Цытадэль на Бярэзіне: да 215-годдзя пачатку будаўніцтва Бабруйскай крэпасці
Бабруйская крэпасць ўзводзілася для абароны заходніх межаў Расійскай імперыі. Будаўніцтва вялося па праекце і пад кіраўніцтвам інжынера Карла Оппермана.
20 чэрвеня 1810 г. імператарам Аляксандрам І быў зацверджаны план Бабруйскай крэпасці, распрацаваны К. Опперманам. Па плане меркавалася, што пад крэпасць адыходзіла ўся тэрыторыя горада на правым беразе Бярэзіны. Для жыхароў адводзілася свабодная зямля вакол крэпасці, там былі запраектаваны фарштаты.
Афіцыйнай датай залажэння Бабруйскай крэпасці лічыцца 4 чэрвеня 1810 г. Максімальна былі выкарыстаны старадаўнія каменныя будынкі, напрыклад былы езуіцкі касцёл.
Праект мураванага будынка цэйхгаўза ў Бабруйскай крэпасці. 1818 год
Работы вяліся інтэнсіўна і да канца 1811 года ўсе фарты, накіраваныя на поўнач, захад і поўдзень, валодалі ўжо вялікай абарончай сілай. Асноўная абаронная лінія крэпасці складалася з 8 бастыёнаў. Бабруйскую крэпасць прылічылі да першага класа абарончых збудаванняў Расійскай імперыі, яна лічылася адной з лепшых, так як была абсталявана па апошнім слове еўрапейскага ваеннага мастацтва перыяду развіцця гладкаствольнай артылерыі. Яе ўзводзілі тысячы салдат і прыгонных сялян Магілёўскай, Мінскай, Чарнігаўскай губерняў. Матэрыялы дастаўляліся з Украіны, Карэліі, Каўказа, Урала.
Да пачатку вайны 1812 года на ўзбраенне крэпасці было пастаўлена больш за 300 гармат, гарнізон яе налічваў каля 4 тысяч чалавек. Крэпасць лічылася важным апорным пунктам рускай арміі на шляху паўднёвага стратэгічнага флангу напалеонаўскіх войскаў. У пачатку вайны 1812 года яна адыграла значную ролю ў забеспячэнні руху 2-ой Заходняй арміі Пятра Іванавіча Баграціёна. За час знаходжання ў Бабруйску 6-8 ліпеня 1812 г. 2-ая армія папоўніла тут запасы харчавання, атрымала падмацаванне (каля 1,5 тыс. чалавек), пакінула ў крэпасці хворых і параненых, што дазволіла ёй шчасна злучыцца з 1-ай арміяй пад камандаваннем Барклая дэ Толі ў Смаленску. На працягу чатырох наступных месяцаў (ліпень-лістапад) Бабруйская крэпасць была блакавана польскім корпусам генерала Дамброўскага. Актыўныя баявыя дзеянні вакол горада, за выключэннем сутычак невялікіх раз'ездаў на далёкіх падыходах да цытадэлі, не вяліся. Тым не менш, ваеннымі гісторыкамі адзначаецца важная роля Бабруйскай фартэцыі ў вайне 1812 года.
Чарцёж Мінскай брамы Бабруйскай крэпасці. 1856 год
Пасля вайны будаўніцтва крэпасці працягвалася. У 1817 годзе Бабруйск наведаў імператар Аляксандр І, які выказаў пажаданне аб уладкаванні прамых вуліц, бульвараў. На другім этапе будаўніцтва (1812–1855 гг.) тэрыторыя крэпасці павялічылася, былі ўзведзены дадатковыя ўмацаванні.
У 1817 годзе для павышэння абараназдольнасці крэпасці было вырашана пабудаваць за р. Бабруйкай асобнае магутнае Нагорнае ўмацаванне. У 1820 годзе вялікі князь Мікалай Паўлавіч прыехаў у Бабруйск. Падчас паездкі яго суправаджаў прускі інжынер генерал Раух, у прысутнасці якога да брамы Нагорнага ўмацавання была ва ўрачыстай абстаноўцы прыбіта дошка з надпісам «Форт Фрыдрых Вільгельм» (у гонар прускага імператара).
У архітэктурным афармленні будынкаў крэпасці былі выкарыстаны элементы стылю класіцызм (архітэктар А. Штаўберт). Асабліва ўражваў ансамбль параднай Саборнай плошчы з домам каменданта, будынкамі штаба, шпіталя, саборам Аляксандра Неўскага.
З Бабруйскам звязаны падзеі дзекабрысцкага руху ў Расіі. У крэпасці была раскватаравана 9-ая пяхотная дывізія, маі 1823 г. быў распрацаваны «Бабруйскі план» узброенага паўстання, які прадугледжваў арышт імператара Аляксандра I падчас агляду войскаў у крэпасці. Вядомыя аўтары праекта: афіцэры C. Мураўёў-Апостал, М. Бястужаў-Румін. Аднак кіраўнікамі Паўднёвага таварыства план быў адхілены «з прычыны яго недастатковай падрыхтаванасці».
У другой палове 19 ст. крэпасць губляе сваё стратэгічнае значэнне і з 1886 года становіцца крэпасцю-складам. З 1897 года крэпасць здымаецца з уліку як стратэгічная адзінка, і ў ёй размяшчаецца дысцыплінарны батальён для ніжніх чыноў арміі і флоту.
Бабруйская крэпасць у другой палове XIX – пачатку ХХ ст.
У 1892 годзе з Каўказскай ваеннай акругі была перадыслакавана 40-я пяхотная дывізія. Два яе палка – Імярэцінскі і Кутаіскі разам са штабам дывізіі былі размешчаны ў Бабруйску. Для Кутаіскага палка паміж горадам і крэпасцю быў пабудаваны казарменны гарадок. Да 1915 года ў крэпасці знаходзіўся перадавы артылерыйскі запас армій Заходняга фронту.
У фондах Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі захаваліся дакументы, звязаныя з гісторыяй фартэцыі на Бярэзіне. На выставе дэманструюцца дакументы за 1810–1887 гг., сярод якіх генеральныя планы крэпасці, звесткі аб яе будаўніцтве, імянныя спісы вайскоўцаў, майстравых і рабочых, дакументы аб арыштантах, якія ўтрымліваліся ў крэпасці, аб Бабруйскім дысцыплінарным батальёне.
Крыніцы:
Лукашевич А.М. Фортификационная подготовка Белорусского театра военных действий: планы и реализация (1810–1812) // Эпоха 1812 года: исследования, источники, историография: сб. материалов к 200-летию Отечеств. войны 1812 г. / Гос. ист. музей; под ред. В. М. Безотосного, А. А. Смирнова. – М., 2009. – Т. 8. – С. 39–95.
Лякин В.А. Оборона Бобруйской крепости в 1812 году // Могилев. поисков. вестн. – 2012. – Вып. 7. – С. 32–46.
НИАБ. – Ф. 1477. – Оп. 1. – Д. 374. Планы зданий и укреплений . 1818–1859.
Піваварчык С.А. Беларусь у фартыфікацыйным ўмацаванні Расійскай Імперыі. – Гродна, 2004.