавання адшукаць не ўдалося. Магчыма, царква дзейнічала яшчэ і ў XV ст. У «Апісанні цэркваў і прыходаў Мінскай епархіі…», якое было падрыхтавана ў 1878 г., без спасылкі на крыніцы прыводзіцца згадка пра існаванне ў Ракаве ў 1465 годзе дзвюх праваслаўных цэркваў – Праабражэнскай і Георгіеўскай, але гэта малаверагодна. Хутчэй за ўсё, першы праваслаўны храм у Ракаве быў узведзены ў XVI ст., калі ён атрымаў статус мястэчка ў Мінскім павеце Мінскага ваяводства. Да пачатку XVII ст. Ракаўская царква заставалася праваслаўнай. Пасля паступовага пераходу ў XVII ст. цэркваў Мінскага павета ва ўніяцтва, яна таксама стала ўніяцкай. Дакладную дату гэтага пераходу высветліць не ўдалося, хутчэй за ўсё ён адбыўся ў другой палове XVII ст.

Изображение
Ракаўская прыпісная Крыжаўздвіжанская царква і капліца. Фота 1920–1930-х гадоў. З прыватнай калекцыі
 

Першае дакладнае апісанне Ракаўскай уніяцкай царквы і прыхода датуецца 1682 г. Захаваліся матэрыялы візітацыі ўніяцкіх цэркваў Мінскай пратапопіі за гэты год дзе адзначана, што будынак храма знаходзіўся на землях князёў Сангушкаў. Наступны перыяд у гісторыі Ракаўскай царквы звязаны з заснаваннем у мястэчку манастыра базыльян паводле фундацыі надворнага маршалка Вялікага Княства Літоўскага князя Казіміра-Антонія Сангушкі 24 ліпеня 1701 г. У 1709 г. Ракаўскі манастыр базыяльн быў уключаны ў склад Літоўскай правінцыі ордэна. У манастырскай царкве знаходзілася ікона Ракаўскай Божай маці, якая была афіцыйна прызнана цудатворнай у 1737 г. Паводле дакументаў другой паловы XVIII ст., якія захаваліся, Ракаўскі манастыр быў невялікім. У пачатку XIX ст. (1819) у манастыры жылі ўсяго 3 манахі разам з настаяцелем, меўся арганіст і царкоўны служка.

У 1793 г. у Ракаўскім базыльянскім манастыры было скончана будаўніцтва новай мураванай царквы ў стылі позняга барока, якая сваім галоўным фасадам выходзіла на рынкавую плошчу. Ракаўскі манастыр базыльян быў ліквідаваны ў 1835 г., а яго царква стала парафіяльнай. У 1839 г. Ракаўская Спаса-Праабражэнская царква была перададзена Рускай праваслаўнай царкве.

Изображение
Ракаўская прыпісная Крыжаўздвіжанская царква і капліца. Малюнак 1940-х гадоў. БДАНТД
 

Як сведчаць гістарычныя дакументы, у 1840–1850 гг. будынак Ракаўскай Спаса-Праабражэнскай царквы знаходзіўся ў дрэнным тэхнічным стане – быў пашкоджаны дах і нават абвалілася частка скляпенняў. Акрамя таго, у 1848 г. у выніку пажару, што адбыўся ад удару маланкі, моцна пацярпелі вежы царквы, якія фланкіравалі галоўны фасад храма. Таму, пачынаючы з 1840 г., царкоўныя ўлады неаднаразова ўздымалі пытанне аб неабходнасці правядзення грунтоўных рамонтных работ. Але не хапала грошай не толькі на аднаўленне храма, але нават на выкананне яго абмераў і складанне архітэктурнага праекта рамонтна-аднаўленчых работ. Спачатку планавалася захаваць знешні архітэктурны выгляд храма ў стылі позняга барока, які ён атрымаў у канцы XVII ст., і адрамантаваць вежы на галоўным фасадзе, дзе знаходзіліся царкоўныя званы.

