Віцебская вучоная архіўная камісія: да 115-годдзя з дня заснавання

Гістарычнае таварыства Віцебская вучоная архіўная камісія было створана 31 мая (13 чэрвеня) 1909 года паводле пастановы віцебскага губернатара ад 13 мая 1909 года на падставе палажэння Камітэта Міністраў «Аб стварэнні вучоных архіўных камісій і гістарычных архіваў». Галоўным кірункам дзейнасці Камісіі з’яўляўся разбор і апісанне архіўных спраў, якія прызначаліся губернскімі і мясцовымі ўстановамі да знішчэння, складанне вопісаў і паказальнікаў. Камісія мела права адбіраць дакументы, якія прадстаўлялі цікавасць для гістарычнай навукі, і забяспечваць іх захаванне. Першым ініцыятарам стварэння Камісіі з’яўляўся выкладчык духоўнай семінарыі М.М. Багародскі. Яго ідэю актыўна падтрымалі В.С. Арсеньеў, Е.Р. Раманаў і А.П. Сапуноў. Камісія мела на мэце ахову помнікаў гісторыі культуры, вывучэнне і папулярызацыю гісторыі роднага краю, збіранне прадметаў старажытнасці, правядзенне археалагічных даследаванняў, збор і вывучэнне старажытных рукапісаў і дакументаў, арганізацыю публічных лекцый, дакладаў і экскурсій па гістарычных мясцінах, выданне навуковых і папулярных прац па гісторыі, геаграфіі, археалогіі і этнаграфіі Віцебшчыны.

Изображение

Склад Камісіі вызначаўся віцебскім губернатарам па ўзгадненні з дырэктарам Санкт-Пецярбургскага археалагічнага інстытута. Члены Камісіі былі падзелены на заснавальнікаў (учредителей), ганаровых, правадзейных членаў і членаў-супрацоўнікаў, якія выбіраліся на агульным сходзе тайным галасаваннем. Віцебская вучоная архіўная камісія існавала на ўрадавыя датацыі (першапачаткова 200 рублёў у год), членскія ўзносы, добраахвотныя ахвяраванні прыватных асоб і разнастайных устаноў, а таксама са збораў ад лекцый і іншых культурна-асветных мерапрыемстваў. У 1910 годзе Камісія налічвала 28 членаў-заснавальнікаў і 99 ганаровых членаў, сярод якіх былі М.В. Доўнар-Запольскі, Дз.І. Ілавайскі, Дз.Н. Кайгародаў, Я.Ф. Карскі, В.В. Ключэўскі, А.С. Лапо-Данілеўскі, П.П. Сямёнаў-Тяньшанскі, А.А. Шахматаў, Б.І. Эпімах-Шыпіла і інш. У гэты час у склад Камісіі ўваходзіл 325 правадзейных членаў, сярод якіх былі мясцовыя гісторыкі і краяўнаўцы: М.В. Анцаў, К.А. Змігродскі, У.А. Кадыгробаў, Дз.С. Леанардаў, М.Я. Нікіфароўскі, У.К. Стукаліч, К.І. Ціхаміраў. Камісія мела праўленне і раду, налічвала 15 членаў-супрацоўнікаў. Першым старшынёй Камісіі быў абраны В.С. Арсеньеў, з 1910 па 1912 гады яе ўзначальваў У.А. Кадыгробаў, з 1912 па 1918 год — К.І. Ціхаміраў, А.П. Сапуноў (1919). На працягу сваёй дзейнасці Камісіяй былі створаны гістарычны архіў, музей і бібліятэка.

Изображение
Изображение

З самага пачатку сваёй дзейнасці Камісія планавала выданне навуковых і папулярных прац па гісторыі, геаграфіі, археалогіі і этнаграфіі роднага краю. З гэтай мэтай быў створаны рэдакцыйны камітэт па рэцэнзаванні і выданні прац членаў Камісіі. Першы выпуск «Прац Віцебскай вучонай архіўнай камісіі» быў надрукаваны ў 1910 годзе. Пачынаючы з 1911 года, матэрыялы Камісіі пачалі выходзіць пад назвай «Полацка-Віцебская даўніна».

