Кіраўнікі Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі (1938—2023)
Кіраўнікі Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі
(1938–2023)
- Барэнбаўм Эстэр Маркаўна (1938–1941)
- Юрчанка Сяргей Антонавіч (1944–1946)
- Пятроў Канстанцін Пятровіч (1946–1953)
- Мурашка Павел Яўхімавіч (1954–1956)
- Шпакаў Міхаіл Фёдаравіч (1957–1964)
- Рошчын Іван Васільевіч (1964–1968)
- Капіца Юрый Аляксандравіч (1968–1970; 1992)
- Сціхараў Мікалай Іванавіч (1970–1972)
- Лешчанка Мікалай Кузьміч (1972–1978)
- Зябко Сцяпан Фёдаравіч (1979–1982)
- Судзілоўскі Пётр Міхайлавіч (1982–1992)
- Бараноўскі Яўген Іванавіч (1992–1995)
- Галубовіч Ала Купрыянаўна (1995–2012)
- Яцэвіч Дзмітрый Уладзіміравіч (2012–2022)
- Воінаў Алег Леанідавіч (2022–2023)
БАРЭНБАЎМ ЭСТЭР МАРКАЎНА (1902, г. Барысаў – 21.02.1983, г. Куйбышаў, Расія), адміністрацыйны работнік, архівіст. Паходзіла з сям’і барысаўскіх мяшчан, бацька працаваў рабочым на барысаўскай запалкавай фабрыцы «Вікторыя». У 1914 г. ва ўзросце 12 гадоў уладкавалася на працу ў Барысаўскую калодкава-цвіковую фабрыку Цепліца. З 1915 па 1919 г. працавала на барысаўскай запалкавай фабрыцы «Вікторыя», з 1920 па 1921 г. – у барысаўскай дзіцячай сталоўцы, потым загадчыцай кааператыўнай крамы і ў Рабочым клубе г. Барысава, з 1923 па 1929 гг. працавала на Барысаўскай калодкава-цвіковай фабрыцы «Рабочы». Член ВКП(б)Б з 1924 г. У 1929 г. была накіравана Барысаўскім райкамам КП(б)Б на вучобу ў Камуністычны ўніверсітэт Беларусі (комвуз) імя Леніна. Пасля яго заканчэння ў 1932 г. накіравана ў Аршанскі райкам КП(б)Б, дзе да мая 1934 г. працавала прапагандыстам. У 1934 г. пераведзена ў Магілёўскі райкам КП(б)Б, дзе да 1935 г. з’яўлялася загадчыкам парткабінета і адначасова выкладала ў Магілёўскай партыйнай школе. 21 лютага 1936 г. пачала працаваць у Магілёўскім гістарычным архіве, спачатку ў якасці навуковага супрацоўніка. 13 жніўня 1937 г. прызначана на пасаду выконваючага абавязкі адначасова дырэктараў Магілёўскага гістарычнага архіва і Цэнтральнага архіва Кастрычніцкай рэвалюцыі. У верасні 1937 г. была канчаткова зацверджана дырэктарам гістарычнага архіва. Пасля яго рэарганізацыі ў Цэнтральны гістарычны архіў БССР з ліпеня 1938 г. прызначана на пасаду дырэктара. У сакавіку 1941 г. перазацверджана на пасаду дырэктара ЦГА НКУС БССР у г. Магілёве. У 1941 г. эвакуявана ў г. Куйбышаў (цяпер г. Самара, Расія), дзе спачатку працавала сакратаром адміністрацыйна-гаспадарчага аддзела Упраўлення будаўніцтва № 525. З 3 сакавіка 1942 г. па 1958 г. працавала арганізатарам тэхнічнай вучобы ў цэхах, інспектарам, намеснікам начальніка аддзела падрыхтоўкі кадраў Чацвёртага Дзяржаўнага падшыпнікавага завода (ДПЗ-4) у г. Куйбышаве. У 1958 г. выйшла на пенсію. Узнагароджана медалём «За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.».
Крыніцы: Дзяржаўны архіў грамадскіх аб’яднанняў Магілёўскай вобласці. Ф. 9. Воп. 8А. Спр. 259; Самарскі абласны дзяржаўны архіў грамадска-палітычнай гісторыі. Ф. Р4079. Воп. 7. Спр. 329; Ф. 1327. Воп. 5. Спр. 4095; Ф. 1327. Воп. 26. Спр. 23.
