Аб удзеле ў працы круглага стала «Міжканфесійны і міжнацыянальны мір як аснова стабільнасці ў грамадстве»

22 лютага 2023 г. у Мінскім дзяржаўным каледжы інфармацыйных тэхналогій адбыўся круглы стол «Міжканфесійны і міжнацыянальны мір як аснова стабільнасці ў грамадстве». У яго працы ўзяла ўдзел намеснік дырэктара Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі Ірына Іванаўна Каўганава. Мерапрыемства было ініцыявана Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцей Рэспублікі Беларусь і грамадскім аб’яднаннем «Беларускі фонд міру».

У працы круглага стала ўзялі ўдзел Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Аляксандр Румак, старшыня праўлення Беларускага фонду міру Максім Місько, прадстаўнікі рэлігійных канфесій Беларусі і нацыянальных грамадскіх аб’яднанняў, гарадскіх улад і Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Для правядзення мерапрыемства Мінскі дзяржаўны каледж інфармацыйных тэхналогій быў абраны невыпадкова. Навучальная ўстанова ўдзельнічае ў праекце «Сетка школ міру ў Рэспубліцы Беларусь» і адной з першых у краіне атрымала ганаровае званне «Школа міру». Унікальнасць каледжа заключаецца ў тым, што ў ім вядзецца навучанне інтэлектуальным прафесіям дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі. З 2022 г. НГА Беларусі шчыльна супрацоўнічае з каледжам і яго адміністрацыяй у асобе дырэктара каледжа Георгія Уладзіміравіча Козела.

І.І. Каўганава ў сваім выступленні адзначыла, што ў архіве вядзецца работа па выяўленні дакументаў пра мірнае суіснаванне і ўзаемадзеянне на беларускіх землях розных канфесійных і этнічных груп у розныя гістарычныя эпохі. Гэта – дакументы беларускіх гарадоў з магдэбургскім правам, магістраты якіх будаваліся на прынцыпах канфесійнага дуалізму, акты фундацый (ахвяраванняў грошаў, рухомай і нерухомай маёмасці на будаўніцтва аб’ектаў рэлігійнага культу), у якіх асоба, што належала да адной канфесіі, рабіла ахвяраванні на ўзвядзенне аб’екта іншай і г.д.

Удзельнікі круглага стала адзначылі важнасць падобных сустрэч у Год міру і стварэння, бо прадстаўнікі канфесій і нацыянальных дыяспар не могуць заставацца ў баку ад таго, чым жыве грамадства, і павінны рабіць усё неабходнае для захавання мірнага ладу жыцця, у якім жадае жыць кожны чалавек.

НГА Беларусі, у сваю чаргу, будзе гаварыць мовай дакументаў пра шматвяковы досвед талерантнасці і мірнага суіснавання розных этнічных і рэлігійных груп у нашай краіне, што ў Год міру і стварэння набывае асаблівую важнасць і асаблівае гучанне.

Изображение

Изображение

Изображение

Изображение

Изображение