Гісторыя выбарчай сістэмы на тэрыторыі Беларусі ў пачатку ХХ стагоддзя

Маніфестам ад 6 жніўня 1905 г. імператар Мікалай II заснаваў Дзяржаўную думу як «особое законосовещательное установление, коему предоставляется предварительная разработка и обсуждение законодательных предположений и рассмотрение росписи государственных доходов и расходов».

Изображение

Маніфест імператара Мікалая II аб заснаванні Дзяржаўнай Думы. 06.08.1905

17 кастрычніка 1905 г. Мікалай ІІ падпісаў Маніфест «Аб удасканаленні дзяржаўнага парадку», які абвяшчаў свабоду слова, сходаў, друку, саюзаў, недатыкальнасці асобы. Дзяржаўная дума надзялялася заканадаўчымі паўнамоцтвамі, пашыраўся кантынгент выбаршчыкаў.

Наступным крокам урада ў напрамку да канстытуцыйнай манархіі з’явіўся Маніфест ад 20 лютага 1906 г. і палажэнне «Аб рэарганізацыі Дзяржаўнага савета». Дзяржаўны савет надзяляўся заканадаўчымі функцыямі. Фактычна ён стаў вышэйшай заканадаўчай палатай з правам вета на рашэнні Думы. Палова членаў Дзяржаўнага савета назначалася царом, другая – выбіралася асобымі ўстановамі і грамадскімі арганізацыямі.

Дзяржаўная дума не магла ўносіць змены ў асноўныя законы Расійскай імперыі. У краіне не было ўведзена ўсеагульнае выбарчае права, існавалі сацыяльныя абмежаванні і маёмасны цэнз. Усе выбаршчыкі былі разбіты на 4 курыі: землеўладальніцкую, гарадскую, сялянскую, рабочую. Выбары былі многаступеннымі: двухступеннымі для землеўласнікаў і гарадскіх гаспадароў, трохступеннымі для рабочых і чатырохступеннымі для сялян. Напрыклад, па рабочай курыі выбарчае права мелі рабочыя прадпрыемстваў, дзе рабочых мужчын ва ўзросце 25 гадоў было больш за 50 чалавек. Прадпрыемствы з колькасцю рабочых ад 50 чалавек да 100 чалавек выбіралі аднаго паўнамоцнага прадстаўніка. На буйных прадпрыемствах адзін прадстаўнік выбіраўся ад кожнай тысячы працаўнікоў. Упаўнаважаныя ад прадпрыемстваў на гарадскіх альбо губернскіх з’ездах выбіралі выбаршчыкаў, якія потым на сходах выбаршчыкаў выбіралі дэпутатаў Думы. Не ўдзельнічалі ў выбарах дапаможныя рабочыя, рамеснікі. Адзін голас памешчыка адпавядаў 3 галасам гараджан, 15 галасам сялян і 45 галасам рабочых. Не мелі права голасу жанчыны, ваенныя, чыны паліцыі, моладзь ва ўзросце да 25 гадоў.

На падставе «Палажэння аб выбарах у Дзяржаўную Думу» ад 6 жніўня 1905 г. былі заснаваны камісіі па справах аб выбарах у Дзяржаўную думу. Яны складаліся са старшыні, якім прызначаўся старшыня акруговага суда, кіраўніка казённай палаты, прадвадзіцель дваранства, старшыні губернскай управы па справах земскай гаспадаркі, гарадскога галавы, члена акруговага суда, абавязковага члена губернскай прысутнасці. У павятовыя камісіі пад старшынствам члена акруговага суда, прызначанага агульным сходам суда, уваходзілі павятовы прадвадзіцель дваранства, міравы або гарадскі суддзя, прызначаны з'ездам міравых суддзяў або агульным сходам акруговага суда, павятовы старшыня па справах земскай гаспадаркі або земскай управы, гарадскі галава павятовага горада, падатны інспектар і, па прызначэнні павятовага з'езду, адзін з земскіх начальнікаў. Камісіі займаліся праверкай правільнасці складання выбарчых спісаў, правядзеннем выбараў на з'езды ўпаўнаважаных, вырашэннем спрэчных пытанняў аб выбарах, складаннем спісаў выбаршчыкаў. Агульны кантроль за выбарамі у Дзяржаўную Думу згодна з Палажэннем ад 6 жніўня 1905 г. ажыццяўляўся губернатарамі пад кантролем Міністэрства унутраных спраў.