ЮРЧАНКА СЯРГЕЙ АНТОНАВІЧ (1921, в. Ярмолавічы Бялыніцкага раёна Магілёўскай вобласці – 05.11.1984, г. Магілёў), настаўнік, адміністрацыйны работнік, архівіст. Удзельнік партызанскага руху ў Беларусі. У 1940 г. скончыў Магілёўскае педагагічнае вучылішча. Да 1941 г. працаваў настаўнікам у пачатковай школе. З 6 жніўня 1943 г. па 5 ліпеня 1944 г. камандзір аддзялення атрада, потым 121-га партызанскага палка імя Асмана Касаева, які дзейнічаў на тэрыторыі Бялыніцкага і Магілёўскага раёнаў Магілёўскай вобласці. 14 ліпеня 1944 г. прыняты на пасаду навуковага супрацоўніка ЦДГА НКУС БССР у Магілёве. 31 жніўня 1944 г. прызначаны на пасаду часова выконваючага абавязкі начальніка архіва, у верасні 1945 г. зацвержаны на гэтай пасадзе начальніка. Актыўна ўдзельнічаў у аднаўленні архіва, у тым ліку правёў рамонтныя работы ў будынку архіва, рыхтаваў памяшканні для захоўвання дакументаў і працы супрацоўнікаў. Арганізаваў пошук і вяртанне дакументальных матэрыялаў, вывезеных нямецкімі акупацыйнымі ўладамі ў Рыгу, іх навукова-тэхнічную апрацоўку, аднаўленне страчанага ў гады вайны навукова-даведачнага апарату да фондаў. У 1945 г. удзельнічаў у складанні актаў аб знішчэнні нямецка-фашысцкімі захопнікамі дакументальных матэрыялаў на тэрыторыі Магілёўскай вобласці. У канцы студзеня 1946 г. звольнены з пасады начальніка ЦДГА НКУС БССР. Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны 2-й ступені (1985).
Крыніцы: НАРБ. Ф. 251. Воп. 1. Спр. 1, 2, 5.
ПЯТРОЎ КАНСТАНЦІН ПЯТРОВІЧ (18.05.1911, г. Магілёў – ?, г. Магілёў), гісторык, архівіст, супрацоўнік органаў НКУС-МУС БССР. У 1931–1934 гг. вучыўся ў Магілёўскім вячэрнім інстытуце на гісторыка-эканамічным аддзяленні, адначасова ў 1929–1933 гг. працаваў у розных установах г. Магілёва і г. Чавусы. Са жніўня 1933 па 1936 г. працаваў выкладчыкам гісторыі і дырэктарам Магілёўскай сярэдняй школы № 17 і адначасова выкладаў у Магілёўскім педагагічным тэхнікуме. У 1934 г. абраны дэпутатам Магілёўскага гарсавета. У пачатку 1936 г. накіраваны ў Чырвоную Армію на выкладчыцкую працу ў вайсковыя часці (быў кіраўніком агульна-адукацыйнай падрыхтоўкі і выкладчыкам гісторыі). Пачынаючы з кастрычніка 1939 г. працаваў у розных навучальных установах г. Магілёва. У тым жа годзе пераведзены на пасаду намесніка загадчыка Магілёўскага гарадскога аддзела народнай адукацыі. Потым працаваў намеснікам дырэктара Магілёўскага дашкольнага педагагічнага вучылішча. У лютым 1941 г. паводле пастановы Магілёўскага абкама КП(б)Б накіраваны на працу ў органы НКУС БССР, дзе працаваў да 24 верасня 1953 г.