У кастрычніку 1910 года ў сувязі з падрыхтоўкай да 100-гадовага юбілею вайны 1812 года быў створаны спецыяльны камітэт, які распачаў працу па ўшанаванні памяці ўдзельнікаў вайны, адшуканні брацкіх магіл, устанаўленні помнікаў на месцы гістарычных падзей на тэрыторыі Віцебскай губерні. На сабраныя Камісіяй сродкі быў пабудаваны помнік у гонар падзей 1812 года ў Віцебску.

Изображение
«Чарцёж » горада Віцебска 1664 года, выяўлены і  апублікаваны А.П. Сапуновым у 1910 годзе.
 

Па ініцыятыве Камісіі ў 1911 годзе было адкрыта Віцебскае аддзяленне Маскоўскага археалагічнага інстытута. У 1912 годзе архіўная камісія пачала збор падрабязных звестак аб помніках старажытнасці на тэрыторыі Віцебскай губерні, распрацавала падрабязную праграму пошукаў, якая была накіравана мясцовым органам улады. У выніку гэтай працы выяўлены шматлікія невядомыя помнікі гісторыі і культуры, інфармацыю пра якія дасылалі ў Камісію павятовыя земскія спраўнікі, станавыя прыставы, благачынныя акруг, настаўнікі, а таксама валасныя праўленні.

Изображение

Віцебская вучоная архіўная камісія мела сталыя кантакты з навуковымі ўстановамі не толькі на тэрыторыі Расійскай імперыі, але і ў шматлікіх замежных краінах.

Віцебская вучоная архіўная камісія была ліквідавана ў 1919 годзе. Яе гістарычны архіў, музей і бібліятэка былі перададзены Віцебскаму аддзяленню Маскоўскага археалагічнага інстытута.

Изображение
Эскіз пячаткі Віцебскай вучонай архіўнай камісіі, распрацаваныя ў 1909 г.
 

У Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі захоўваюцца шматлікія дакументы і матэрыялы, звязаныя з гісторыяй дзейнасці Віцебскай вучонай архіўнай камісіі, у тым ліку яе фонд (Ф. 2771), які налічвае 165 архіўных спраў. Гэта журналы пасяджэнняў рады Камісіі, спісы яе членаў, справы аб адкрыцці ў горадзе Віцебску аддзялення Маскоўскага археалагічнага інстытута, аб стварэнні камісіі для распрацоўкі праграмы правядзення 100-гадовага юбілею Айчыннай вайны 1812 года, звесткі аб помніках мясцовай даўніны, аб выкананні археалагічных даследаванняў, пошуку брацкіх магіл удзельнікаў вайны 1812 года, спісы членаў Камісіі і іншыя дакументы.

Крыніцы:

Арсеньев, В.С. Личный состав Витебской ученой архивной комиссии к 31 мая 1910 года. Витебск, 1910;

Змиградский, К.А. Каталог монет и медалей музея Витебской ученой архивной комиссии. Витебск, 1911;

Камінскі, З.М. Віцебская вучоная архіўная камісія. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 2. Мн., 1994. С. 322–323;

Мельникова, М. Каталог архива Витебской ученой архивной комиссии. Витебск, 1912;

Полоцко-Витебская старина. Кн. 1–3. Витебск, 1911–1916;

Труды Витебской ученой архивной камиссии. Кн. 1. Витебск, 1910;

Шумейка, М. Ф. Захаваўшы для нашчадкаў// Беларуская мінуўшчына. – 1995. – № 6. – С. 44–45.

Шумейко, М. Ф. Деятельность Витебской ученой архивной комиссии (1909–1919) // Архіварыус : зборнік навуковых паведамленняў і артыкулаў / Дэпартамент па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі. – Мінск, 2009. – Вып. 7. – С. 3–11.

Аўтары-складальнікі: 
У.М. Дзянісаў
Год выставы: 
2024