Усяго адбылося чатыры склікання Дзяржаўнай думы Расійскай імперыі. Дума апошняга ў гісторыі Расійскай імперыі чацвертага склікання працавала з лістапада 1912 па люты 1917 года і была распушчана Часовым урадам 6 кастрычніка 1917 г. Захады па фарміраванню ў краіне канстытуцыйнай манархіі спрыялі пашырэнню дэмакратычных свабод, стварэнню палітычных партый, грамадскіх і прафесійных арганізацый. Быў прыняты шэраг мер па паляпшэнню эканамічнага становішча працоўных.

Для вызначэння дзяржаўнага ладу Расіі у лістападзе 1917 г. быў абраны, а ў студзені 1918 г. скліканы Усерасійскі ўстаноўчы сход.

Праца над праектам Палажэння аб выбарах ва ўстаноўчы сход была завершана ў жніўні 1917 г. У выніку быў прыняты самы дэмакратычны закон аб выбарах ва ўстаноўчы сход: выбары усеагульныя, роўныя, прамыя пры таемным галасаванні. Прыняты закон значна апярэджваў сацыяльнае развіццё выбарчага заканадаўства ў іншых краінах і быў рэвалюцыйны для Расіі:

  • Выбарчыя правы былі прадастаўлены жанчынам.
  • Быў усталяваны нізкі для таго часу ўзроставы цэнз у 20 гадоў (у Вялікабрытаніі, Італіі, ЗША, Францыі ўзроставы цэнз складаў 21 год, у Бельгіі, Германіі, Нідэрландах, Іспаніі – 25 гадоў).
  • Выбарчыя правы былі прадастаўлены вайскоўцам.
  • Палажэнне аб выбарах ва ўстаноўчы сход не прызнавала маёмаснага цэнзу, цэнзу аселасці і пісьменнасці, абмежаванняў па саслоўнай, рэлігійнай або нацыянальнай прыналежнасці.
  • Выбары былі свабоднымі і альтэрнатыўнымі.
Изображение

Спіс кандыдатаў у дэпутаты Ўстаноўчага сходу па горадзе Віцебску. 1917

 

У Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі захоўваюцца дакументы, якія асвятляюць правядзенне выбараў у Дзяржаўную думу чатырох скліканняў і ва Усерасійскі ўстаноўчы сход. Архіўныя фонды утрымліваюць журналы пасяджэнняў камісій па справах аб выбарах у Дзяржаўную думу, інструкцыі аб правядзенні выбараў, спісы выбаршчыкаў, кандыдатаў у дэпутаты і шэраг іншых.

 

Літаратура:

Беларусь на мяжы тысячагоддзяў / І.М. Абрамаў, Я.М. Бабосаў, А.У. Верашчагіна [і інш.]; рэдкал. : А.П. Вайтовіч [і інш.]. – Минск : БелЭН, 2000.

Бич М.О. Рабочее движение в Белоруссии в 1861–1904 гг. / Ред. И.М. Игнатенко. Минск : Наука и техника, 1973.

Государственность Беларуси: Проблемы формирования в программах политических партий / В.К. Коршук, Р.П. Платонов, И.Ф. Романовский, Е.Г. Богданович. Минск: БГУ, 1999.

Забаўскі М.М. Расійская Дзяржаўная дума ў грамадска-палітычным жыцці Беларусі (1906 – 1907 гг.). Мінск: БДПУ, 1999.

Аўтары-складальнікі: 
Намеснік дырэктара па навуковай працы С.М. Рындзін
Год выставы: 
2025