15 лютага 1946 г. прызначаны на пасаду начальніка ЦДГА НКУС БССР. Пад яго кіраўніцтвам праведзена значная работа па аднаўленні дзейнасці архіва і стварэнні адпаведных умоў для захоўвання дакументаў, арганізавана іх навукова-тэхнічная апрацоўка, удасканальваўся ўлік і выкарыстанне дакументальных матэрыялаў, пачалося фарміраванне навукова-даведачнага каталога архіва, выкананне тэматычных запытаў, арганізавана публікацыйная дзейнасць. У 1946–1953 гг. узначальваў Вучоны савет архіва. Адначасова ў 1945–1950 гг. працаваў выкладчыкам у Магілёўскім дзяржаўным педагагічным інстытуце і ў Магілёўскім настаўніцкім інстытуце, у 1946–1949 гг. вучыўся ў аспірантуры Інстытута гісторыі АН БССР. 16 кастрычніка (альбо 15 лістапада) 1953 г. звольнены з пасады начальніка архіва ў званні маёра ў сувязі з хваробай. У 1954 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю, у 1958 г. атрымаў званне дацэнта. У 1954–1971 гг. працаваў у Магілёўскім педагагічным інстытуце. Пасля стварэння ў 1966 г. Беларускага дабраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры абраны на пасаду старшыні прэзідыума яго Магілёўскага абласнога савета. Узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны», медалямі «За Перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.», «За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.», «ХХХ гадоў Савецкай Арміі і Флоту», знакам «Выдатнік народнай асветы БССР» (1958).
Крыніцы: НАРБ. Ф. 4. Воп. 113. Спр. 1589; Дзяржаўны архіў грамадскіх аб’яднанняў Магілёўскай вобласці. Ф. 9. Воп. 55. Спр. 350; Архіў аддзела кадраў Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. А. Куляшова. Асабістая справа № 4-5. Пятроў К. П.
МУРАШКА ПАВЕЛ ЯЎХІМАВІЧ (25.09.1920, в. Гарадно Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці – ?, г. Магілёў), вайсковец, супрацоўнік МУС, архівіст. Пасля заканчэння ў 1939 г. Барысаўскага педагагічнага вучылішча працаваў настаўнікам Браніслаўскай сярэдняй школы Жыткавіцкага раёна Палескай вобласці. 16 лістапада 1939 г. прызваны ў Чырвоную Армію і накіраваны ў палкавую школу 347-га стралковага палка, пасля заканчэння – малодшы камандзір палка. У пачатку Вялікай Айчыннай вайны накіраваны ў Яраслаўскае пяхотнае вучылішча, пасля заканчэння якога атрымаў званне малодшага лейтэнанта. З 5 снежня 1941 г. па 9 мая 1945 г. служыў у 1111-м палку 330-й стралковай дывізіі. Двойчы паранены. У 1946 г. звольнены ў запас у званні маёра і адразу паступіў у Рэспубліканскую партыйную школу пры ЦК КП(б)Б, якую скончыў у 1948 г. Служыў у органах МДБ-МУС БССР. 24 лютага 1954 г. прызначаны начальнікам ЦДГА МУС БССР, якім кіраваў да снежня 1956 г. З канца 1956 да лютага 1960 г. працягваў службу ў органах МУС БССР. 8 лютага 1960 г. звольнены ў запас у званні падпалкоўніка Савецкай Арміі. Узнагароджаны ордэнамі Чырвонага Сцяга, Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны 1-й і 2-й ступеняў, медалямі «За абарону Масквы», «За вызваленне Варшавы», «За Перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.».
Крыніцы: Цэнтральны архіў Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь. Ф. 4523. Воп. 120838. Спр. 499.
ШПАКАЎ МІХАІЛ ФЁДАРАВІЧ (25.10.1923, в. Вербіж Чэрыкаўскага раёна Магілёўскай вобласці – 26.10.2007, г. Магілёў), адміністрацыйны работнік, супрацоўнік МУС, архівіст. З ліпеня 1941 г. курсант, удзельнік баёў за абарону Масквы, дзе цяжка паранены, пасля выздараўлення накіраваны ў спецшколу ЦК КПБ. У 1942–1943 гг. камандзір узвода партызанскага атрада № 19 Магілёўскай вобласці, у 1943–1944 гг. камендант аператыўнай групы Беларускага штаба партызанскага руху. У 1944–1953 гг. працаваў ва Упраўленні МУС па Магілёўскай вобласуі на кіруючых і адміністрацыйных пасадах. У 1953 г. скончыў Магілёўскі дзяржаўны педагагічны інстытут, у 1953–1957 гг. старшы цэнзар Другога аддзела Магілёўскага аблліта. З 30 студзеня 1957 г. начальнік ЦДГА МУС БССР. Пад яго кіраўніцтвам выдадзены даведнік па фондах архіва (1959). З 28 сакавіка 1964 г. па 29 кастрычніка 1965 г. загадчык аддзела агульных фондаў ЦДГА БССР у г. Мінску. Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны 1-й ступені, медалямі «Партызану Айчыннай вайны 1-й ступені», «За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.», «За Перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.», «ХХХ гадоў Савецкай Арміі і Флоту».
