Удзел НГА Беларусі ў дакументальнай выставе «Станаўленне і развіццё прафесіі судовага выканаўцы на беларускіх землях»


7 лютага 2025 г. НГА Беларусі ў рамках вучэбна-метадычнага збору і нарады работнікаў органаў прымусовага выканання Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь прыняў удзел у дакументальнай выставе «Станаўленне і развіццё прафесіі судовага выканаўцы на беларускіх землях». Мерапрыемства адбылося ў Нацыянальным цэнтры прававой інфармацыі (г. Мінск, вул. Берсана, 1а).

Намеснік дырэктара НГА Беларусі Сяргей Рындзін прадставіў удзельнікам і гасцям мерапрыемства дакументы XVI – пачатку ХХ ст., якія адлюстроўваюць развіццё прафесіі судовага выканаўцы на беларускіх землях. У часы Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай судовых выканаўцаў называлі вознымі. Самы ранні дакумент на выставе адносіцца да 1559 г. Гэта пасведчанне на старабеларускай мове аб дастаўцы ключніку троцкага гараднічага Андрэю Няпрэцкаму згадвальнага ліста аб яго высяленні з двара Дзяшоўшчызна маёнтка Дубніцы. У перыяд Расійскай імперыі функцыі судовых выканаўцаў ажыццяўлялі спраўнікі ніжніх земскіх судоў, гараднічыя, судовыя прыставы. На выставе прадэманстраваны тэксты «клятвенных абяцанняў» судовых прыставаў, фармулярныя спісы, заканадаўчыя акты, службовыя пасведчанні, узор пячаткі судовага прыстава пачатку ХХ ст. і шэраг іншых дакументаў.

З матэрыяламі выставы азнаёміліся Міністр юстыцыі Рэспублікі Беларусь Яўген Каваленка, намеснік Міністра юстыцыі Рэспублікі Беларусь Алег Кот, работнікі тэрытарыяльных органаў прымусовага выканання Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь, карэспандэнты тэлеканала «Першы інфармацыйны».

Изображение

Міністр юстыцыі Рэспублікі Беларусь Яўген Каваленка, намеснік Міністра юстыцыі Рэспублікі Беларусь Алег Кот знаёмяцца з матэрыяламі выставы

Изображение

Намеснік дырэктара НГА Беларусі Сяргей Рындзін распавядае работнікам тэрытарыяльных органаў прымусовага выканання Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь аб дакументах выставы

Изображение

Изображение

Дакументы Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі на выставе