Віртуальная выстава, прысвечаная 125-годдзю з дня заснавання Мінскай абласной бібліятэкі імя А.С. Пушкіна
Мінская абласная бібліятэка імя А.С. Пушкіна – адна са старэйшых бібліятэк горада. 25 снежня 2024 года ёй спаўняецца 125 гадоў.
Інтэлігенцыя горада неаднаразова ўздымала пытанне аб адкрыцці публічнай бібліятэкі. Яшчэ ў 1842 г. «Минские губернские ведомости» паведамілі пра адкрыцце ў Мінску губернскай публічнай бібліятэкі. Літаратуру пачалі набываць задоўга, а ў 1845 г. бібліятэка пачала выдаваць кнігі чытачам і праіснавала яна да сярэдзіны 1860-х гг.
Пад націскам грамадскасці губернатар Мінска звярнуўся напачатку 1865 г. да генерал-губернатара Віленскага, Ковенскага, Гродзенскага і Мінскага паветаў з хадайніцтвам аб асігнаванні сродкаў на адкрыцце новай бібліятэкі, але атрымаў у адказ адмову. У ей гаварылася, што генерал-губернатар «лічыць немагчымым аказаць дапамогу ўраду на адкрыццё ў Мінску публічнай бібліятэкі, бо наяўныя ў распараджэнні казны сродкі прызначаны на задавальненне самых істотных і неадкладных расходных артыкулаў па кіраўніцтву мясцовым краем».
У 1868 г. генерал-губернатар санкцыянаваў адкрыцце грамадскай бібліятэкі, а ў маі 1869 г. праект статута быў адпраўлены губернатару з просьбай «калі такі будзе ўхвалены», хадайнічаць аб зацвярджэнні яго Міністэрствам унутраных спраў. Праіснавала бібліятэка нядоўга, і наступны яе лёс невядомы. У лютым 1891 г. на пасяджэнні зноў уздымаецца пытанне аб адкрыцці публічнай бібліятэкі, але «з прычыны недастатковасці гарадскіх сродкаў» станоўчае рашэнне прынята не было.
1899 год. На Беларусі ідзе падрыхтоўка да святкавання стагоддзя з дня нараджэння А.С. Пушкіна. Ужо ў сакавіку бягучага года пры Таварыстве аматараў прыгожых мастацтваў была створана спецыяльная камісія «з прадстаўнікоў рознага роду ўстаноў горада Мінска, якія маюць культурны характар, для выпрацоўкі праграмы ўшанавання памяці вялікага рускага паэта А.С. Пушкіна». Камісія ставіць пытанне аб адкрыцці ў Мінску публічнай бібліятэкі імя А.С. Пушкіна, каб «тым самым назаўседы захаваць у памяці народа імя вялікага рускага паэта». Прапанова была падтрымана, і неўзабаве камісія звярнулася да насельніцтва горада з просьбай сабраць на гэтую мэту кнігі або грашовыя сродкі.
Вялікую ролю ў арганізацыі бібліятэкі адыгралі ахвяраванні прысяжнага паверанага В.В. Янчэўскага, які падараваў бібліятэцы каля 1600 асобнікаў на рускай і замежных мовах. Сярод ахвяраванняў былі: «Коронационный сборник» 1896 г. у 2 т. – ад Дэпартамента агульных спраў Міністэрства ўнутраных спраў, 18 назваў у 46 т. – ад Мінскай гарадской управы, 34 назвы ў 205 т. – ад афіцэраў Штаба 4 армейскага корпуса і інш. У кароткі тэрмін было сабрана 1960 кніг і 1545 рублёў на набыццё літаратуры.
Камісія, у склад якой увайшлі: доктар Яноўскі, барон Гейкінг, Янчэўскі В.В., Рыхтэр і Грыгаровіч, пад старшынствам Трэпкі (С.П.?), сумесна з гарадской управай выпрацавала прект статута бібліятэкі. Гэты праект, перагледжаны другой падрыхтоўчай камісіяй (В.В. Янчэўскі і доктар Здановіч пад старшынствам доктара Яноўскага), у канчатковай рэдакцыі былі ўхвалены 27 верасня гарадской думай і прадстаўлены на разгляд губернатару. Але губернатар не спяшаў. І толькт 31 ліпеня 1900 г. на чарговым пасяджэнні Мінская гарадская дума пастанавіла: «Прапанову п. начальніка губерні аб зацвярджэнні статута публічнай бібліятэкі імя паэта А.С. Пушкіна прыняць да ведама. Стварыць для кіравання справамі бібліятэкі вызначаны статутам Савет… Даручыць гарадской управе тэрмінова заклапоціцца заснаваннем і адкрыццём публічнай бібліятэкі і перадачы яе ў ведама Савета, пры дакладным выкананні ўсіх патрабаванняў статута і прадстаўленні апраўдальных дакументаў у зрасходаванні асігнаванй на заснаванне бібліятэкі сумы».