Крыніцы: НАРБ. Ф. 251. Воп. 2. Спр. 56; Дзяржаўны архіў грамадскіх аб’яднанняў Магілёўскай вобласці. Ф. 42. Воп. 2. Спр. 1921; Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі – Скарбніца дакументальнай спадчыны, 1938–2008. Мінск, 2008. С. 172–173.
РОШЧЫН ІВАН ВАСІЛЬЕВІЧ (11.11.1908, в. Віхляеўка Байчураўскага (Барысаглебскага) раёна Варонежскай вобласці – 20.07.1972, в. Верхні Кардаіл Нова-Мікалаеўскага раёна Валгаградскай вобласці), вайсковец, архівіст. У 1939 г. скончыў рабфак, у 1941 г. – Вышэйшы ваенна-педагагічны інстытут Чырвонай Арміі імя М. Калініна ў Маскве. Удзельнік Вялікай Айчынынай вайны з ліпеня 1941 г. па май 1945 г. Ваяваў спачатку на Паўночна-Заходнім, потым на 2-м Беларускім франтах. Вайну скончыў на рацэ Эльбе (г. Таргаў), удзельнічаў у сустрэчы з амерыканскімі войскамі. Да 1956 г. служыў у Савецкай Арміі, падпалкоўнік. Садзейнічаў перадачы ў Беларусь выратаваных кніжных фондаў. У 1957 г. быў прызначаны начальнікам Дзяржаўнага архіва Мінскай вобласці. У 1964–1968 гг. першы дырэктар ЦДГА БССР у г. Мінску. У 1968–1971 гг. першы дырэктар мемарыяльнага комплексуа «Хатынь» – філіяла Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Падчас работы ў архіве даследаваў архіўныя дакументы па гісторыі медыцыны, адукацыі і літаратуры дарэвалюцыйнай Беларусі, удзельнічаў у выяўленні матэрыялаў і падрыхтоўцы да выдання некалькіх зборнікаў дакументаў. Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны 1-й ступені і Чырвонага Сцяга, двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, медалямі «За баявыя заслугі», «За вызваленне Варшавы», «За ўзяцце Кёнігсберга», «За Перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.», «ХХХ гадоў Савецкай Арміі і Флоту» і інш.
Крыніцы: НАРБ. Ф. 251. Воп. 2. Спр. 61; Цэнтральны архіў Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь. Ф. 4526. Воп. 93599. Спр. 2792; Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі – Скарбніца дакументальнай спадчыны, 1938–2008. Мінск, 2008. С. 162; Архівісты Беларусі: Біябібліяграфічны даведнік. Мінск, 2020. С. 221–222.
КАПІЦА ЮРЫЙ АЛЯКСАНДРАВІЧ (30.06.1936, с. Спасскае Мядзвенскага раёна Курскай вобласці – 23.09.2012, г. Мінск), гісторык, архівіст. У пачатку Вялікай Айчыннай вайны эвакуяванны ў Свярдлоўскую вобласць. Пасля заканчэння сярэдняй школы паступіў у Маскоўскі гісторыка-архіўны інстытут, але на 2-м курсе пакінуў яго і ў 1955–1958 гг. служыў у Савецкай Арміі. Пасля звальнення ў запас аднавіў вучобу ў інстытуце, які скончыў у 1963 г. У 1960 г. пачаў працаваць у Лабараторыі па рэстаўрацыі і мікрафільмаванні дакументальных матэрыялаў АУ пры СМ БССР. У лютым 1961 г. прызначаны намеснікам начальніка (з 1965 г. намеснік дырэктара) ЦДАКФФД БССР. Са снежня 1968 па студзень 1970 г. дырэктар ЦДГА БССР у г. Мінску. У студзені 1970 г. зацверджаны Мінскім абкамам КПБ загадчыкам Мінскага абласнога партархіва, дзе працаваў да снежня 1990 г. У 1990–1992 гг. загадчык сектара па працы з мясцовымі партархівамі, намеснік дырэктара Цэнтральнага партыйнага архіва ЦК КПБ. У красавіку 1992 г. прызначаны дырэктарам ЦДГА БССР, потым дырэктарам Цэнтра гістарычных дакументаў НАРБ, створанага ў выніку рэарганізацыі былога ЦДГА БССР. Са снежня 1992 па ліпень 1999 г. начальнік аддзела забеспячэння захаванасці дакументаў, інфармацыі і архіўных тэхналогій Белкамархіва, з 1999 г. вядучы навуковы супрацоўнік аддзела архівазнаўства БелНДІДАС. У 2004 г. перайшоў на выкладчыцкую працу на гісторыка-архіўнае аддзяленне гістфака БДУ. Узнагароджаны медалямі «За доблесную працу. У азнаменаванне 100-годзя з дня нараджэння У.І. Леніна» (1970), «Ветэран працы», дзвюма ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР, нагрудным знакам «Выдатнік архіўнай справы» (1988).
