Фелікс Феліксавіч Тапчэўскі: беларускі літаратар XIX стагоддзя (да 185-годдзя з дня нараджэння)

Беларускі паэт Фелікс Феліксавіч Тапчэўскі нарадзіўся 30 (18) мая 1838 г. у фальварку Будзішча Полацкага павета Віцебскай губерні (цяпер не існуе, знаходзіўся на адлегласці каля 3,5 км на паўднёвы захад ад сучаснага аграгарадка Глыбачка Ушацкага раёна Віцебскай вобласці на беразе возера Павульскае (Цётча)) і 12 чэрвеня (31 мая) 1838 г. быў ахрышчаны ў Рукшэніцкім касцёле Полацкага павета (не захаваўся; былая веска Рукшэніцы ў наш час злілася з аграгарадком Глыбачка).

Изображение
Рукшэніцкі касцёл Апекі Найсвяцейшай Дзевы Марыі (фота пачатку XX ст.)

Паэт паходзіў са збяднелай шляхецкай сям’і, прадстаўнікі якой, як сцвярджалася ў пастанове (вывадзе) Віцебскага дваранскага дэпутацкага сходу аб прызнанні Тапчэўскіх у дваранскай годнасці ад 24 сакавіка 1804 г., выводзіліся з Ломжынскай зямлі, адкуль пераехалі на Падляшша і пэўны час пражывалі ў ваколіцах вёскі Тапчэва (Topczewo) Браньскага павета. Дзед паэта, Тамаш Тапчэўскі, не пазней за сярэдзіну 1770-х гг. перабраўся ў Полацкае ваяводства, дзе выконваў абавязкі каморніка, трымаў арэндныя і застаўныя маёнткі. Ён ажаніўся з Бальбінай Бутовіч і меў ад гэтага шлюбу чатырох сыноў – Антонія, Ігната, Фелікса (бацьку паэта, нарадзіўся каля 1793 г.) і Яна – і чатырох дачок – Барбару, Петранэлю, Францішку і Тэклю.

Фальварк Будзішча Тамаш і Бальбіна Тапчэўскія набылі ў 1807 г. у шляхціца Конрада Шалайкоўскага. Гэта быў невялікі маёнтак, да якога ў 1845 г. адносілася 100 дзесяцін зямлі (з іх 57 апрацоўвалася) і 32 селяніна (з іх 18 працаздольных). Вялікая сям’я Тапчэўскіх не магла пракарміцца з такой мізэрнай гаспадаркі, і яе прадстаўнікі часта бралі землі ў арэнду.

Изображение
Фрагмент ваенна-тапаграфічнай карты Расійскай імперыі 1860-х гг. («Трохвярстоўкі») з указаннем населеных пунктаў Рукшэніцы і Будзішча

Фелікс Тамашавіч Тапчэўскі, бацька паэта, ажаніўся з Тэкляй Паўлаўнай Дружына і меў з ёй як мінімум 6 дзяцей: дачок Анелю (нарадзілася каля 1829 г.), Апалонію (нарадзілася каля 1830 г.) і Іягану (нарадзілася каля 1834 г.) і сыноў Францішка-Віктара (нарадзіўся 19 (7) кастрычніка 1835 г.), Фелікса-Мікалая (нарадзіўся 30 (18) мая 1838 г.) і Клеменса-Мікалая (нарадзіўся 3 снежня (21 лістапада) 1840 г.).

Сям’я некалькі разоў мяняла месца жыхарства. У 1846 г. у споведных ведамасцях Ульскага касцёла Фелікс Тамашавіч Тапчэўскі выступае ў якасці арандатара маёнтка Ілава Полацкага павета (зараз вёска ў Шумілінскім раёне Віцебскай вобласці на правым беразе ракі Дзвіны), дзе ён пражываў разам з жонкай і дзецьмі. Тут жа, у Ілава, 21 (9) мая 1846 года Фелікс Тамашавіч памёр ад вадзянкі і быў пахаваны на каталіцкіх могілках у мястэчку Ула Лепельскага павета (зараз аграгарадок у Бешанковіцкім раёне Віцебскай вобласці).

У пазнейшы час асобныя прадстаўнікі сям’і, у тым ліку і сам Фелікс Феліксавіч Тапчэўскі, падоўгу пражывалі ў маёнтку Красны Стаў (ці Красны) Веліжскага павета Віцебскай губерні, якім валодала стрыечная сястра паэта Апалонія Жыркевіч – дачка Яна Тамашавіча Тапчэўскага, якая не мела ўласных дзяцей і ахвотна апекавалася менш заможнымі сваякамі.

У пачатку 1850-х гг. Фелікс Феліксавіч Тапчэўскі, як і яго брат Францішак, вучыўся ў Лепельскім дваранскім павятовым вучылішчы. З прычыны беднасці сям’і (удава Тэкля Тапчэўская мела на сваім утрыманні трох сыноў і трох дачок) у маі 1852 г. браты былі вызвалены ад аплаты за навучанне.