У 1900 г. ў тыпа-літаграфіі Тасьмана і С-вей выйшаў «Устав Минской городской публичной библиотеки им. А.С. Пушкина». Статут утрымліваў 32 пункты, якія вызначалі не толькі задачы бібліятэкі, але і правы і абавязкі чытачоў.
Бібліятэка давала магчымасць усім жадаючым, за плату, карыстацца кнігамі для чытання. Заснавальнік яе – Мінская гарадская дума. Сродкамі служылі: сумы, якія штогод асігнавала дума, дапамогі, якія адпускалі гарадскія грамадскія ўстановы, ахвяраванні грашыма і кнігамі, зборы з падпісак, публічных лекцый, спектакляў, канцэртаў і г.д. Бібліятэка павінна была мець асобнае памяшканне ў цэнтральнай частцы горада, зручнае для захавання, выдачы і чытання ў ім кніг. Кожнаму падпісчыку выдаваліся ўсе кнігі, часопісы і газеты, якія знаходзіліся ў бібліятэцы. Выключэнне складалі і выдаваліся толькі ў кабінеце для чытання наступныя выданні: апошнія нумары газет і апошнія кнігі часопісаў, слоўнікі і даведачныя кнігі і асабліва каштоўныя, рэдкія кнігі са спісу, складзенага Саветам бібліятэкі. Савет бібліятэкі вызначаў тэрмін вяртання кніг, адтэрміноўка дапускалася толькі са згоды бібліятэкара. У бібліятэцы вялася інвентарная кніга і сістэматычны каталог, а таксама для наведвальнікаў мелася спецыяльная кніга, у якой яны запісвалі свае пажаданні па выпісцы новых кніг і ўказанні на заўважаныя імі недахопы і нязручнасці. Памер платы за чытанне, штрафаў за пашкоджаныя і згубленыя кнігі або несвоечасовае вяртанне вызначаўся Саветам бібліятэкі. Пастанова Савета па гэтым пытанні падавалася на зацвярджэнне губернатару. Асобы, якія парушалі правілы бібліятэкі, маглі быць пазбаўленымі права карыстання кнігамі на тэрмін, вызначаны Саветам бібліятэкі.
Для кіраўніцтва бібліятэкай Мінская гарадская дума, на тэрмін свайго паўнамоцтва, выбірала Савет, у склад якого ў якасці абавязковага члена ўваходзіў дырэктар Мінскай мужчынскай гімназіі або дырэктар рэальнай вучэльні. Члены Савета выбіралі са свайго асяродку старшыню, які зацвярджаўся начальнікам губерні. Адказная асоба за выкананне ўсіх законапалажэнняў і ўрадавых распараджэнняў па бібліятэцы таксама выбіралася Саветам і зацвярджалася губернатарам. Колькасць членаў Савета вызначалася Мінскай гарадской думай. Да абавязкаў Савета належала размеркаванне сум: на набыццё літаратуры, пераплёт кніг, утрыманне служачых, на гаспадарчыя і іншыя патрэбы. Для непасрэднага кіравання гарадской грамадскай бібліятэкай запрашаўся бібліятэкар, а пры неабходнасці – яго памочнікі. Бібліятэкар прызначаўся і звальняўся Саветам бібліятэкі. У яго абавязкі ўваходзіла: выдача і прыём кніг, прыём ад падпісчыкаў грошай, выдача квіткоў, нагляд за парадкам і бібліятэцы і выкананне распараджэнняў Савета бібліятэкі.
Штогод да 1 лютага Савет бібліятэкі прадстаўляў у гарадскую ўправу для даклада думе падрабязную гадавую справаздачу аб грашовых сумах, маёмасці, кнігах, стане спраў у бібліятэцы. Пры зацвярджэнні справаздачы думай Савет адразу ж прадстаўляў яе губернатару.
У выпадку закрыцця бібліятэкі з якой бы ні было прычыны, уся маёмасць, якая ёй належала, павінна была адысці ва ўласнасць горада Мінска.