Крыніцы: Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі – Скарбніца дакументальнай спадчыны, 1938–2008. Мінск, 2008. С. 145; Архівісты Беларусі: Біябібліяграфічны даведнік. Мінск, 2020. С. 142–143.
СЦІХАРАЎ МІКАЛАЙ ІВАНАВІЧ (21.12.1917, в. Воранава Перамышлеўскага раёна Калужскай вобласці – 29.12.1976, г. Мінск), вайсковец, архівіст. У 1933 г. разам з бацькамі пераехаў у г. Днепрапятроўск (сучасны г. Днепр), дзе ў 1938 г. паступіў у Днепрапятроўскі горны інстытут. Паводле рашэння Днепрапятроўскага абкама КП(б)У ў 1939 г. прызваны ў органы НКУС. У 1940 г. скончыў Харкаўскую міжкраёвую школу НКУС і да 1965 г. служыў у органах НКУС-МДБ – МУС СССР. У 1958 г. скончыў юрыдычны факультэт БДУ імя У.І. Леніна. У 1965 г. звольнены ў запас, палкоўнік. У 1965–1970 гг. начальнік Беларускага аддзялення выдавецтва «Транспарт». З 20 лютага 1970 г. па 14 лютага 1972 г. займаў пасаду дырэктара ЦДГА БССР. Узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі і Айчыннай вайны 1-й ступені, медалямі «За баявыя заслугі», «За абарону Каўказа», «За Перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.», «ХХХ гадоў Савецкай Арміі і Флоту» і інш.
Крыніцы: НАРБ. Ф. 251. Воп. 2. Спр. 67; Цэнтральны архіў Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь. Ф. 4461. Воп. 93514. Спр. 3255.
ЛЕШЧАНКА МІКАЛАЙ КУЗЬМІЧ (27.09.1923, в. Маканавічы Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці – 29.12.1980, г. Мінск), адміністрацыйны работнік, архівіст. У 1939 г. скончыў Хойніцкую сярэднюю школу, потым Нова-Беліцкія педагагічныя курсы і ў 1940–1941 гг. працаваў дырэктарам вясковай 7-гадовай школы. 11 ліпеня 1941 г. мабілізаваны ў Чырвоную Армію, удзельнічаў у бітве пад Масквой. У лютым 1942 г. цяжка паранены, доўгі час знаходзіўся на лячэнні ў Новасібірскім вайсковым шпіталі. У 1944 г. прызначаны сакратаром Петрыкаўскага райкама ЛКСМБ. У 1946–1948 гг. вучыўся ў Рэспубліканскай партшколе пры ЦК КП(б)Б, пасля яе заканчэння працаваў на партыйных і адміністрацыйных пасадах. У 1966 г. скончыў Мінскі педагагічны інстытут імя М. Горкага. У 1972 г. прызначаны дырэктарам ЦДГА БССР, дзе працаваў да 1978 г. У архіве праводзіў значную арганізацыйную работу па забеспячэнні захаванасці дакументаў архіва і іх выкарыстанні, быў адным з ініцыятараў выдання даведніка па фондах «Центральный государственный исторический архив в г. Минске» (1974) і некаторых зборнікаў дакументаў. Узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны», медалямі «За адвагу» і «За Перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.».
Крыніцы: НАРБ. Ф. 251. Воп. 2. Спр. 46; Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі – Скарбніца дакументальнай спадчыны, 1938–2008. Мінск, 2008. С. 151; Архівісты Беларусі: Біябібліяграфічны даведнік. Мінск, 2020. С. 176–177.