Изображение
Мураваная капліца каля Крыжаўздвіжанскай царквы. Фота 1940-х гадоў. БДАНТД
 

Толькі ў верасні 1860 г. будынак Ракаўскай Спаса-Праабражэнскай царквы быў абследаваны спецыяльнай камісіяй, якую ўзначальваў генерал-маёр Меер. Камісія вызначыла неабходныя кірункі дзейнасці і колькасць сродкаў, неабходных на рамонтна-будаўнічыя работы. Асноўныя працы па рамонту і рэканструкцыі як фасадаў, так і інтэр’ераў царквы, былі выкананы ў 1861–1865 гг. У выніку гэтай рэканструкцыі быў цалкам зменены архітэктурны выгляд першапачатковага барочнага фасада храма, які выходзіў на рынкавую плошчу. Былі разабраны верхнія ярусы вежаў, а сам фасад завершаны вялікім новым трохвугольным франтонам, аддзеленым ад сцяны прафіляваным карнізам. У выніку галоўны фасад царквы атрымаў рысы позняга класіцызму. Над нефам быў пабудаваны новы купал з бляхі на васьмігранным глухім драўляным барабане. У інтэр’еры царквы быў зроблены новы разны іканастас. Перад галоўным фасадам храма была ўзведзена новая мураваная брама-званіца. Фактычна ў такім выглядзе царква праіснавала да канца XIX ст. У 1893 г. быў распрацаны і зацверджаны проект на прыбудову да Ракаўскай Спаса-Праабражэнскай царквы невялікай мураванай цёплай царквы з трохграннай алтарнай часткай, якая атрымала назву Нікольская капліца.

Изображение
Ракаўская прыпісная Крыжаўздвіжанская царква, капліца і брама. Фота 1940-х гадоў. БДАНТД
 

У Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі, у першую чагу ў архіўным фондзе “Мінская праваслаўная духоўная кансісторыя”, а таксама ў фондах іншых дзяржаўных устаноў захавалася вялікая колькасць дакументаў, звязаных з гісторыяй Ракаўскай Спаса-Праабражэнскай царквы і Ракаўскага базыльянскага манастыра. Асобна трэба выдзяліць кліравыя ведамасці Ракаўскай царквы, якія захаваліся з 1840 па 1913 г. Яны ўтрымліваюць вельмі каштоўныя звесткі па гісторыі Спаса-Праабражэнскай царквы, яе прычта і прыхода за гэты перыяд. Вялікую цікавасць уяўляюць дакументы і матэрыялы, звязаныя з рамонтам і рэканструкцыяй храма ў 1800-я гг. У іх захоўваюцца звесткі не толькі аб характары і якасці будаўнічых работ, але аб майстрах і мастаках, якія ўдзельнічалі ў гэтых працах. На жаль, не захаваліся абмерныя чарцяжы, якія былі выкананы да яе перабудовы, а таксама праектныя матэрыялы, што прывялі да радыкальнай змены першапачатковага архітэктурнага аблічча храма.

У 2013 г. па дамоўленасці з настаяцелем пратаірэям Сяргеям Лепіным, супрацоўнікамі НГА Беларусі было праведзена апісанне царкоўнага архіва, у якім захоўваюцца дакументы па гісторыі Ракаўскай Спаса-Праабражэнскай праваслаўнай царквы і Ракаўскага базыліянскага манастыра, пачынаючы з XVIIІ ст. У выніку гэтай працы былі створаны лічбавыя копіі найбольш каштоўных дакументаў за 1701–1914 гг., якія сёння захоўваюцца ў НГА Беларусі (калекцыя лічбавых копій № 15).

 

Крыніцы:

Брэгер, Г. Ракаў: з гісторыі паселішчаў // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Валожынск. р-на. – Мінск, 1996. – С. 65–66, 70;

Візіты ўніяцкіх цэркваў Мінскага і Навагрудскага Сабораў 1680–1682 гг.: зб. дакументаў. – Мінск, 2009. – 270 с.;

Налецкі, В. Ракаў / В. Налецкі // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. – Мінск, 2001. – Т. 6. Кн. 1. – С. 87;

Невядомы Ракаў: могілкі пад базыліянскім крыжам / уклад. В. Сямашка. – Мінск, 2014. – 200 с.;

Ракаў // Гарады і вёскі Беларусі: энцыклапедыя.– Мінск, 2010. – Т. 8. Кн. 1. – С. 495–499.

Аўтары-складальнікі: 
У.М. Дзянісаў
Год выставы: 
2023