25 снежня бібліятэка была адчынена, а 27 сустракала першых наведвальнікаў. Спачатку яна размяшчалася на вуліцы Захар’еўскай (зараз тут праходзіць пр. Ф. Скарыны), затым, у 1904 г., яе перавялі на Хрышчэнскую (цяпер вул. Інтэрнацыянальная).
Першыя дні існавання бібліятэкі яскрава паказалі, як яна была неабходна. Колькасць падпісчыкаў бібліятэкі няспынна расла: так, у 1900 г. з 27 снежня было 6 падпісчыкаў, у 1901 г.: у студзені – 38, лютым – 47, сакавіку – 54, красавіку – 57, маі – 68, чэрвені – 69, ліпені – 87, жніўні – 90, верасні – 98, кастрычніку – 106, лістападзе – 119, снежні – 124. Па службовым становішчы, званнях і занятках склад падпісчыкаў быў вельмі розным: асобы розных вольных прафесій і заняткаў – 27, навучэнцы вышэйшых і інш. навучальных устаноў – 23, мяшчане – 21, чыноўнікі – 14, дваране – 9 і інш.
Падпісчыкі бібліятэкі ўносілі залог у памеры 3 рублёў, месяны абанемент каштаваў 30 капеек за атрыманне кніг на дом, 20 капеек за чытанне ў бібліятэцы, 3 капейкі бралі за кожнае яе наведванне.
Колькасць наведванняў бібліятэкі складала: 1900 г.: у снежні – 200; 1901 г.: у студз. – 1193, лютым – 1425, сак. – 1802, крас. – 1067, маі – 1474, ліп. – 1969, жн. – 2288, вер. – 2161, кастр. – 2251, ліст. – 2525, снеж. – 2482, усяго – 22601. За год было выдадзена 14725 асобнікаў кніг, часопісаў і газет.
У першыя гады ў бібліятэцы працавалі: у 1899 г. і ў першым паўгоддзі 1900 г. – старшыня Таварыства аматараў прыгожых мастацтваў Аляксандр Хведаровіч Аляксандраў і выконваючая пасаду бібліятэкара Вера Анатолеўна Паплаўская; у 2-м паўгоддзі 1900 г. быў абраны Савет бібліятэки, у які увайшлі: старшыня – дырэктар рэальнага вучылішча Іван Івановіч Самойла, абавязковы член Савета – дырэктар класічнай гімназіі Мікалай Андрэевіч Адо і членв – гарадскі галава граф Карл Эмерыкавіч Чапскі, член управы Феафіл Феафілавіч Гольцберг, законанастаўнік гімназіі пратаіерэй Андрэй Данілавіч Юрашкевіч, старшыня Таварыства аматараў прыгожых мастацтваў Аляксандр Хведаравіч Аляксандраў і трое галосных думы – Віктар Восіпавіч Янчэўскі, Рычард Карлавіч Яноўскі і Восіп Лазаравіч Лунц. Бібліятэкар Іван Васілевіч Архангельскі быў абраны Саветам бібліятэкі (з 2 кастрычніка), дапамагала яму Варвара Аляксандраўна Бабіна (з 6 лістапада 1900 г.). У праўленне бібліятэкі ўваходзілі ў асноўным прадстаўнікі прагрэсіўных колаў горада. Актыўным членам праўлення бібліятэкі быў паэт, рэдактар мінскай газеты «Голос провинции» Дарафей Дарафеевіч Бохан. Член праўлення ўрач-акуліст Сямён Давыдавіч Камінскі пры савецкай уладзе стаў прафесарам, у 1920 г. быў Народным камісарам аховы здароўя БССР. Членам праўлення быў яшчэ адзін урач – Сцяпан Варфаламеевіч Балкавец. Пасля эвалюцыі ён загадваў аддзелам экспертызы Наркамата аховы здароўя БССР (1919), а ў 1927 г. у часопісе «Беларуская медыцынская думка» былі апублікаваны яго ўспаміны пад назвай «Первые шаги здравоохранения в Белоруссии». З 1899 г. на службе пры бібліятэцы быў вартаўнік.
На пасяджэннях Савета бібліятэкі слухаліся розныя пытанні: абранне старшыні Савета і адказнай асобы за выкананне ўсіх законапалажэнняў і ўрадавых распараджэнняў па бібліятэцы, складанне правілаў бібліятэкі і формаў справаздачных кніг, складанне каштарысу выдаткаў, складанне і зацвярджэнне спісаў кніг для бібліятэкі, запыт наведвальнікаў кабінета для чытання аб замене аднаразовай платы за ўваход на штомесячную плату, аб прыняцці ахвяраванняў кнігамі, абранне члена Савета загадчыкам гаспадаркай і казначэем бібліятэкі і інш.
Сродкі на ўтрыманне бібліятэкі выдзяляла гарадская дума: так, у 1899 г. – 1535 руб., у 1901 г. – 2699 руб. Асноўная частка выдаткаў ішла на аплату памяшкання, выдачу заробку штату і інш. Паступленні з іншых крыніц – членскіх узносаў, платы за чытанне, ахвяраванняў, збораў за чытанне публічных лекцый і г.д. – былі нязначнымі. Таму Папячыцельскі савет бібліятэкі вымушаны быў неаднаразова звяртацца да гарадской думы з запытамі аб неабходнасці павелічэння асігнаванняў на бібліятэку. Немагчымасць такога павелічэння змусіла гарадское кіраўніцтва заняцца рэарганізацыяй бібліятэкі. Абраная для гэтага думай падрыхтоўчая камісія выпрацавала праект новага статута бібліятэкі. 28 мая 1904 г. новы статут бібліятэкі быў зацверджаны мінскім губернатарам.
У 1908 г. споўнілася 8 гадоў з дня заснавання бібліятэкі Мінскай гарадской управай і 4 гады існавання бібліятэкі як грамадскай паводле статута, зацверджанага ў 1904 г.
К гэтаму часу на пост старшыні праўлення бібліятэкі замест Міхневіча А.Х., які раней займаў гэты пост, уступіў Аляксандраў А.Х (1908 - 1910), якога ў сваю чаргу ў сакавіку 1910 г. змяняе Мейчык (Д.М.?).
У гонар 80-гадовага юбілею Л.М. Талстога на агульным сходзе было прапанавана абраць яго ганаровым членам бібліятэкі і яму была адпраўлена вітальная тэлеграма. Талстой не любіў урачыстых цырымоній, аднак званне ганаровага члена Мінскай публічнай бібліятэкі прыняў з удзячнасцю. У яго адказе было напісана: «Удзячны членам Мінскай гарадской грамадскай бібліятэкі за абранне мяне ганаровым членам». Бібліятэка набыла 3 асобнікі яго твораў, і вырашана было набыць для бібліятэкі яго партрэт.
На працягу 1909 г. у бібліятэцы адбыліся 2 чарговыя сходы членаў бібліятэкі. На адным са сходаў паўстала пытанне аб некарэктных адносінах служачых да чытачоў і нездавальняючым выкананні іх запатрабанняў. У выніку было ўнесена прапанова штомесяц на агульны агляд вывешваць спісы новых паступленняў літаратуры і звярнуць асаблівую ўвагу на культуру абслугоўвання чытачоў.
У 1910 г. адбыліся 2 агульныя сходы членаў бібліятэкі. На агульным сходзе 12 сакавіка былі абраны члены Праўлення. Старшынёй Праўлення быў абраны Мейчык (Д.М.?), адказнай асобай Балкавец С.В., казначэем Кірылаў (С.М.?) і сакратаром Валынская (В.?).
У 1910 г. Праўленне бібліятэкі правяло 21 пасяджэнне. Дзейнасць Праўлення была галоўным чынам скіравана на набыццё новай літаратуры і аднаўленне страчаных асобнікаў.
З прычыны невялікіх памераў і нязручнасці размяшчэння памяшкання, у якім знаходзілася бібліятэка, Праўлення ўнесла ў каштарыс на 1911 г. 1050 руб. на арэнду больш зручнага памяшкання для бібліятэкі.
У канцы года Праўленне бібліятэкі правяло рэвізію кніг, падчас якой быў выяўлены недахоп 290 страчаных асобнікаў.
Грошай на набыццё літаратуры відавочна не хапала, і члены Праўлення вымушаны былі наладжваць дабрачынныя мерапрыемствы, лекцыі, спектаклі і інш. Так, у 1910 г. былі праведзены: лекцыя выкладчыка Томскага тэхналагічнага інстытута Мікуліна (П.А.?) пра паветраплаванне, якая прынесла чыстага прыбытку 76 руб. 37 кап. і спектакль «Улада Цемры», які прынёс у касу бібліятэкі 255 руб. 22 кап.