ЗЯБКО СЦЯПАН ФЁДАРАВІЧ (10.03.1931, в. Вяршына-Бяржа Усць-Абаканскага раёна Хакаскай аўтаномнай вобласці Краснаярскага края – 02.04.2010, г. Мінск), вайсковец, адміністрацыйны работнік, архівіст. У 1939 г. паступіў у Вяршына-Бяржанскую няпоўную сярэдную школу, якую скончыў у 1947 г. У 1947–1951 гг. вучыўся ў Чарнагорскім горным тэхнікуме, дзе атрымаў спецыяльнасць горнага тэхніка і электрамеханіка. У жніўні 1951 г. паступіў у Кемераўскае ваеннае вучылішча сувязі, якое скончыў у 1954 г. Да 1977 г. служыў у Савецкай Арміі на розных камандных і палітычных пасадах, звольнены ў званні маёра. У 1971 г. завочна скончыў Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя М. Горкага па спецыяльнасці гісторыя і грамадазнаўства. У 1977–1979 гг. працаваў на Беларускім тэлебачанні рэдактарам-арганізатарам. 12 лістапада 1979 г. прызначаны на пасаду дырэктара ЦДГА БССР, на якой працаваў да 1982 г. Узнагароджаны 9 медалямі за бездакорную службу ў шэрагах Савецкай Арміі.
Крыніцы: НАРБ. Ф. 251. Воп. 2. Спр. 100а.
СУДЗІЛОЎСКІ ПЁТР МІХАЙЛАВІЧ (13.02.1928, в. Судзілы Клімавіцкага раёна Магілёўскай вобласці – 14.02.2000, г. Мінск), інжынер, арганізатар вытворчасці, адміністрацыйны работнік. У 1941 г. скончыў 7 класаў Малашкавіцкай няпоўнай сярэдняй школы. Удзельнік партызанскага руху ў Беларусі. У 1943 г. добраахвотнікам пайшоў на фронт і да чэрвеня 1944 г. служыў радавым, памочнікам камандзіра ўзвода 24-га ваенна-будаўнічага атрада 22-га Упраўлення абароннага будаўніцтва 2-га Беларускага фронту. З чэрвеня 1944 г. служыў у Клімавіцкім ваенкамаце загадчыкам справаводства. У 1945–1948 гг. вучыўся ў Мінскім палітэхнікуме, у 1949–1954 гг. на маркшэйдэрскім факультэце Ленінградскага горнага інстытута. Пасля працаваў у г. Кіраўску Мурманскай вобласці на камбінаце «Апатыт», з 1962 г. – у Салігорску, дзе прайшоў працоўны шлях ад горнага інжынера да генеральнага дырэктара аб’яднання «Беларуськалій». З лістапада 1982 па сакавік 1992 г. займаў пасаду дырэктара ЦДГА БССР у Мінску. Узнагароджаны званнем Герой сацыялістычнай працы і медалём «Залатая Зорка», ордэнам Леніна, а таксама ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, «Знак Пашаны», «Дружбы народаў», Айчыннай вайны 2-й ступені, а таксама медалямі «Партызану Айчыннай вайны 2-й ступені», «За Перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.», «Ветэран працы» і інш. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР.
Крыніцы: НАРБ. Ф. 4. Воп. 153. Спр. 175; Дзяржаўны архіў Мінскай вобласці. Ф. 1262. Воп. 6. Спр. 1; Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі – Скарбніца дакументальнай спадчыны, 1938–2008. Мінск, 2008. С. 169; Архівісты Беларусі: Біябібліяграфічны даведнік. Мінск, 2020. С. 248.
