Аб правядзенні ў архіве першага ўрока для школьнікаў

1 верасня 2022 г. у Рэспубліцы Беларусь традыцыйна адзначаецца Дзень ведаў, а школьнікі і студэнты пачынаюць новы навучальны год. Сёлета першы ўрок у школах Беларусі праходзіць на тэму «Гістарычная памяць – дарога ў будучыню». Гісторыя, пра якую распавядаюць настаўнікі і выкладчыкі ў школах і ўніверсітэтах, зберагаецца, сярод іншага, архівамі. І роля Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі ў захаванні гістарычнай памяці ў нашай краіне з’яўляецца асабліва важнай.

Менавіта таму ў Дзень ведаў у НГА Беларусі быў праведзены першы ўрок для вучняў 10«Б» класа сярэдняй школы № 27 г. Мінска.

Дырэктар архіва Алег Воінаў выступіў з прывітальным словам, у якім павіншаваў школьнікаў з пачаткам новага навучальнага года. Вядучы навуковы супрацоўнік аддзела выкарыстання дакументаў і інфармацыі Уладзімір Дзянісаў распавёў пра архіў і яго функцыі ў сучасным свеце, пра гісторыю фарміравання збораў НГА Беларусі, пра склад яго фондаў на сённяшні дзень, а таксама азнаёміў вучняў з некаторымі даведачнымі выданнямі архіва, з якіх любы чалавек можа даведацца пра каштоўнасць гістарычных матэрыялаў з яго сховішчаў.

Затым сумесна з загадчыкам аддзела захаванасці дакументаў і фондаў Галінай Кутуковай была праведзена экскурсія па фондах архіва. Падчас яе вучні азнаёміліся з сістэмай захоўвання матэрыялаў у архіве і змаглі ўбачыць некаторыя цікавыя дакументы з фондаў НГА Беларусі, напрыклад, самы старажытны дакумент архіва – грамату за 1391 г., – а таксама кнігі старажытных актаў перыяду Рэчы Паспалітай, друкаваны «Альбом Радзівілаў» сярэдзіны XVIII ст., метрычныя кнігі праваслаўнай і каталіцкай канфесій. На заканчэнне архівісты адказалі на шматлікія пытанні вучняў, у якіх наведаванне архіва выклікала самую жывую зацікаўленасць.

Падобнае мерапрыемства з’яўляецца асабліва актуальным падчас абвешчанага ў Рэспубліцы Беларусь Года гістарычнай памяці, аднак і ў далейшым правядзенне падобных першых урокаў 1 верасня, у Дзень ведаў, плануецца ўвесці ў сталую практыку архіва.

Изображение

Изображение

Изображение

Изображение