Бібліятэка камплектавалася мастацкай, гістарычнай, філасофскай, прыродазнаўчанавуковай і інш. літаратурай. Усяго ў 1910 г. было набыта 1035 асобн. (агульная колькасць кніг 9026 асобн.). Колькасць падпісчыкаў бібліятэкі на 1 студзеня 1910 г. складала 968 (у 1905 – 123, 1906 – 580, 1907 – 720, 1908 – 924, 1909 – 915, 1911 – 1168).
У гады першай рускай рэвалюцыі колькасць падпісчыкаў павялічылася больш чым у сем разоў. Бібліятэка мела легальныя і нелегальныя марксісцкія выданні, выпісвала бальшавіцкую газету «Новая жизнь». У памяць ахвяр курлоўскага расстрэлу ў бібліятэцы быў неафіцыйна адчынены спецыяльны пакой, у якім знаходзілася выключна марксісцкая літаратура.
У 1913 г. памочнікі кіраўніка канцылярыі мінскага губернатара Райскі, Кірылаў і Дземян праводзілі рэвізію бібліятэкі. У рапарце было адзначана, што ўсяго мелася да 17000 асобных назваў кніг, уключаючы перыядычныя выданні, і падзяляліся яны на наступныя аддзелы: белетрыстыка, руская і перакладная; тэорыя, гісторыя і крытыка літаратуры; матэматыка прыродазнаўства; геаграфія і этнаграфія; гісторыя; бібліяграфія і мемуары; сацыялогія; палітычная эканомія; публіцыстыка і палітыка; філасофія і багаслоўе; даведачны аддзел; навукова-папулярны; дзіцячы аддзел (старэйшы і малодшы ўзросты).
На той час больш паловы чытачоў бібліятэкі складалі навучэнцы, значную частку прадстаўлялі ўрачы, інжынеры і служачыя. Рабочых і рамеснікаў было нямнога.
Публічная бібліятэка імя А.С. Пушкіна звязана з імем Максіма Багдановіча. Пра жыццё паэта ў Мінску ў сваіх успамінах Змітрок Бядуля: «Нягледзячы на слабое здароўе, М. Багдановічпрыняў службу ў земстве, дзе надта шмат працаваў. У вольны ад службы час ён або сядзеў у Пушкінскай бібліятэцы, або дома і займаўся літаратурнай працай».
З 1918 г. доступ у бібліятэку стаў бясплатным. Прыблізна з гэтага часу і да 1924 г. пасаду загадчыка бібліятэкі займае Балкавец (Л.?).
У Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі захоўваюцца дакументы, якія дазваляюць прасачыць дзейнасць бібліятэкі з яе адкрыцця да ўсталявання савецкай улады.
Крыніцы:
Ватацы Н.Б. Бібліятэка імя А.С. Пушкіна // Ватацы Н.Б. Шляхі: Гісторыка-літ. арт. – Мінск, 1986. – С. 153–158.
Малчанаў А. Першыя бібліятэкі Мінска // Зрок. – 1994. - № 2. – С. 13–14.
Научно-просветительские учреждения, редакции газет // Шибеко З.В., Шибеко С.Ф. Минск: Страницы жизни дореволюционного города. – Минск, 1990. – С. 300, 303, 304.
Национальный исторический архив Беларуси (далее НИАБ). – Ф. 1. – Оп. 1. – Д. 3452. Письмо графу Чапскому К.Э. о праздновании юбилея А.С. Пушкина и открытии Минской публичной библиотеки. 19 марта 1899.
НИАБ. – Ф. 295. – Оп. 1. – Д. 1860. Разрешение Виленского, Ковенского, Гродненского и Минского генерал-губернатора и главного начальника Витебской и Могилевской губерний Минскому губернатору на открытие в Минске общественной библиотеки. 1868.
Отчет Правления Минской городской общественной библиотеки им. А.С. Пушкина за 1910 год. – Минск, 1911.
Празднование столетней годовщины со дня рождения великого русского поэта А.С. Пушкина // Минские епархиальные вед. – 1899. – 1 июня.
Степунин И. Чествуя Пушкина // Неман. – 1984. - № 5. – С. 174–176.
Устав Минской городской публичной библиотеки имени А.С. Пушкина. – Минск, 1900.
Цыбуля В. Первые библиотеки Минска // Неман. – 1968. - № 9. – С. 182–184.