БАРАНОЎСКІ ЯЎГЕН ІВАНАВІЧ (03.09.1938, г. Бабруйск Магілёўскай вобласці), гісторык, архівіст. У 1954 г. скончыў Слуцкае педагагічнае вучылішча, з верасня 1956 па лістапад 1958 г. працаваў настаўнікам пачатковых класаў у вёсках Старая Мілееўка і Грыбаны Магілёўскага раёна. З лістапада 1958 па жнівень 1961 г. служыў у Савецкай Арміі – паветраны стралок-радыст дальняй авіяцыі. У 1966 г. скончыў гістфак БДУ імя У.І. Леніна. У 1966–1980 гг. малодшы навуковы супрацоўнік, вучоны сакратар, старшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі партыі пры ЦК КПБ. У 1973 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю. У 1980–1990 гг. інструктар аддзела навукі і навучальных устаноў ідэалагічнага аддзела ЦК КПБ. З 1990 г. дырэктар Цэнтральнага партыйнага архіва ЦК КПБ. У красавіку 1992 г. прызначаны дырэктарам Цэнтра дакументаў грамадскіх аб’яднанняў і арганізацый НАРБ. З лістапада 1992 па красавік 1995 г. генеральны дырэктар НАРБ, створанага ў выніку аб’яднання былога Цэнтральнага партыйнага архіва ЦК КПБ і ЦДГА БССР. Пасля 1995 г. вядучы навуковы супрацоўнік, вучоны сакратар НАРБ. З 1997 г. член Камісіі па справах былых партызан і падпольшчыкаў Вялікай Айчыннай вайны 1941–1945 гг. пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь. У 1999 г. абраны старшынёй праўлення Беларускага таварыства архівістаў. Вывучаў праблемы археаграфіі, гісторыі і арганізацыі архіўнай справы, нацыянальнай палітыкі, гісторыі Беларусі XX ст. Пад яго кіраўніцтвам выдадзена кніга «Мінскае антыфашысцскае падполле» (1995).
Крыніцы: Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі – Скарбніца дакументальнай спадчыны, 1938–2008. Мінск, 2008. С. 126–128; Архівісты Беларусі: Біябібліяграфічны даведнік. Мінск, 2020. С. 67–69.
ГАЛУБОВІЧ АЛА КУПРЫЯНАЎНА (06.04.1945, г. Тбілісі, Грузія), гісторык, архівіст. У 1962 г. скончыла сярэднюю школу № 11 г. Віцебска, у 1970 г. гістфак БДУ імя У.І. Леніна. З ліпеня 1970 г. працавала навуковым супрацоўнікам у Віцебскім краязнаўчым музеі, са жніўня 1975 па 1982 г. – старшым захавальнікам фондаў, навуковым супрацоўнікам, старшым навуковым супрацоўнікам аддзела забеспячэння захаванасці дакументаў і фондаў і аддзела навукова-даведачнага апарату ЦДГА БССР у г. Мінску. З красавіка 1982 па снежань 1984 г. інспектар навукова-выдавецкага аддзела Галоўнага архіўнага ўпраўлення пры Савеце Міністраў БССР. Са студзеня 1985 па снежань 1992 г. загадчык чытальнай залы, загадчык аддзела інфармацыі, публікацыі і навуковага выкарыстання дакументаў ЦДГА БССР. Са студзеня 1993 па 1995 г. – намеснік генеральнага дырэктара НАРБ (комплекс дакументаў XIV – пачатку XX ст. былога ЦДГА БССР). Са жніўня 1995 па 2012 г. дырэктар НГАБ. З’яўлялася членам Геральдычнага савета пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, Археаграфічнай камісіі Белкамархіва, Тапанімічнай камісіі пры Мінгарвыканкаме, узначальвала Вучоны савет Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі. Брала ўдзел у падрыхтоўцы і выданні навуковых даведнікаў, зборнікаў і манаграфій, апублікаваных архівам, у падрыхтоўцы матэрыялаў для гісторыка-дакументальных хронік гарадоў і раёнаў Беларусі (серыя «Памяць»), даследавала гісторыю архіва князёў Радзівілаў, праблемы захавання і выкарыстання дакументальнай спадчыны Беларусі. З’яўляецца аўтарам шматлікіх артыкулаў і радыёперадач па гісторыі Беларусі. Узнагароджана ганаровымі граматамі і падзякамі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Галоўнага архіўнага ўпраўлення пры Савеце Міністраў СССР, БССР, міністра юстыцыі Рэспублікі Беларусь, медалём «Ветэран працы», нагрудным знакам «Ганаровы архівіст Беларусі» (2004).
Крыніцы: Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі – Скарбніца дакументальнай спадчыны, 1938–2008. Мінск, 2008. С. 135–137; Архівісты Беларусі: Біябібліяграфічны даведнік. Мінск, 2020. С. 91–92.