Пасля заканчэння вучобы Фелікс Феліксавіч Тапчэўскі пэўны час служыў канцылярыстам у Віцебскім земскім судзе, адкуль звольніўся 16 жніўня 1861 г. у чыне калежскага рэгістратара. Увосень 1861 г. ён уладкаваўся на пасаду пісара Ульскага валаснога праўлення, дзе служыў да канца красавіка 1863 г. Цікава, што ў той жа час пісарам валаснога праўлення суседняй Краснянскай воласці з’яўляўся родны брат паэта Мікалай.

24 красавіка 1863 г., відавочна, у сувязі з падзеямі паўстання 1863–1864 гг., Фелікс Феліксавіч Тапчэўскі пакінуў Улу і выехаў праз Віцебск у маёнтак Красны Стаў Веліжскага павета да сваёй стрыечнай сястры Апалоніі. Тут 25 лютага 1864 г. ён быў арыштаваны, будучы абвінавачаным у спробе далучыцца ў красавіку 1863 г. да групы інсургентаў пад камандаваннем Оттана Грабніцкага, які тады фарміраваўся на Лепельшчыне, і дастаўлены ў Віцебск. Аднак у выніку следчых дзеянняў царскім уладам так і не ўдалося даказаць удзел Фелікса Тапчэўскага ў паўстанні, і ён быў адпушчаны на свабоду.

Пад канец жыцця Фелікс Тапчэўскі быў аканомам маёнтка Вухвішча Лепельскага павета (зараз вёска ў Полацкім раёне Віцебскай вобласці). Менавіта тут былі напісаны яго галоўныя творы, у якіх знайшлі адлюстраванне падзеі мясцовага жыцця. Паэт быў жанаты з Кацярынай Аніхімоўскай і меў з ёй двух сыноў і дачку.

Изображение
Надмагільны помнік Фелікса Тапчэўскага

Фелікс Феліксавіч Тапчэўскі памёр 29 (17) снежня 1892 г. у Вухвішчы, і быў пахаваны на Рукшэніцкіх могілках. Захаваўся надмагільны помнік паэта, адшуканы ў 1982 г. намаганнямі мясцовага настаўніка Івана Законнікава.

Фелікс Тапчэўскі стаў вядомы дзякуючы сваім паэтычным творам на беларускай мове, якія шырока разыходзіліся ў рукапісах і завучваліся мясцовымі жыхарамі на памяць. Свае вершы ён падпісваў псеўданімам «Хвэлька з Рукшэніц», пад якім і ўвайшоў у гісторыю беларускай літаратуры. Пры жыцці паэта (у 1889 г.) толькі адзін яго твор – «Панскае ігрышча» – быў апублікаваны ў газеце «Виленский вестник». Асноўная частка вядомых нам вершаў Фелікса Тапчэўскага («Саўсім не тое, што было», «Грошы і праца», «Ён і яна», «Вечарынка») змешчана ў рукапіснай «Хрэстаматыі», складзенай яго земляком Браніславам Эпімах-Шыпілам.

На вялікі жаль, фотаздымкі паэта невядомыя, аднак захаваўся яго слоўны партрэт, складзены яго пляменніцай Стэфанідай Бацяноўскай і запісаны беларускім даследчыкам Генадзем Каханоўскім у 1971 г.: «Сярэдняга росту. Чарнявы. Маленькія вусікі і кліночкам бародка. На даволі прыгожым твары выдзяляўся доўгі нос. Паэт вельмі рухавы быў, характарам настойлівы».

Прадстаўленыя на выставе дакументы захоўваюцца ў фондах Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі. Некаторыя з іх ужо былі выяўлены раней і ўведзены ў навуковы ўжытак вядомым даследчыкам гісторыі і літаратуры Беларусі ХІХ ст. Генадзем Кісялёвым. Аднак большая іх частка да цяперашняга часу заставалася невядомай нават навукоўцам-спецыялістам. Яны былі выяўлены ў 2022–2023 гг. у працэсе мэтанакіраваных пошукаў у сувязі са 185-годдзем з дня нараджэння паэта. У дакументах адлюстраваны некаторыя важныя старонкі як яго біяграфіі, так і яго бліжэйшых сваякоў. Безумоўна, немагчыма сцвярджаць, што ў фондах НГА Беларусі адсутнічаюць іншыя дакументы да біяграфіі Фелікса Тапчэўскага – у працэсе далейшых пошукаў іх колькасць можа быць павялічана за кошт новавыяўленых.

Аўтары-складальнікі: 
Я.С. Глінскі
М.Д. Макараў
Д.Ч. Матвейчык
Год выставы: 
2023