ЯЦЭВІЧ ДЗМІТРЫЙ УЛАДЗІМІРАВІЧ (09.10.1978, г. Барысаў Мінскай вобласці), юрыст, архівіст. У 1997 г. скончыў прыборабудаўнічае аддзяленне Барысаўскага палітэхнікума, у 2002 г. юрыдычны факультэт Беларускага інстытута правазнаўства, у 2006 г. – Інстытут дзяржаўнай службы Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь па спецыяльнасці міжнародныя адносіны. У 2002–2009 гг. працаваў у прававым упраўленні Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, з 2009 па кастрычнік 2012 г. – у Апараце Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, дзе курыраваў дзейнасць Дэпартамента па архівах і справаводству. З кастрычніка 2012 да красавіка 2022 г. – дырэктар НГАБ. Арганізаваў працу па выяўленні і камплектаванні фондаў НГАБ дакументамі і копіямі дакументаў па гісторыі Беларусі з прыватных калекцый, архіваў ЗАГС, архіваў рэлігійных устаноў Рэспублікі Беларусь, а таксама са збораў архіваў замежных краін. Працаваў над пашырэннем міжнародных сувязей з архіўнымі ўстановамі і ўстановамі навукі і культуры. З’яўляўся членам Геральдычнага савета пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, Камісіі пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь па выяўленні, вяртанні, сумесным выкарыстанні і ўвядзенні ва ўжытак культурных каштоўнасцей, якія знаходзяцца за мяжой Беларусі, Археаграфічнай камісіі Дэпартамента па архівах і справаводству, узначальваў Вучоны савет НГАБ. Узнагароджаны ганаровымі граматамі Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь, Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, Дэпартамента па архівах і справаводству, Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі і інш.
Крыніцы: Архівісты Беларусі: Біябібліяграфічны даведнік. Мінск, 2020.
С. 284–285.
ВОІНАЎ АЛЕГ ЛЕАНІДАВІЧ (26.03.1967, г. Днепрапятроўск, Украіна), выкладчык гісторыі, вайсковец, архівіст. Скончыў Навасібірскае вышэйшае вайскова-палітычнае агульнавайсковае вучылішча імя 60-годдзя Вялікага Кастрычніка (1988 г.), камандна-штабны факультэт (1999 г.) і факультэт Генеральнага штаба Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь. У ліпені 1988 г. накіраваны ў Чырвонасцяжную беларускую ваенную акругу (з 1991 г. Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь), дзе да 2013 г. служыў у інжынерных войсках на розных камандных пасадах, у т. л. начальніка інжынерных войскаў Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, начальніка Упраўлення інжынерных войскаў Генеральнага штаба Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. З мая 2013 г. па лістапад 2015 г. стац-сакратар – памочнік Міністра абароны Рэспублікі Беларусь па пытаннях ваеннай палітыкі. З лістапада 2015 г. па красавік 2022 г. начальнік Дэпартамента вайсковага супрацоўніцтва Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь – памочнік Міністра абароны па пытаннях міжнароднага вайсковага супрацоўніцтва. У красавіку 2022 г. звольнены ў запас, генерал-маёр. У маі 2022 г. прызначаны на пасаду дырэктара Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі, якім кіраваў да 17 студзеня 2023 г. Са студзеня 2023 г. дырэктар Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь. У час кіравання архівам зрабіў значны унёсак у паляпшэнне матэрыяльнага становішча архіва, забеспячэнне ўмоў захавання і выкарыстання дакументаў, здаровых і бяспечных умоў працы, а таксама ў развіццё прэзентацыйнай, выставачнай і публікацыйнай дзейнасці, папулярызацыі дакументаў НГАБ, павышэнне прававой і прафесійнай культуры работнікаў архіва. Праводзіў работу з маладымі спецыялістамі па развіцці цікавасці да навукова-даведачнай работы, арганізоўваў работу па ўвекавечанні памяці архівістаў-франтавікоў – удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. У якасці члена рэдкалегіі браў удзел у падрыхтоўцы да публікацыі зборнікаў дакументаў і даведнікаў НГАБ. Працаваў над пашырэннем міжнарождных сувязей з архіўнымі ўстановамі і ўстановамі навукі і культуры, узначальваў Вучоны савет НГАБ. Узнагароджаны ордэнам «За службу Радзіме» ІІІ ступені (2013), медалямі «За бездакорную службу» І, ІІ і ІІІ ступеняў (2002, 2011, 2018), Ганаровай граматай Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь (2018). У 2021 г. прысвоена ганаровае званне «Заслужаны спецыяліст Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь».